Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палату прадстаўнікоў унесьлі праект закону, які пашырае падставы для ўвядзеньня ваеннага і надзвычайнага становішча


У Палату прадстаўнікоў унесьлі праект закону «Аб зьмяненьні законаў», якія, сярод іншага, рэгулююць увядзеньне ў краіне ваеннага і надзвычайнага становішча. Тэкст дакумэнту апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

У новай рэдакцыі закону «Аб ваенным становішчы» прапануецца расцэньваць у якасьці падставы для яго ўвядзеньня «дзеяньні іншай дзяржавы (кааліцыі дзяржаў), якая дазваляе (-юць) выкарыстоўваць сваю тэрыторыю трэцяй дзяржаве (трэцім дзяржавам), экстрэмісцкім групам і арганізацыям для нападу на Рэспубліку Беларусь», паведамляе BPN.

У шэраг падставаў для ўвядзеньня ваеннага становішча ў Беларусі прапануецца дадаць «засыланьне іншай дзяржавай ці кааліцыяй дзяржаў (або ад іх імя), экстрэмісцкімі групамі і арганізацыямі, разьмешчанымі на тэрыторыі іншай дзяржавы (дзяржаў), на тэрыторыю Беларусі ўзброеных бандаў (групаў), ірэгулярных сілаў, наймітаў або падразьдзяленьняў рэгулярных войскаў, якія прымяняюць узброеную сілу супраць Рэспублікі Беларусь».

Ваеннай пагрозай, згодна з праектам закону, будзе таксама лічыцца «ўзьдзеяньне іншай дзяржавы (кааліцыі дзяржаў) на Ўзброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і вайсковыя фармаваньні, а таксама на аб’екты Рэспублікі Беларусь, незалежна ад месца іх дысьлякацыі (разьмяшчэньня)».

Таксама прапануецца ўнесьці зьмены ў закон «Аб надзвычайным становішчы».

У лік падставаў для яго ўвядзеньня прапануецца дадаць «спробы гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваеньня дзяржаўнай улады, узброенага мяцяжу» у дадатак да «масавых і іншых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам або пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узьнікае небясьпека для жыцьця і здароўя людзей, тэрытарыяльнай цэласнасьці і існаваньня дзяржавы»).

  • Яшчэ ў кастрычніку 2022 году КДБ і Мінабароны Беларусі заявілі, што на тэрыторыі Ўкраіны, Польшчы і Літвы, а таксама ў Чэхіі і некаторых іншых дзяржавах нібыта ствараюцца «незаконныя ўзброеныя фармаваньні, якія фінансуюцца за кошт замежных фондаў «для стварэньня ўмоваў для дэстабілізацыі ў нашай краіне», згадаўшы, у прыватнасьці, полк Каліноўскага. Таксама ў КДБ тады заявілі, што ў лістападзе чакаецца атака гэтых баевікоў на Беларусь з Украіны, што, як вядома, ня спраўдзілася.
  • За гэты час Лукашэнка і розныя беларускія чыноўнікі неаднойчы паўтаралі падобныя абвінавачаньні ў бок краінаў Захаду, у прыватнасьці, Украіны, Польшчы і Літвы. Так, у красавіку ў МЗС Беларусі заявілі, што «сур'ёзна асьцерагаюцца якіх-небудзь агрэсіўных дзеяньняў з боку кіраўніцтва Польшчы», бо Польшча нібыта «фінансуе экстрэмістаў, рыхтуе нейкія баявыя дружыны супраць беларускага насельніцтва і актыўна праводзіць мілітарызацыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG