Адпаведны статус атрымала зьмесьціва тэлеграм-каналу БАЖ, старонак у сацыяльных сетках, а таксама лягатып арганізацыі.
БАЖ, камэнтуючы гэтае рашэньне ў сваім тэлеграм-канале, адзначыў, што «экстрэмісцкім» лягатыпам пазначаныя шматлікія дакумэнты, якія захоўваюцца ў дзясятках дзяржаўных установаў, ведамстваў, архіваў. Яго выява месьціцца на нататніках, на часопісе «Абажур», які афіцыйна выдаваўся раней. Арганізацыя просіць «уважліва праверыць і вынесьці са сваіх дамоў і офісаў у Беларусі любыя рэчы» з гэтым лягатыпам.
27 жніўня 2021 году Вярхоўны суд ліквідаваў БАЖ на падставе пазову Міністэрства юстыцыі, арганізацыя працягнула дзейнасьць за мяжой.
Сёлета 28 лютага КДБ прызнаў Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкім фармаваньнем», палічыўшы, што «экстрэмісцкую дзейнасьць» ажыцьцяўляюць, у прыватнасьці, старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, ягоныя намесьнікі Барыс Гарэцкі, Алег Агееў, Аляксандар Старыкевіч, сябра праўленьня Аліна Суравец, кіраўнік інфармацыйнай службы Вольга Хвоін, а таксама сябры арганізацыі Зоя Лукашук і Сяргей Комлач.
Згодна з абноўленым пералікам, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» таксама прызнаны кантэнт праваабарончых рэсурсаў — старонак «Гомельская Вясна» і «Палеская вясна» ў Фэйсбуку, ютуб-каналу bierasciejskajaviasna.