Пляны Пуціна і «яго марыянэткі Лукашэнкі» па разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі напярэдадні ліпеньскага саміту NATO ў Вільні — «ня што іншае, як грубая гульня запалохваньня, спроба прымусіць Эўропу падпарадкавацца», напісала Ціханоўская ў Твітэры.
9 чэрвеня падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы Пуцін, гаворачы пра разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, заявіў: «7–8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаваньняў, і адразу ж пачнем мерапрыемствы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем на вашай тэрыторыі адпаведных відаў узбраеньняў».
Ціханоўская неаднаразова зьвярталася да міжнароднай супольнасьці з заклікам больш жорстка рэагаваць на пляны Крамля па разьмяшчэньні ў Беларусі ядзернай зброі.
22 траўня Ціханоўская заклікала прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі NATO Жаэль Гар’ё-Майлам, «пакуль ня позна», узьняць трывогу наконт магчымага разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі.
30 траўня на сустрэчы зь дзейным старшынём АБСЭ, міністрам замежных спраў Паўночнай Македоніі Буярам Асмані Ціханоўская падкрэсьліла, што ядзерная зброя «будзе разьмешчана ў парушэньне беларускай Канстытуцыі і насуперак волі беларускага народу». Міжнародная супольнасьць, дадала яна, павінна адрэагаваць на гэтую сытуацыю «максымальна жорстка».
Падчас перамоваў 5 чэрвеня ў Вене Ціханоўская заклікала прэзыдэнта Аўстрыі Аляксандра ван дэр Бэлена заняць «цьвёрдую пазыцыю па недапушчэньні разьмяшчэньня ядзернай зброі» на тэрыторыі Беларусі.
У канцы сакавіка прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясьціў, што да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі будзе завершана будаўніцтва спэцыяльнага сховішча для расейскай тактычнай ядзернай зброі.
25 траўня Аляксандар Лукашэнка ў кулюарах пасяджэньня Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады выказаў меркаваньне, што перамяшчэньне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося.
Віленскі саміт NATO адбудзецца 11–12 ліпеня.