Сьцісла
- Гэта нонсэнс: прэзыдэнт ядзернай Францыі прапануе даць гарантыі ядзернай Расеі, якая стала агрэсарам супраць Украіны, якая адмовілася ад ядзернай зброі.
- Нам у першую чаргу трэба аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць, а таксама пераканаць сьвет і дамагчыся таго, каб Расея была дэмантаваная, каб народы Расеі атрымалі права на самавызначэньне.
- Параза ад Украіны можа прымусіць Пуціна шукаць кампэнсацыю. Напрыклад, стварыць саюзную дзяржаву зь Беларусьсю паводле расейскага сцэнару: вайсковым шляхам, сапраўднай акупацыяй.
- У Армэніі і Грузіі зьявіліся дзясяткі тысяч незадаволеных мабілізацыяй расейцаў — дзе гарантыя, што яны не гібрыдная армія Пуціна? Сотні тысяч людзей ветрам вынесла празь межы, якія кантралюе ФСБ.
- Палітыка была такая, што ў 2021 годзе Лукашэнка зарабіў ва Ўкраіне 3 мільярды даляраў. Я тады казаў, што бітум залівае ўкраінскаму кіраўніцтву вушы і вочы.
- Бізнэс з Лукашэнкам не дазваляў цьвяроза ацэньваць інфармацыю выведкі і процідзейнічаць магчымаму ўварваньню з тэрыторыі Беларусі.
- Я ня веру ў ваенную інтэрвэнцыю ў Беларусь сіламі беларускіх аддзелаў Узброеных сілаў Украіны. Тады Ўкраіна з ахвяры агрэсіі можа стаіць яе ўдзельніцай і страціць вялікую частку сымпатый у сьвеце.
- Нам трэба працаваць з рознымі асяродкамі беларускай апазыцыі і шукаць супольную мову з тымі, хто разумее, што Беларусь і Ўкраіна маюць 1084 кілямэтры мяжы.
- Нам трэба рабіць стаўку на тых грамадзян Беларусі, якія ў сілу абставінаў апынуліся за межамі сваёй краіны. Толькі там яны робяцца сапраўднымі грамадзянамі.
- Без дэмакратычнай Беларусі ня можа быць бясьпечнай Эўропы.
«Украіна ўжо ня здасца. Украіна застанецца Ўкраінай»
— У сваёй кнізе «Гібрыдная агрэсія Расеі. Урокі для Эўропы», якая выйшла яшчэ ў 2017 годзе, вы называеце пяць умоваў украінскай перамогі над расейскай гібрыднай агрэсіяй і расейскай хлусьнёй: барацьба з карупцыяй, станаўленьне сярэдняй клясы, стварэньне эфэктыўнага войска і спэцслужбаў, выпрацоўку эфэктыўнай нацыянальнай ідэі і дакладнае вызначэньне месца Ўкраіны на геапалітычнай мапе сьвету. Для такога назіральніка, як я, здаецца, што ў 2022 годзе ўсе гэтыя ўмовы дасягнутыя. А значыць, перамога Ўкраіны не за гарамі. Вы згодныя?
— Дзякуй, спадар Сяргей, за такія прыгожыя словы ў адрас Украіны, але вы ж разумееце, што назіральнікі бываюць розныя. Напрыклад, мая кніжка, пра якую вы згадалі, пабывала ў руках і Аляксандра Лукашэнкі ў 2019 годзе, але гэта не паўплывала на яго далейшыя дзеяньні. Кожны чытае кнігу па-свойму і бачыць у ёй сваё.
Натуральна, на той момант, калі кніга пісалася пяць гадоў таму, выкананьне тых умоваў спрыяла б далейшаму разьвіцьцю Ўкраіны. Але з 24 лютага 2022 году ў нас зусім іншая праблема. У нас шырокамаштабнае ўварваньне Расеі. Але ўсё ж тое, што Ўкраіна зрабіла, ня грае супраць яе, але за яе.
Перад уварваньнем Украіне практычна не давалі шанцаў. Нам казалі, што мы разваліліся, што наша армія разьбяжыцца. Але гэтага ня сталася і ўжо ня станецца. Украіна ўжо даказала ўласную здольнасьць адстойваць тэрытарыяльную цэласнасьць і свой сувэрэнітэт.
Пытаньне ў тым, калі яна адновіць тэрытарыяльную цэласнасьць. Але ў тым, што Ўкраіны засталася на мапе сьвету, у мяне асабіста і ў мільёнаў грамадзян сумненьняў няма. Як і ў тых, хто жыве за межамі.
«Расея павінна быць дэмантаваная мірным шляхам»
— Я і меў на ўвазе, што ўсе гэтыя пяць фактараў, асабліва тое, што тычыцца нацыянальнай ідэі і геапалітычнай арыентацыі, умацаваліся якраз падчас гэтай агрэсіўнай і трагічнай вайны. Але якой можа быць перамога (ці перамогі) Ўкраіны? Гэта поўнае вызваленьне ўкраінскай тэрыторыі і ўсё? Ці для перамогі Ўкраіны патрэбная і зьмена кіроўнага рэжыму ў Расеі?
— Пытаньне ўкраінскай перамогі я б разьбіў на некалькі складнікаў. Скажу на пачатку, што нават палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны мяняе свае падыходы. Калі да жніўня ішлося пра тое, каб Украіне аднавіць свае пазыцыі адпаведна стану на 23 лютага, а пра акупаваны Крым і пра захоплены Данбас размовы не ішло, то сёньня ва ўкраінскім грамадзтве ёсьць кансэнсус наконт патрэбы аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны цалкам. Гэта значыць, вызваліць Данецкую, Луганскую. Харкаўскую, Херсонскую, частку Мікалаеўскай (гэта Кінбурская каса) і Крым, іншымі словамі, вызваліць усю тэрыторыю, якая сусьветнай супольнасьцю прызнаецца ўкраінскаю станам на 1991 год. І якую прызнавала і Расея, падпісаўшы ў 1997 годзе з Украінаю так званую вялікую дамову.
Гэтая дамова дагэтуль дзейная, яе працягвалі ў 2019 годзе, перад прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне. Але на момант падпісаньня Барыс Ельцын і Леанід Кучма фактычна прызналі недатыкальнасьць межаў Расеі і Ўкраіны.
Таму я ўпэўнены, што калі цяпер пачынаюць размовы пра гарантыі бясьпекі, то такія гарантыя павінны быць агульныя. Ня толькі для Расеі, як кажа Макрон, бо гэта само па сабе нонсэнс: прэзыдэнт ядзернай Францыі прапануе даць гарантыі ядзернай Расеі, якая стала агрэсарам супраць Украіны, якая адмовілася ад ядзернай зброі. Гэта нейкі, я б сказаў, натуральны францускі парадокс.
Нам у першую чаргу трэба аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць, а таксама пераканаць сьвет і дамагчыся таго, каб Расея была дэмантаваная, каб народы Расеі атрымалі права на самавызначэньне. Гэта ж нармальна, калі амаль дзевяць дзясяткаў суб’ектаў фэдэрацыі займелі права самавызначыцца.
Там ужо быў парад сувэрэнітэтаў напачатку 1990-х гадоў, які тады прыдушылі. Пасьля была вайна ў Чачэніі і шмат чаго іншага. Адпаведна нам трэба ў гэтым пераконваць сьвет, бо сьвет гэтага ня хоча. Таксама, як сьвет у 1991 годзе не хацеў распаду Савецкага Саюзу. Але такі досьвед ёсьць.
Я думаю, што ваенная перамога Ўкраіны ў фармаце аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці запусьціць унутры Расеі даволі сур’ёзныя працэсы, крытычныя для Пуціна, таму ён цяпер намагаецца падцягнуць Прыгожына і Кадырава, намагаецца давесьці, што ён здольны праехаць па Керчанскім мосьце — на «мэрсэдэсе», а не на расейскай машыне чамусьці. Мог бы сесьці на грузавік, але ён баязьлівец. І гэта яшчэ павінен зразумець заходні сьвет.
Хаця трэба сказаць, што зрухі ў падыходах Захаду ў стаўленьні да ўкраінска-расейскай вайны проста касьмічныя.
— Але ці магчыма, на вашу думку, каб Пуцін застаўся і ў выпадку паразы Расеі?
— Я думаю, што ён можа застацца. Тут вельмі просты мэханізм. Ён увядзе надзвычайнае ці ваеннае становішча. І тут, у прынцыпе, будзе дужа складана некаму яго скінуць. Я ня веру ў палацавы пераварот, гвардзейскі шалік і табакерку. Пуцін ужо вельмі даўно пры ўладзе і ўсё вакол сябе даўно вычысьціў. Калі б ён быў менш пільны ў гэтых пытаньнях, я думаю, яго б ужо даўно зьнішчылі ўласныя паплечнікі. Але ім давядзецца трываць. Праблема ў іншым. Праблема ў тым, што сама пэрсона Пуціна не ключавая. Я думаю, што калі будзе нехта іншы, а ня Пуцін, гэта сытуацыі ня зьменіць. Расея ўсё роўна будзе гуляць у тую ж гульню, яна ўсё роўна будзе імпэрскаю.
Нават расейскія апазыцыянэры... Паглядзіце на сытуацыю з тэлеканалам «Дождь». Яны ўсё роўна маюць імпэрскі modus operandi, і зь імі трэба змагацца, іх трэба ставіць на месца.
Расея павінна быць дэмантаваная мірным шляхам.
«Ці паспрыяе перамога Ўкраіны анэксіі Беларусі»
— Які лёс, на вашу думку, чакае Беларусь пасьля перамогі Ўкраіны? Ці ня можа стацца так, што калі Ўкраіна пераможа, а Пуцін застанецца на чале Расеі, то ён можа пайсьці на поўную анэксію Беларусі для, так бы мовіць, кампэнсацыі за страту Ўкраіны і для стварэньня праблем для Захаду? «Беларускі выступ» тады, як зуб, будзе ўразацца ва ўсходнюю мяжу Эўразьвязу. Я задаваў раней гэтае пытаньне расейскім палітолягам, яны адказвалі скептычна, маўляў, Беларусь у складзе Расеі Пуціну не патрэбная. Але вось нядаўна пачуў інтэрвію з былым амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэніелам Спэкгардам, і ён таксама лічыць, што перамога Ўкраіны можа паскорыць і паспрыяць анэксіі Беларусі.
— Глядзіце. Беларусь стала адзіным публічным ваенным хаўрусьнікам Расеі. Больш ніхто ў гэтым пытаньні адкрыта Расею не падтрымлівае. Я не кажу зараз пра галасаваньні ў Генэральнай Асамблеі ААН ці ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Гэта дыпляматыя, гэта можа быць палітычнымі гульнямі.
Лукашэнка, натуральна, актыўна падпарадкаваны, але ў яго ёсьць інстынкт улады і ён намагаецца яго прытрымлівацца.
Таму вы маеце рацыю. Параза ад Украіны можа прымусіць Пуціна шукаць кампэнсацыю. Яму будзе трэба паказаць расейцам, што хоць яму недзе і надавалі па шыі, ён здольны хутка вырашаць і іншыя рэчы. Напрыклад, пытаньне стварэньня саюзнай дзяржавы зь Беларусьсю паводле расейскага сцэнару, вайсковым шляхам, сапраўднай акупацыяй. Ня той акупацыяй, пра якую цяпер кажуць беларускія апазыцыянэры, а сапраўднай акупацыяй, якая ёсьць цяпер на ўкраінскіх землях. Гэта іншая акупацыя, і гэта шмат хто ведае на сваім уласным прыкладзе.
Або расхістваньне сытуацыі ў Армэніі, у Грузіі, дзе зьявіліся дзясяткі тысяч не задаволеных мабілізацыяй расейцаў — дзе гарантыя, што яны не зьяўляюцца гібрыднай арміяй Пуціна?
Сотні тысяч людзей ветрам вынесла празь межы з суседнімі дзяржавамі пры тым, што памежная служба Расея ёсьць часткай ФСБ.
Я думаю, што Беларусь і згаданы вамі беларускі выступ ці гаўбец — гэта вельмі важны фактар псыхалягічнай кампэнсацыі. Бо, зайшоўшы на яго, Пуцін будзе там не цыгару курыць, а пагражаць краінам NATO.
Плюс Беларусь або Армэнія з Грузіяй не атрымалі сыгналаў наконт магчымасьці стаць сябрамі Эўрапейскага Зьвязу ці NATO, яны ня маюць маркераў заходняга сьвету. І ніхто ня дасьць гаратныі, што NATO або Эўрапейскі Зьвяз пасьпеюць адрэагаваць.
Але, зрэшты, і маштаб дзяржаваў іншы, і настроі цяпер унутры Беларусі іншыя. Там цяперашняя ўлада практычна ня мае апоры, бо гэта — магутны паліцэйскі рэжым. А так... Проста зьменяць сьцяг, трыкалёр замест чырвона-зялёнага, і ўсё.
«Украіна не дапаможа беларусам ваеннай інтэрвэнцыяй»
— Якой можа быць палітыка Ўкраіны стасоўна Беларусі пасьля перамогі? Якія тут, на вашу думку, існуюць варыянты?
— Мне вельмі прыкра, што палітыка Ўкраіны стасоўна Беларусі была такой бізнэс-палітыкай. Палітыка была такая, што ў 2021 годзе Лукашэнка зарабіў ва Ўкраіне 3 мільярды даляраў.
Я тады казаў, што бітум залівае ўкраінскаму кіраўніцтву вушы і вочы. І гэта спарадзіла нэгатыўныя наступствы. Бо я лічу, што гэты бізнэс з Лукашэнкам не дазваляў цьвяроза ацэньваць зьвесткі выведак і процідзейнічаць магчымаму ўварваньню з тэрыторыі Беларусі.
Таму павінны быць прынамсі дзьве рэчы. Лукашэнку трэба дакладна сказаць, што з табой бізнэс мы весьці болей ня будзем. А другая тэза: без дэмакратычнай Беларусі ня можа быць бясьпечнай Эўропы. Я б хацеў, каб гэтыя тэзы прагучалі на ўзроўні найвышэйшага кіраўніцтва Ўкраіны.
Толькі так, толькі супольнымі намаганьнямі мы можам забясьпечыць зьмены ў Беларусі.
Я ня веру ў ваенную інтэрвэнцыю ў Беларусь сіламі беларускіх аддзелаў Узброеных сілаў Украіны. З розных прычын. Але адна зь іх галоўная. Калі Ўкраіна падтрымае такую інтэрвэнцыю, яна з ахвяры агрэсіі можа стаць фактычна ўдзельнікам агрэсіі і страціць вялікую частку сымпатыяў сусьветнай супольнасьці. Цяпер мы ня можам сабе гэтага дазволіць.
Нам трэба працаваць з рознымі асяродкамі беларускай апазыцыі і шукаць супольную мову з тымі, хто разумее, што Беларусь і Ўкраіна маюць 1084 кілямэтры мяжы і што нас чакае дарога ў тысячу крокаў, бо мы насамрэч вельмі мала ведаем адно пра аднаго. Нам трэба гэта максымальна хутка вырашаць і рабіць стаўку ў першую чаргу на тых грамадзян Беларусі, якія ў сілу абставінаў апынуліся за межамі сваёй краіны. Толькі там яны часта робяцца сапраўднымі грамадзянамі.
Бо ўнутры Беларусі цяпер рабіцца грамадзянінам, які ў чым-небудзь ня згодны ў уладаю, небясьпечна. Я гэтых людзей не асуджаю, я проста канстатую.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
факт.