Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераходны кабінэт абмяркоўвае стварэньне фонду падтрымкі палітвязьняў з шэрагам краінаў і партнэраў


Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова

Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) вядзе перамовы «з рознымі краінамі і партнэрамі» аб стварэньні спэцыяльнага фонду падтрымкі беларускіх палітычных зьняволеных, заявіла прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях Вольга Гарбунова.

Паводле яе слоў, перамовы неабходныя, каб зразумець, «на базе якой краіны ці арганізацыі можна такі фонд заснаваць».

«Важна разумець, што ў Беларусі вялікая колькасьць палітзьняволеных, — адзначыла Гарбунова. — І я разумею пытаньні міжнароднай супольнасьці пра тое, хто ўвогуле мусіць падтрымліваць такіх людзей, чаму гэта павінна стаць нагрузкай для іншых краінаў і ўрадаў, у чым пэрспэктыва такой дапамогі».

«Насамрэч пэрспэктыва велізарная. Апрача гуманітарных меркаваньняў, палітвязьні прадстаўляюць дэмакратычнае грамадзтва — гэта праваабаронцы, актывісты, журналісты і гэтак далей», — патлумачыла яна.

На думку прадстаўніцы АПК, фонд мусіць уяўляць сабой «адзіны гаманец, куды паступала б падтрымка ад розных партнэраў». «Гэта не замена тым фондам, якія ўжо працуюць і аказваюць дапамогу людзям. Гэта спроба акумуляваць сродкі, што ёсьць, якія прапануюць і якія не могуць прыняць фонды», — падкрэсьліла Гарбунова.

Не мяркуецца, што ствараемы фонд стане працаваць з палітвязьнямі наўпрост, бо «гэта вялікая колькасьць семʼяў, ёсьць лягістычныя праблемы», а таксама востра стаіць пытаньне бясьпекі, заявіла прадстаўніца кабінэта.

«Як перадаваць грошы ў Беларусь, каб дапамагчы маці палітвязьня? Каб яна не пабаялася прыйсьці на сустрэчу і атрымаць фінансавую дапамогу?» — задалася пытаньнем Гарбунова.

Іншым кірункам працы фонду, мяркуе яна, мусіць стаць рэабілітацыя палітвязьняў пасьля вызваленьня. «Тут больш магчымасьцяў. Гэта такая гуманітарная лінія — як толькі ты выходзіш, мы можам даць мэдычную дапамогу і рэабілітацыю ў іншай краіне. І гэта ні для каго ў Беларусі пагрозы ня створыць», — сказала яна.

Працэс стварэньня новай структуры ня будзе хуткім, канстатавала Гарбунова. «Наколькі ідэя будзе падтрыманая і ўспрынятая ўрадамі і сусьветнымі фондамі, час пакажа. Але гэта неабходная задача, і мы абавязкова гэта зробім», — упэўненая прадстаўніца кабінэта.

Яна падкрэсьліла важнасьць удзелу міжнароднай супольнасьці «у прасоўваньні ідэі», паколькі, «шчыра кажучы, беларусы не спраўляюцца з задачай дапамагчы самім сабе». «Гэта ня першыя палітвязьні ў краіне — яны былі і ў 90-я гады, і ў „нулявыя“, і ў „дзясятыя“. Цяпер [праз вялікую колькасьць затрыманых і асуджаных] сытуацыя крытычная», — заявіла Гарбунова.

Прадстаўніца АПК нагадала: паводле апошніх зьвестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі 1.448 палітвязьняў. Аднак гэтыя даныя не адлюстроўваюць рэальнай карціны, бо «людзі напалоханыя, многія не паведамляюць пра затрыманьні сваіх блізкіх, спадзеючыся, што гэта ім хоць неяк дапаможа ў турме».

«Іншая кааліцыя праваабаронцаў кажа, што ў краіне 1.713 палітвязьняў. У сьпісе „экстрэмістаў“ МУС мы бачым 2.416 прозьвішчаў, а адвакаты паведамляюць пра пяць тысяч зьняволеных з палітычных матываў. Гэта вялікая праблема, што мы нават не ведаем, колькі канкрэтна ў Беларусі палітвязьняў», — прызнала яна.

Паводле яе даных, сярод палітзьняволеных, якія адбываюць пакараньне ў калёніях, ня менш як 74 чалавекі маюць інваліднасьць і цяжкія захворваньні, «як мінімум, 25 пэнсіянэраў, дзясяткі непаўналетніх дзяцей, шматдзетныя бацькі і маці малалетніх дзяцей».

«Паводле гуманітарных падстаў гэтыя людзі не мусяць знаходзіцца ў зьняволеньні, многія з іх яны могуць проста не дажыць да вызваленьня», — папярэдзіла Гарбунова.

Прадстаўніца Кабінэта падкрэсьліла, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў 2023 годзе «не зьмяншаюцца, а толькі ўзмацняюцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG