Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што стала вядома пра затрыманьне напрыканцы студзеня 2023 году адваката Менскай абласной калегіі Аляксея Бародкі. Ён цяпер у менскім СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Які артыкул інкрымінавалі Аляксею, пакуль невядома.
Пасьля затрыманьня профіль адваката Бародкі выдалілі з сайта Рэспубліканскай калегіі адвакатаў. Пазьней стала вядома, што 21 красавіка яго пазбавілі ліцэнзіі.
Сыстэматычны ціск на адвакатуру пачаўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
З пачатку 2021 году Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзій ня менш як 60 адвакатаў. Ліквідавалі каля 100 адвакацкіх бюро, спынена дзейнасьць каля 400 асобных адвакатаў, раней паведамляў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі вядомы юрыст Дзьмітры Лаеўскі з спасылкай на свае зьвесткі ў верасьні 2022 году.
Інстытут адвакатуры фактычна пазбавіўся незалежнага статусу: з 2021 году адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненьні зь Міністэрствам юстыцыі. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.
Супраць шэрагу адвакатаў завялі крымінальныя справы па палітычных матывах, шэсьць адвакатаў прызнаныя палітвязьнямі.
10 красавіка адваката Аляксандра Данілевіча асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Юрыста абвінавацілі па ч. 1 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), ч. 3 арт. 361 («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).
Праваабаронцы расцэньваюць пазбаўленьне працы адвакатаў як прыклад «недапушчальнага ўмяшаньня органаў выканаўчай улады ў дзейнасьць незалежнай адвакатуры».