Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі дэмакраты ўсчынаюць бойку, Лукашэнка перамагае


На канфэрэнцыі беларусаў сьвету. Вільня, красавік 2023
На канфэрэнцыі беларусаў сьвету. Вільня, красавік 2023

Цяжка чуць лаянку і несправядлівую крытыку ад тых, хто нібыта знаходзіцца з табой з аднаго боку палітычных барыкад. Толькі Лукашэнку і тым, хто абараняе ягоны рэжым, патрэбна, каб мы трацілі больш сілаў на барацьбу паміж сабой, чым на барацьбу зь ім.

Пакуль не ўсьвядомім гэта, наўрад ці зможам разьлічваць на хуткую перамогу.

З расчараваньнем і скрухай чытаю, як Андрэй Саньнікаў лае і абзывае аб’яднаны кабінэт Ціханоўскай «самозванцами», якія «всех нас/вас держат за лохов и недоумков» і «вешают на уши чушь» (цытаты альбо амаль цытаты). І гэта з нагоды ўсяго толькі бяскрыўднага праекту кабінэта Ціханоўскай, мэта якога — выдача дакумэнтаў для беларускіх уцекачоў, у каго канчаецца тэрмін беларускага пашпарта і хто ня можа атрымаць новы пашпарт, не рызыкуючы быць арыштаваным рэжымам. Праект вельмі патрэбны і ў прынцыпе рэалістычны (былі ж пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі так званыя «нансэнаўскія пашпарты» для ўцекачоў з Расейскай Імпэрыі). Дый нават калі ня верыць у яго пасьпяховасьць, хіба яно варта такой нянавісьці?

Адначасова з гэтым Зянон Пазьняк ды іншыя палітыкі з правакансэрватыўнага лягеру працягваюць закідаць Ціханоўскай вырваную з кантэксту старадаўнюю няўдалую фразу 2020 году альбо распаўсюджваць непраўдападобныя кансьпіралягічныя тэорыі пра тое, што яе нібыта падтрымлівае пуцінская Расея. Усё гэта — нягледзячы на незьлічоныя заявы Ціханоўскай і чальцоў яе кабінэту пра расейскія ваенныя злачынствы і расейскую падтрымку Лукашэнкі ды на тое, што пра Ціханоўскую гаворыць расейская прапаганда.

Складана навучыцца дэмакратыі, плюралізму і парлямэнтарызму, у дэмакратыі не жывучы. Складана інтуітыўна не імкнуцца да аўтарытарызму на чале зь якімсьці ідэалізаваным апосталам-правадыром (ці з «сабой любімым»), калі найбольш яскравы палітычны прыклад перад тваімі вачыма — гэта рэжым Лукашэнкі.

Ёсьць і навуковае тлумачэньне: ва ўмовах дыктатуры ў апазыцыю йдуць найбольш адважныя і ўпартыя нон-канфармісты. Інтэлігентныя дэмакраты, якія шукаюць кампраміс, часта схільны шукаць кампраміс і з рэжымам у сваім жыцьці.

Усё гэта аўтаматычна праграмуе апазыцыю ў аўтарытарных краінах — і беларускую апазыцыю таксама — на ўнутраныя канфлікты. Бескампрамісныя барацьбіты, якім адзіным хапае сілы духу ісьці супраць рэжыму, плюс агульная недэмакратычная палітычная культура, плюс, як можна сабе ўявіць, і адпаведнае спрыяньне правакатараў ад рэжымных спэцслужбаў. Без апошніх тут ня можа абысьціся, бо адзіны, хто атрымлівае выгаду ад таго, што апазыцыянэры абзываюць адзін аднаго «праклятымі здраднікамі», «маскалямі» і «подлымі дзецьмі Сатаны», — гэта, безумоўна, аўтарытарны рэжым.

Кабінэт Ціханоўскай можна і трэба крытыкаваць. І я сам маю за што яго крытыкаваць: за расейскую мову ў праекце Канстытуцыі, за недастатковую празрыстасьць і адкрытасьць, за той жа аўтарытарызм і няздольнасьць/нежаданьне эфэктыўна згуртаваць і мабілізаваць дэмакратычныя сілы (чаму не зрабіць Каардынацыйную раду рэальна прадстаўнічым палітычным органам?), за няздольнасьць наладзіць супрацоўніцтва з Пазьняком ці з Радай БНР, за недастатковыя вынікі працы.

Але Беларусі — усім нам — патрэбны Ціханоўская, Латушка і іхная каманда. Патрэбен Пазьняк. Патрэбен Саньнікаў. І Цапкала таксама патрэбен. І толькі Лукашэнку трэба, каб яны трацілі больш сілаў на барацьбу паміж сабой, чым на барацьбу зь ім.

Мы ўсе павінны вучыцца таму, што разыходжаньні паміж праціўнікамі Лукашэнкі павінны ўспрымацца як міжфракцыйная барацьба. Як дыскусія (нават жорсткая), якая ніколі не павінна азначаць раскол і абвяшчэньне міжусобнай вайны. Галава заўсёды павінна быць халоднай. Крытыкаваць трэба справы, а не асобаў. Дзьверы для паразуменьня заўсёды павінны заставацца адчыненымі і магчымасьці для супрацы і сынэргіі трэба шукаць бесьперапынна.

Бо самы апошні расейскамоўны прыхільнік Бабарыкі, самы апошні леварадыкальны дацэнт, якому ў фразе «Беларусь перадусім!» і ва ўшанаваньні Міхала Вітушкі бачыцца праслаўленьне фашызму і Галакосту, ці, наадварот, самы зацяты радыкал-нацыяналіст з гамафобным душком і прапановамі вярнуць Вільню — усе павінны сёньня разглядаць адно аднаго як тактычных хаўрусьнікаў. З усімі хібамі, недасканаласьцямі і супярэчнасьцямі, якія трэба вучыцца трываць, не губляючы фокус на больш важных мэтах. Варагаваць паміж сабой можна будзе ў парлямэнце ў будучай Беларусі і на дэбатах на будучым дэмакратычным БТ. Сёньня, далібог, ёсьць нашмат важнейшая супольная задача.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG