Адносна Аляксея Бародкі, Аляксандра Гурыновіча і Ігара Сцяпанава такое рашэньне прынятае «ў сувязі з прымяненьнем да іх дысцыплінарных спагнаньняў у выглядзе выключэньня з абласных калегій адвакатаў (Менскай і Віцебскай) за ўчыненьне правін, не сумяшчальных са званьнем адваката». Гаворка пра нейкія «дзеяньні, якія дыскрэдытуюць званьне адваката і адвакатуру».
У сувязі з «немагчымасьцю выкананьня адвакатамі сваіх прафэсійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі» аналягічнае рашэньне прынятае адносна Інэсы Аленскай і Дзяніса Шарстнёва. Непасрэдна пра «немагчымасьць выкананьня» імі сваіх абавязкаў камісія заявіла яшчэ напрыканцы сакавіка.
Бародку і Гурыновіча раней актыўна цытавалі дзяржаўныя СМІ, іх запрашалі ў эфір беларускія тэлеканалы.
- Аленская — вядомая абаронца палітвязьняў. Яна была адвакатам відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, праваабаронцы Анастасіі Лойкі, у мінулым апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
- У сакавіку Аленскую судзілі ў адміністрацыйным парадку за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
- Пачынаючы ад 2020 году адвакацкай ліцэнзіі былі пазбаўленыя многія дзясяткі адвакатаў.