Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BYPOL паведаміў, што пасьля праверак на мяжы некаторых беларусаў не пусьцілі ў краіну


Апошнім часам на беларускай мяжы ўсё больш пільна правяраюць людзей, якія ўяжджаюць у краіну. У чалавека могуць папрасіць паказаць тэлефон, адсканаваць замежны дазвол на жыхарства. Некаторых людзей затрымліваюць проста на мяжы, але ёсьць і тыя, каго не ўпускаюць у краіну.

Пра гэта «Зеркалу» расказаў прэс-сакратар BYPOL Аляксандар Кабанаў.

— Вядома як мінімум пра 20 такіх выпадкаў. Шмат сытуацый, калі чалавеку прад’явіць і няма чаго, але нейкія да яго асобы падазрэньні ўзьнікаюць, і прымаецца рашэньне не пускаць яго ў Беларусь. Прычын не тлумачаць, — кажа Аляксандар Кабанаў, але канкрэтных прыкладаў з датамі і пунктамі пропуску не прыводзіць. — Уся інфармацыя прыходзіць нам у чат-боты, калі, напрыклад, нехта на мяжы назірае, як чалавека абшукваюць, адводзяць кудысьці, а праз час яго машыну разварочваюць. Ёсьць і тыя, хто сам нам пісаў, што праверылі пашпарт, глядзелі нейкую базу зьвестак, а пасьля апытаньня не пусьцілі ў краіну.

Прычынай масавых праверак, затрыманьняў і адмовы ва ўезьдзе прэсавы сакратар BYPOL называе спробу памежнікаў і сілавікоў не дапусьціць пранікненьня ў Беларусь дывэрсантаў, як гэта было ў Белгарадзкай вобласьці. Кабанаў адзначае, што сыстэмы ў гэтых дзеяньнях няма — праверкі праводзяць «рандомна».

— Ідзе папярэдняя падрыхтоўка да магчымага канфлікту на мяжы з Украінай. Цяпер памянялі начальніка Дзяржаўнага памежнага камітэту. Гэта зьвязана з тым, як разьвіваюцца падзеі ва Ўкраіне і што адбываецца ў Белгарадзкай вобласьці. Сілавікі спрабуюць рыхтавацца да таго ж сцэнару, што на тэрыторыю Беларусі могуць заходзіць або ДРГ, або іншыя асобы.

Тым часам, паводле агенцтва BNP, праваабаронцы лічаць абмежаваньнем правоў грамадзян сканаваньне і фатаграфаваньне іх пасьведчаньняў на жыхарства ў іншай краіне падчас перасячэньня мяжы.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай праваабарончым цэнтрам «Вясна».

«Пашпарт зьяўляецца дакумэнтам, па якім чалавек перасякае мяжу. Патрабаваньне прад’явіць для сканаваньня іншыя дакумэнты, якія сьведчаць аб праве на пражываньне ў іншай дзяржаве, без законных падстаў і тлумачэньня мэтаў, зьяўляецца ўмяшаньнем дзяржавы, таму што яно адбываецца без прававых падстаў», — адзначаюць праваабаронцы.

Яны канстатуюць, што на сёньня «няма ніякай канкрэтыкі пра мэту гэтых абмежаваньняў, таму мы можам толькі меркаваць, дзе гэтыя даныя будуць выкарыстоўвацца».

«Але ўжо цяпер з упэўненасьцю можна сказаць, што гэтая ініцыятыва ідзе з самых вярхоў беларускай улады як рэакцыя на актыўную пазыцыю беларусаў замежжа, вымушаных эміграваць пасьля падзей 2020 году», — гаворыцца ў заяве.

Пачатак такой практыцы, падкрэсьлівае «Вясна», «пакладзены ў сярэдзіне мінулага году».

Інфармацыя пра дадатковыя праверкі грамадзян падчас перасячэньня мяжы зьявілася ў СМІ на мінулым тыдні. Са спасылкай на людзей, якія ўяжджаюць і выяжджаюць з краіны, мэдыя паведамлялі, што, акрамя сканаваньня і фатаграфаваньня пасьведчаньняў на жыхарства, выбарачна праводзяцца ўзмоцненыя надгляды асабістых рэчаў і мабільных тэлефонаў, а таксама працяглыя допыты. Часам адбываюцца затрыманьні.

1 чэрвеня па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі пасяджэньня Рады кіраўнікоў органаў бясьпекі і спэцыяльных службаў краін — удзельніц СНД старшыня Камітэту дзяржбясьпекі Іван Тэртэль заявіў, што масавыя праверкі на мяжы зьяўляюцца «мерай, якая рэалізуецца па ўсім пэрымэтры нашай мяжы» і накіраваная на «своечасовае выяўленьне і лякалізацыю дзейнасьці асоб, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія памкненьні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG