У Польшчы ствараецца арганізацыя, якая аб’яднае былых беларускіх палітвязьняў. Пра гэта паведамляе «Белсат» са спасылкай на былога палітычнага зьняволенага Аляксандра Кабанава.
Кабанаў абвясьціў пра гэта падчас дыскусіі «Палітзьняволеныя ў Беларусі для сусьвету, праваабаронцаў і СМІ», якая адбылася 11 чэрвеня ў Варшаве.
«Сёньня ўжо магу паведаміць у якасьці афіцыйнай інфармацыі, што будзе новая арганізацыя былых палітзьняволеных. Вядзецца праца над тым, каб яна была афіцыйна зарэгістраваная», — сказаў Кабанаў.
Як удакладніў «Белсату» сябра ініцыятыўнай групы па стварэньні арганізацыі, былы палітзьняволены Алег Кулеша, засноўвае яе суполка былых палітвязьняў у замежжы, якая налічвае больш за 70 чалавек і «з кожным днём павялічваецца». Кулеша мяркуе, што новае грамадзкае аб’яднаньне афіцыйна зарэгіструюць ужо ў ліпені. Цяпер удзельнікі суполкі абмяркоўваюць, як дакладна будзе называцца новая арганізацыя. У размове з журналістам «Белсату» Кулеша называе яе Асацыяцыяй былых палітвязьняў.
«Наша мэта — дапамога палітвязьням. Не кажу „былым“, бо палітвязень — гэта назаўжды. Людзі, якія прайшлі праз катаваньні, разумеюць, што ніхто лепей ня будзе нас бараніць, як мы самі сябе. Маем разуменьне, што трэба рабіць і як трэба рабіць, бо самі праз усё гэта прайшлі», — кажа Кулеша.
У аргкамітэт уваходзіць прадстаўніца Абʼяднанага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях Вольга Гарбунова, якая ў свой час і ініцыявала стварэньне суполкі былых палітвязьняў.