«Мы па-ранейшаму салідарныя з мужнымі беларусамі, якія ўпарта змагаюцца за свабоду. Міжнародная супольнасць будзе і ў далейшым патрабаваць вызваленьня ўсіх зьняволеных з палітычных матываў», — гаворыцца ў звароце.
Падкрэсьліваецца, што «ў цені ўварваньня Расеі ва Ўкраіну беларускія ўлады падвоілі рэпрэсіі супраць іншадумцаў».
«Судовы перасьлед журналістаў, грамадзянскіх актывістаў і ўсіх, хто асьмельваецца адстойваць свае фундамэнтальныя правы, стаў адной з самых сумна вядомых гармат у вялізным арсэнале, які рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае для ўмацаваньня свайго аўтакратычнага праўленьня», — адзначаюць аўтары.
Яны канстатуюць, што «глыбока скампраметаваная судовая сыстэма працягвае праводзіць паказальныя судовыя працэсы за зачыненымі дзьвярыма і выносіць суровыя прысуды, каб канчаткова задушыць апазыцыю». Рэжым перасьледуе грамадзян «па сфабрыкаваных абвінавачаньнях».
Працэс «дэмантажу грамадзянскай супольнасьці» пагаршаецца «жорсткім абмежаваньнем доступу да інфармацыі», што выяўляецца ў «бязьлітасным паляваньні на журналістаў». Беларусь стала для іх самай небясьпечнай краінай Эўропы: за кратамі знаходзяцца 33 супрацоўнікі СМІ. Беларуская асацыяцыя журналістаў названа «экстрэмісцкім фармаваньнем», яна вымушана працягваць працу ў выгнаньні пасьля таго, як Вярхоўны суд пастанавіў яе зьліквідаваць.
Судовыя рашэньні «таксама выкарыстоўваліся для забароны і блякаваньня сотняў навіновых сайтаў, якія выкрываюць дзяржаўную прапаганду». Пераважная большасьць незалежных СМІ «была вымушана або пакінуць краіну, або спыніць сваю дзейнасьць». Астатніх «падвяргаюць ператрусам і бесьперапынным запалохваньням, уключаючы крымінальны перасьлед».
Дзеячы культуры, у тым ліку пісьменьнікі, паэты, музыканты і драматургі, таксама ўтрымліваюцца ў якасьці палітычных зьняволеных за выказваньне думак, звычайна за крытыку рэжыму Лукашэнкі «ці нават за публікацыю кніг на беларускай мове».
«Хоць выглядае, што Лукашэнка ня мае намеру спыняць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і свабоды СМІ, мы, праваабарончыя арганізацыі, будзем і далей аказваць непахісную падтрымку сьмелым людзям Беларусі, рэпрэсаваным за рэалізацыю сваіх жыцьцёва важных правоў чалавека і журналісцкай дзейнасьці, і патрабаваць неадкладнага і безумоўнага ўсіх палітычных зьняволеных», — гаворыцца ў звароце.
Зварот падпісалі:
- «Артыкль 19»,
- «Індэкс цэнзуры»,
- Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў,
- Камітэт абароны журналістаў,
- Міжнародны інстытут прэсы,
- Міжнародная асацыяцыя абароны свабоды слова,
- БАЖ,
- ПЭН Амэрыка,
- Міжнародны ПЭН і інш.