Гаворачы пра чэргі на пратэзаваньне, міністар адзначыў, што цяпер чарга на пратэзаваньне павялічылася ў 10 разоў.
«Але ў яе іншы характар. Становяцца ўсе пацыенты, і тыя, якім вельмі неабходна памяняць сустаў, і тыя, якім гэта прызначанае, але яны баяцца ці проста адкладаюць дзень прыходу да лекара», — распавёў ён.
Раней, паводле Піневіча, «чарга на суставы вылічалася ў некалькіх тысячах». На сьнежань 2022 году, паводле Генпракуратуры, у чарзе на замену суставаў стаялі 26 тысяч чалавек.
Міністар паведаміў, што цяпер у Беларусі 46 профільных цэнтраў, якія могуць займацца пратэзаваньнем тазасьцегнавых суставаў, і 16 — пратэзаваньнем каленных суставаў.
- У сакавіку 2022 году ў рамках так званай «справы артапэдаў» затрымалі 35 лекараў па ўсёй Беларусі. Іх абвінавацілі ў атрыманьні хабараў за лабіяваньне эндапратэзаў пэўных вытворцаў.
- Прыватным клінікам (за выключэньнем «Мерсі», зьвязанай зь сям’ёй Лукашэнкі) забаранілі ставіць імпартныя пратэзы.«Мерсі» стала адзінай клінікай у Беларусі, якая працягнула ўсталёўваць імпартныя пратэзы, але ў тры разы даражэй, чым раней іх ставілі ў дзяржаўных бальніцах.
- Пасьля гэтага зьявіўся загад Мінздароўя, паводле якога ўсе імпартныя пратэзы павінны былі набывацца толькі празь дзяржаўнае прадпрыемства «Белмэдтэхніка». Жыцьцё пацыентам гэта ніяк не аблегчыла — толькі чэргі на пратэзаваньне суставаў сталі нашмат большымі.
- 27 лютага кіраўніца сталай камісіі парлямэнту па ахове здароўя, фізкультуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Людміла Макарына-Кібак паведаміла, што нямецкія кампаніі адмовіліся пастаўляць у Беларусь пратэзы тазасьцегнавых суставаў і «нават лякалы», на аснове якіх пратэзы выраблялі ў Беларусі. Паводле яе, улады працягваюць перамовы зь імі, а таксама пачалі разглядаць у якасьці магчымых альтэрнатыўных пастаўшчыкоў Кітай і Індыю.