Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Чаму Лукашэнка горшы за Гітлера, у чым урок справы Пратасевіча і дзе знайсьці падставы для аптымізму


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Жыцьцё ў Беларусі толькі горшае. Дзе вы знаходзіце падставы для аптымізму?

— Знаходжу ў тэндэнцыях. Яшчэ нядаўна слова «сьвядомы» было ў вуснах прапаганды абразай. Сёньня ўсе беларусы — сьвядомыя, нават тыя, хто працуе на антыбеларускі рэжым. Гэта плён 30 гадоў незалежнасьці і антыплён дзейнасьці Лукашэнкі, які за словы «Жыве Беларусь!» мора прыстойных людзей пасадзіў у турму. Нацыя ніколі ў гісторыі не была такой сьвядомай.

Другая тэндэнцыя — ніколі ў гісторыі дэмакратычны сьвет ня быў так блізка, літаральна за межамі Беларусі. Уцякаючы ад бальшавікоў і калгасаў, можна было патрапіць да якога-небудзь Гітлера. Нарэшце, ніколі ў гісторыі Беларусі тыранія не трымалася толькі на жыцьці канкрэтнай пэрсоны.

— Чаму ад людзей часам можна пачуць: «Навошта мне ваша свабода»?

— Свабода, між іншым, гэта магчымасьці. Чалавек не разумее, навошта яму тая самарэалізацыя, ня мае патрэбы ў ёй, бо ня ведае, што яму рэлізоўваць. Для яго важна жыць у зразумелым, «простым» сьвеце, калі адказнасьць за яго дэкляруе дзяржава. А свабода — гэта ні з кім не падзеленая адказнасьць.

Ёсьць людзі, якім камфортна жыць зь мінімальнымі патрэбнасьцямі і ўсьведамляць, што яны вызваленыя ад адказнасьці. Зразумела, што такія людзі не нясуць адказнасьці ня толькі за сябе, але і за іншых, пагатоў — за сваю краіну, свой горад, свой народ.

— Калі вы кажаце, што Вільня наша, ці ня тое гэта самае, што з Крымам?

— Я кажу: Вільня наша, а Менск літоўскі. Мы прызнаемся ў любові да места, якое ёсьць калыскай беларускага цывілізацыйнага праекту. Усё — ад ідэі нашай дзяржаўнасьці, ад першай друкаванай кнігі, газэты, школы, тэатра, партыі... усё нарадзілася ў Вільні.

То бок наша прызнаньне ні ў якім разе не прэтэнзія ці агрэсія, але ўдзячнасьць літоўцам, што захавалі нашу памяць і горад, які 500 гадоў быў сталіцай для нашых продкаў, адкуль ішло кіраваньне ўсім іхным жыцьцём, які натхняў і натхняе нашых паэтаў і ўсіх беларусаў на імкненьне да дэмакратыі і свабоды, да саміх сябе. Вільня літоўская, польская, габрэйская, татарская, расейская нават і наша.

— У чым урок справы Пратасевіча?

— Няма сэнсу прычыны шукаць у выніках. Людзі паводзяць сябе ў адпаведнасьці з базавай камплектацыяй, перакананьнямі, жыцьцёвай мэтай. Нельга патрабаваць гераізму ад таго, хто проста «ходзіць на работу». З таго, што былыя паплечнікі адхрышчваюцца ад Пратасевіча, я бачу, што ў іх не было каманды, якая ўсьведамляла б сваю місію і цаніла кожнага ўдзельніка. На месцы Пратасевіча мог апынуцца кожны зь іх. І калі б самалёт не пасадзілі, у іх адносінах нічога б не зьмянілася.

Урок — у адсутнасьці агульнай мэты, якая па-над усім і дзе ўсе гучаць на адной ноце. Так, як на адной ноце гучалі людзі на мірных маршах, давяраючыся «каардынатарам», якія ставілі кожны свае мэты.

— Навошта расейскамоўных пісьменьнікаў зь Беларусі перакладаць на беларускую?

— Мне пашчасьціла выдаць тры апошнія раманы Алеся Адамовіча па-беларуску, а таксама перакласьці «Час сэканд-хэнд» Сьвятланы Алексіевіч. Гэта былі ня проста пераклады, а гарманізацыя культурнай прасторы, аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці, даробак Беларусі ў сьвеце.

Ідэя выдаўца Ігара Логвінава і мэцэната Віктара Бабарыкі была ў тым, каб усе кнігі нашай ляўрэаткі Нобэля былі ва ўсіх бібліятэках і школах па-беларуску. Каб не было пытаньняў, чаму па-расейску, на мове суседзяў, якую празь нейкі час, можа быць, у Беларусі ня ўсе і зразумеюць. І Адамовіч, і Алексіевіч у выніку вярнуліся дадому, дзе яны натуральна патрэбныя чытачу.

— Паводле Chatham house, палова жыхароў Беларусі ня лічаць беларусаў асобным народам. Хіба гэта ня посьпех русыфікацыі?

— Калі б мне ў Менск патэлефанавалі з туманнага Альбіёну і спыталі, ці лічу я беларусаў асобным народам, пры ўсёй павазе да Chatham house, я б напружыўся. І ліхаманкава думаў, што трэба адказаць, каб ня мець наступстваў. Далей, ужо крыху супакоены, я стаў бы разважаць, навошта такое пытаньне, калі я маю сваю мову, беларускі пашпарт, беларускія грошы, нумары на аўтамабілі... Нібыта незалежная дзяржава, асобна засядае ў ААН... А калі мы не асобны народ, дык які? Рускі?

Паводле перапісу 2019 году, рускіх у Беларусі 7,5%, а беларусамі назвалі сябе амаль 85%. Праўда, опцыі «неасобны народ» у перапісе не было.

— Вы сказалі, што пэрсанальна для Беларусі Лукашэнка горшы за Гітлера. Чаму пэрсанальна? Для вас?

— Пэрсанальна для Беларусі Лукашэнку трэба параўноўваць ня зь Гітлерам, а зь ягонымі гаўляйтэрамі. Яны рабілі габрэйскія гета і зьнішчалі габрэяў, ён зрабіў гета для беларускай грамадзянскай супольнасьці і зьнішчае там найлепшых прадстаўнікоў нашай нацыі.

Заўважу, што, у адрозьненьне ад яго, беларушчыну (мову, гістарычную памяць, школы...) гаўляйтэры не чапалі. Асаблівы цынізм яго ў тым, што яны не хавалі свайго акупанцтва, не называлі сябе «беларускімі прэзыдэнтамі». Яшчэ ён горшы таму, што гісторыя Гітлера для нас завершаная, а гісторыя Лукашэнкі працягваецца, ён далей нішчыць беларускае грамадзтва, падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне, уводзіць у Беларусь ядзерную зброю...

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

❓ Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG