Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Каму сёньня горш — беларусам ці расейцам і ці можа рэжым у Беларусі перайсьці на бок дабра


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Чаму ў свой час Лукашэнка перайменаваў праспэкт Скарыны ў Менску ў праспэкт Незалежнасьці?

— Па-першае, праз рэўнасьць. Галоўны беларускі праспэкт ня мусіў насіць чыё-небудзь імя, апроч Лукашэнкі. А паколькі незалежнасьць Беларусі ён разумее як сваю пэрсанальную ўладу, і ніяк інакш, то ў ягонай карціне сьвету праспэкт Незалежнасьці і ёсьць праспэктам Лукашэнкі.

Па-другое, бацьку Скарыны звалі Лука. То бок, па бацьку Францішак быў Лукічом або, як варыянт імя па бацьку, Лукашэнкам. І праблема была ў тым, што гэта быў ня той Лукашэнка, а значыць, праспэкт давялося перайменаваць.

— У тарашкевіцы найбольш раздражняюць «ляканьні»: парлямэнт, філялёгія, кляса. Ці можна абысьціся бязь іх?

— А Фінляндыя не раздражняе?.. Увогуле раздражняць можа толькі чужая мова, у параўнаньні зь якой ваша — самая лепшая, вялікая і магутная.

Гэта расейскае бачаньне і чуцьцё расейскім вухам, навязанае беларусам русыфікатарамі. Расейцаў бянтэжыць таксама барочная архітэктура нашых храмаў, бо для іх гэта «не сваё». Іх раздражняе, што Пётар І для нашых продкаў ніколі ня быў царом. Калі ж вы ўсьведамляеце сябе беларусам і эўрапейцам, вас нічога ў іншых раздражняць ня будзе. Вы, наадварот, будзеце радавацца кожнаму падабенству.

— Ці можа рэжым у Беларусі перайсьці на бок дабра і што для гэтага трэба?

— Гэта быў бы найлепшы сцэнар, і ня толькі для беларусаў, для Ўкраіны, для ўсяго сьвету, але і для самога рэжыму. Пераход на бок дабра мог бы стаць для рэжыму дараваньнем ягоных злачынстваў.

Захаваць нацыю, захаваць незалежнасьць краіны, а не незалежнасьць сваёй улады, вярнуць дэмакратыю ў Беларусь — гэтага хоча ня толькі беларускі народ, але і ўвесь сьвет. Трэба проста перастаць хлусіць (гэта зусім ня проста). У прынцыпе, бок дабра і пачынаецца там, дзе пачынаецца праўда, якой бы горкай яна ні была.

— Ці ёсьць сэнс захоўваць дома папяровыя кнігі?

— Мне пашчасьціла засьпець даэлектронныя часы найвялікшага піетэту перад кнігай і чытаньнем, калі жаданьне авалодаць кнігай было мацнейшым за ўсе іншыя. Пры сёньняшніх бясконцых пераездах мець пры сабе шматтысячную бібліятэку нерацыянальна. Але я ні за што не разьвітаюся з кнігамі, якія маюць свой уласны кніжны лёс, якія не пасьпеў, але хачу прачытаць. Ці тыя, што, ведаю, спатрэбяцца для цытаваньня, а ў сеціве я іх не знайду. Ці рарытэты. Ці проста — дарагія мне бяз дай прычыны.

Трэба ўлічваць і тое, што інтэрнэт можа зьнікнуць. Як і электрычнасьць. І трэба дбаць ня толькі пра важныя кнігі, але і пра лучыну, пад якой калісьці чыталі нашы продкі).

— Ці карэктна называць Лукашэнку дзедам, быццам узрост ставіцца яму ў віну? Байдэна ніхто не называе, а ён старэйшы.

— Байдэн ня будзе займаць пасаду прэзыдэнта больш за два разы і фальсыфікаваць выбары на сваю карысьць. Увогуле прэзыдэнты ў дэмакратыях да «палітычнага дзеда» звычайна не даседжваюць. Думаю, гэта і маецца на ўвазе.

Дарэчы, сярод кіраўнікоў Беларусі, хто памёр сваёй сьмерцю, пасьля вайны не было ніводнага, хто зрабіў бы гэта, не перакрочыўшы 70-гадовага ўзросту. Як правіла, іх плянка — 80 гадоў. Толькі Мазураву было 75 і Кісялёву 66 (невылечны ў той час рак). Гэта да ведама тых, хто разьлічвае, што Лукашэнка заўтра «ўсё». Калі і «ўсё», дык малаверагодна, што гэта адбудзецца праз старасьць.

— Каму сёньня горш, беларусам ці расейцам?

— Думаю, расейцам.

Па-першае, з пачаткам вайны ў Расеі робіцца ўсё больш небясьпечна. Дагэтуль больш небясьпечна было ў нас, быццам мы нейкая КНДР, а там амаль дэмакратыя. Гэта несправядліва, бо нашае «горш» толькі на Расеі і трымаецца.

Па-другое, у нас ёсьць пэрспэктыва — свая нацыя і краіна, а значыць, нармальная будучыня, што паказалі маршы 2020-га. Гэта напаўняе наша жыцьцё зьместам. У іх, на жаль, гэтага няма. Няма ні маршаў, ні зьместу, ні пэрспэктывы. А гэта неймаверна горш, асабліва для людзей, якія людзі. Мы марым пра заканчэньне тэрору і хлусьні, рэсурс якіх на зыходзе. У іх жа «безнадёга» толькі пачынаецца.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне.Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG