Жыцьцёвыя пытаньні — гэта бяда для рэжыму, які разьлічаны на жорсткую дысцыпліну і герархію. Бо сёньня людзі ўбачаць, што яны самі могуць вырашаць, як паляпшаць свае двары, а заўтра дойдуць да таго, што захочуць па-сапраўднаму абіраць прэзыдэнта, дый празрыстасьці нейкай запатрабуюць. Таму ўлады зьнішчылі сотні недзяржаўных арганізацый, разганялі дваровыя сустрэчы і канцэрты ў 2020 годзе і цяпер незадаволеныя тым, што жыхары і жыхаркі Менску вырашылі самі ўпарадкаваць свае двары.
На прапагандысцкім рэсурсе «Минск-новости» выйшаў артыкул з такой назвай: «Незаконнае добраўпарадкаваньне пагражае штрафам. Ці прабачаць парушальнікам гарадзкія ўлады», і сытуацыя, апісаная ў ім — вельмі паказальная для цяперашняй Беларусі.
Што ўвогуле здарылася? Людзі стаміліся ад таго, што ў іх дварах дарогі і сьцежкі ў жахлівым стане — і заасфальтавалі іх, або паклалі плітку. Зрабілі клюмбы і высадзілі на іх кветкі. Здавалася б, у чыноўнікаў, адказных за гэтыя тэрыторыі, мусяць цяпер быць праблемы праз кепскае выкананьне сваіх абавязкаў, а перад мясцовымі жыхарамі мусяць выбачыцца і падзякаваць ім за тое, што тыя ўзялі справу ў свае рукі, хоць і ня мелі такога абавязку. Але ў рэальнасьці штрафы пагражаюць самім жыхарам, бо яны нібыта парушылі правілы добраўпарадкаваньня.
І праблема тут глыбейшая, чым падаецца на першы погляд. Яна ня толькі ў самім факце, што людзі ад адчаю і безнадзейнасьці робяць за ўладаў іх працу. І ня толькі ў тым, што рэжым Лукашэнкі гатовы караць за любое парушэньне герархіі. Тут прынцыпова важна, што менавіта зрабілі мясцовыя жыхары. А яны паклапаціліся пра найбольш уразьлівых — пра тых, каму добрыя сьцежкі трэба для таго, каб мець магчымасьць увогуле выходзіць з дому. Жанчыны з вазочкамі і ўсе іншыя маламабільныя людзі — тыя, хто карыстаецца мыліцамі ці хадункамі, хто сам езьдзіць у вазках, у каго праблемы з каардынацыяй рухаў, — усім ім трэба сьцежкі і дарогі з добрым пакрыцьцём. І так, пакуль у рэальнасьці ў Беларусі немаўлятамі займаюцца амаль заўжды жанчыны, гэта вельмі важнае жаночае пытаньне.
Але ўладам няма справы да таго, ці можа маладая маці зручна выбрацца са двара з вазочкам, ці можа стары мужчына з хадункамі дайсьці да крамы ці бліжэйшага парку. Ці могуць дзеці катацца ў дварах на роварах, самакатах і роліках. Усё гэта няважна, бо ў лукашэнкаўскім сьвеце дабрабыт беларусаў і беларусак ня ўваходзіць нават у першую дзясятку прыярытэтаў. А дабрабыт асабліва ўразьлівых групаў — тым больш. Ім лепш за ўсё «не адсьвечваць» і не псаваць ідылічную карцінку мітычнай Беларусі, дзе ёсьць месца толькі маладым, здаровым і нічым не абцяжараным людзям, якія ва ўсім падтрымліваюць гэтую ўладу.
А калі мясцовыя жыхары самі штосьці выпраўляюць, гэта значыць, што яны адпачатку былі нечым незадаволеныя. А як такое можа быць? Гэта ж недапушчальна!
Вось і атрымліваецца, што людзі ня толькі вымушаныя самі клапаціцца пра двары шматпавярховікаў, дык яшчэ і рызыкаваць пры гэтым, што за такую «самадзейнасьць» дзяржаве давядзецца даплаціць. Але ж для дзяржавы гэта надзвычай зручна! І рабіць нічога для добраўпарадкаваньня ня трэба, і адсправаздачыцца можна, што двары палепшыліся, і яшчэ грошы на гэтым зарабіць. Ну чым ня бізнэс-схема?
У той жа Латвіі, дзе я цяпер жыву, уявіць штосьці падобнае цяжка. Часта парадкам у доме і на тэрыторыі вакол яго кіруе таварыства ўласьнікаў ці адмыслова для гэтага нанятая кампанія. І жыхары, калі штосьці хочацца палепшыць у сваім двары, ня мусяць рызыкаваць і гадаць, ці парушаць яны закон, разьбіўшы клюмбу пад вокнамі. І каб распачыналі справу супраць мясцовых жыхароў за добраўпарадкаваньне тэрыторыі, я тут таксама ня чула. Аказваецца, можна не караць людзей за кожны крок, ня ўзгоднены зь дзяржавай.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.