Кандыдатуру Эдгарса Рынкевічса падтрымалі 52 дэпутаты, яшчэ 35 сяброў парлямэнту прагаласавалі супраць.
Згодна з Канстытуцыяй краіны, выбраным прэзыдэнтам лічыцца той, хто атрымае ня менш як 51 голас у сваю падтрымку.
З 2011 году Эдгарс Рынкевічс займаў пасаду міністра замежных спраў Латвіі. Ён таксама зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам Латвійскай нацыянальнай камісіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, а таксама сябрам праўленьня партыі Vienotība («Адзінства»).
Новы прэзыдэнт Латвіі мае ступень бакаляўра факультэта гісторыі і філязофіі Латвійскага ўнівэрсытэту, а таксама ступень магістра паліталёгіі і магістра рэсурснай стратэгіі нацыянальнай бясьпекі Індустрыяльнага каледжу нацыянальнай рэсурснай стратэгіі Нацыянальнай абароны ЗША.
На пасаду прэзыдэнта прэтэндавалі тры кандыдаты: Эліна Пінта, Улдзіс Піленс і Эдгардс Рынкевічс.
У траўні 2021 году генпракурор Беларусі Андрэй Швед завёў крымінальную справу за распальваньне нацыянальнай варожасьці ў дачыненьні да мэра Рыгі Мартыньша Стакіса і міністра замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарcа Рынкевічcа.
Паводле генпракурора Шведа, гэтыя дзеяньні палягаюць «у публічным зьняцьці і замене сымбалю сувэрэннай Беларусі — дзяржаўнага сьцяга, які быў пастаўлены ў цэнтры Рыгі ў сувязі з удзелам нацыянальнай каманды ў чэмпіянаце сьвету ў хакеі, на бел-чырвона-белае палотнішча», — паведамляла Генпракуратура. Генпракурор лічыць гэта «зьдзекам зь дзяржаўнай сымболікі, які зьняважыў нацыянальную годнасьць беларусаў».
Крымінальную справу завялі паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу Беларусі, для арганізацыі папярэдняга расьсьледаваньня яе накіравалі ў Сьледчы камітэт.
31 траўня ў Віцебску прайшла акцыя з крытыкай латвійскай выбарчай сыстэмы, верагодна арганізаваная беларускімі ўладамі.