Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка ў Гаазе абвінавачвае Лукашэнку: Ахвярай дэпартацыі стаў кожны трыццаты беларус


«Створаная ў краіне атмасфэра страху, тэрору і перасьледу прымусіла каля 300 тысячаў беларусаў пакінуць радзіму. Гэта значыць, што кожны трыццаты жыхар пакінуў Беларусь. У іх проста не было іншага выбару. Усіх іх мы лічым ахвярамі злачынства дэпартацыі, злачынства супраць чалавецтва».

Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Павал Латушка 2 сьнежня ў Гаазе на дыскусіі «Беларуская сытуацыя ў МКС: юрысдыкцыя МКС і неабходнасьць падтрымкі дзяржаў-удзельніц». Мерапрыемства арганізаванае на палях 23-й сэсіі Асамблеі Міжнароднага крымінальнага суду (МКС).

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Палітык заклікаў усе дзяржавы-удзельніцы МКС, «асабліва Польшчу і Латвію, якія далі бясьпечны прытулак вялікай колькасьці беларускіх уцекачоў», далучыцца «да сьмелага звароту Літвы» ў МКС, «умацаваўшы тым самым намаганьні па забесьпячэньні адказнасьці» беларускага рэжыму.

Кіраўнік НАУ адзначыў, што «мінула 4,5 гады з таго часу, як Беларусь стала арэнай масавых зьверстваў і цяжкіх міжнародных злачынстваў, такіх як катаваньні, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасьць абыходжаньне, згвалтаваньне і іншыя формы сэксуальнага гвалту, гвалтоўнае зьнікненьне, адвольнае турэмнае зьняволеньне і забойства». «Усе гэтыя злачынствы, — падкрэсьліў ён, — адбываюцца ў абстаноўцы поўнай беспакаранасьці вінаватых».

«Улады ў Менску стварылі жахліва эфэктыўную машыну для масавага перасьледу і рэпрэсій супраць тых, каго лічаць неляяльнымі. Рэжым распрацаваў і ўкараніў цэлую дзяржаўную палітыку іх перасьледу, увёў заканадаўства, накіраванае на іх дыскрымінацыю, каб, як неаднаразова заяўляў сам Аляксандр Лукашэнка, «ачысьціць беларускае грамадзтва», — сказаў Латушка.

Пры гэтым улады «не спыніліся на высылцы часткі насельніцтва за межы Беларусі, яны працягвалі перасьледаваць беларусаў за мяжой». Па словах Латушкі, беларусы, якія знаходзяцца ў выгнаньні, зазнаюць запалохваньне і пагрозы гвалту; ціск, уключаючы крымінальны перасьлед сваякоў і сяброў; судовы перасьлед празь палітычна матываваныя крымінальныя справы, завочныя судовыя працэсы без належнай прававой працэдуры, арышту і канфіскацыі маёмасьці.

Гэтыя дзеяньні і іншыя, паводле слоў намесьніка кіраўніка АПК, «разам уяўляюць сабой злачынства супраць чалавечнасьці — перасьлед, учынены экстэрытарыяльна высокапастаўленымі чыноўнікамі рэжыму супраць беларусаў у выгнаньні».

«Таму 30 верасьня Літва стала першай краінай, якая, прытрымліваючыся ідэалаў міжнароднага правасудзьдзя, скарысталася сваім правам, прадугледжаным артыкулам 14 Рымскага статуту, і перадала сытуацыю з транспамежнымі злачынствамі супраць чалавечнасьці высокапастаўленых чыноўнікаў улады Лукашэнкі ў пракуратуру Міжнароднага крымінальнага суду», — сказаў Латушка.

Пры гэтым, падкрэсьліў палітык, «практыка паказвае, што далучэньне іншых дзяржаў — удзельніц МКС — да перадачы справы мае вялікае значэньне для посьпеху гэтага працэсу».

Сайд-івэнт, які праходзіць у Гаазе 2 сьнежня, арганізаваны праваабарончай арганізацыяй Redress, Цэнтрам глябальнага правасудзьдзя і правоў чалавека M.A.R.A. пры ўдзеле НАУ. Ён прысьвечаны звароту Літвы ў МКС наконт прыцягненьня да адказнасьці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя кіраўніка НАУ у дыскусіі ўдзельнічаюць прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі Літвы, Міжнароднага камітэту па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі, а таксама «вядомыя міжнародныя экспэрты ў сфэры міжнародных злачынстваў, уключаючы тых, хто раней працаваў па падобнай сытуацыі ў М’янме і Бангладэш».

30 верасьня ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы аб «транспамежных злачынствах супраць чалавечнасьці, учыненых Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненьні да беларусаў». Вільня патлумачыла сваё рашэньне тым, што больш не можа бязьдзейнічаць.

У камэнтары пракурора МКС Карыма Гана, апублікаваным 30 верасьня на сайце суду, гаворыцца, што перадача дзяржавай-удзельніцай Рымскага статуту заявы ў Міжнародны крымінальны суд не прыводзіць аўтаматычна да пачатку расьсьледаваньня.

3 кастрычніка стала вядома, што перададзеныя Літвой матэрыялы былі накіраваныя ў Палату папярэдняй вытворчасьці МКС. Паводле інфармацыі на сайце суду, у справе прызначаныя тры судзьдзі: Юлія Мотак (Румынія), Рэйн Алапіні-Гансу (Бэнін) і Сакаро Флорэс Ліера (Мэксыка).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG