Арганізатарам абмеркаваньня выступае Ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Законапраект прадугледжвае абнаўленьне закону з улікам новай Канстытуцыі, піша Reform.by.
Як адзначаецца ў абгрунтаваньні да праекту, у ім прадугледжана «замацаваньне прызнаньня асаблівай ролі Беларускай праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленьні і разьвіцьці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народу». Таксама прызнаюцца непадзельнымі з агульнай гісторыяй народу Беларусі іншых хрысьціянскіх, юдэйскіх і ісламскіх рэлігійных арганізацый.
Праект забараняе дзяржаўным органам і іх службовым асобам выкарыстоўваць сваё службовае становішча для фармаваньня ў грамадзян таго ці іншага стаўленьня да рэлігіі. Таксама законам зьбіраюцца забараніць выкарыстоўваць у месцах богаслужэньняў любой сымболікі, акрамя рэлігійнай.
Праект зьмяшчае забарону «разьмяшчэньня тэкстаў і малюнкаў, накіраваных на распальваньне рэлігійнай варожасьці і звады, дзейнасьці рэлігійных арганізацый, накіраванай супраць сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды».
Мяркуецца замацаваць, што рэлігійная асьвета не зьяўляецца адукацыйнай дзейнасьцю. Рэлігійныя арганізацыі павінны будуць штогод даваць справаздачу аб сваёй асьветніцкай дзейнасьці перад мясцовымі ўладамі, у прыватнасьці паведамляць аб колькасьці дзяцей, якія наведваюць нядзельныя школы.
У праекце прапісаны зьмены ў парадак дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійных арганізацый. Так, абавязковай умовай для стварэньня рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднаньня стане ўмова дзейнасьці хаця б адной рэлігійнай грамады на тэрыторыі Беларусі ня менш як 30 гадоў, а таксама наяўнасьць у яго складзе ня менш як 15 грамадаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі ўсіх абласьцей і Менску. Для стварэньня мясцовага рэлігійнага аб’яднаньня спатрэбіцца мець ня менш за 10 рэлігійных грамадаў на тэрыторыі розных рэгіёнаў.
Рэлігійныя арганізацыі могуць зьліквідаваць, калі іх дзейнасьць не адпавядае асноўным напрамкам унутранай і замежнай палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі. Яшчэ адна падстава для ліквідацыі — непадача двойчы ў вызначаны тэрмін зьвестак для дзяржаўнага рэестру арганізацый, неліквідацыя на працягу паўгода выяўленых парушэньняў.
Рэлігійныя арганізацыі атрымаюць права ствараць юрыдычныя асобы або структурныя падразьдзяленьні па аказаньні сацыяльных паслуг пажылым грамадзянам, інвалідам, сацыяльнай рэабілітацыі грамадзян, залежных ад псыхаактыўных рэчываў. Ім таксама дадуць магчымасьць ствараць дзіцячыя дамы па ўзгадненьні з абласнымі або Менскім гарадзкім выканаўчымі камітэтамі.
Прапануецца надзяліць мясцовыя органы ўлады правам ствараць камісіі для кантролю за выкананьнем рэлігійнымі арганізацыямі заканадаўства аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях. Органы рэгістрацыі змогуць праводзіць праверку статутнай дзейнасьці рэлігійных арганізацый.
Пашырана зона адказнасьці рэлігійных арганізацый за гэтыя парушэньні падчас ажыцьцяўленьня рэлігійнай дзейнасьці, у тым ліку пры ажыцьцяўленьні экстрэмісцкай дзейнасьці і спробах адраджэньня нацызму, незаконнай місіянэрскай дзейнасьці і г.д.