Менчука арыштавалі перад сур’ёзнай апэрацыяй
Раніцай 17 траўня ў Менску затрымалі 31-гадовага таксіста Артура Башко. Чацьвёра сілавікоў стаялі ў пад’езьдзе, калі дадому вярталася ягоная маці. Калі яна адчыніла дзьверы, яны ўварваліся ў кватэру. Сам Артур у гэты час яшчэ спаў. Супрацоўнікі правялі ператрус, нешта вынесьлі з кватэры ў пакеце, а па падлозе былі раскіданыя паперы.
Пасьля затрыманьня адзін зь сілавікоў сказаў маці, што Артура забралі за «палітыку». Вядома, што мужчына мае праблемы са здароўем — яму павінны былі рабіць апэрацыю па выдаленьні шчытападобнай залозы. Пасьля затрыманьня Артур патэлефанаваў родным і папрасіў перадаць яму неабходныя лекі. На Акрэсьціна мэдыкамэнты прынялі.
Пазьней над мужчынам адбыўся суд, але сваякі ня ведаюць, паводле якога артыкулу. Паводле папярэдняй інфармацыі, Артура асудзілі да 13 дзён арышту.
Цяпер родныя Башко ня ведаюць, дзе ён — па тэлефоне на Акрэсьціна або не адказваюць, або кажуць, што такога няма.
Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго сьвятара
«Хрысьціянская візія» паведамляе пра затрыманьне Вячаслава Адамовіча, пробашча парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі Якая Носіць Скапулярый у Ідолце (Мёрскі раён Віцебскай вобласьці).
Агулам учора ў Віцебскай вобласьці затрымалі траіх сьвятароў. Акрамя Адамовіча былі затрыманыя а. Аляксандар Шаўцоў і кс. Андрэй Кулік з Мёраў.
77-гадовую Галіну Захаркіну, былую загадчыцу катэдры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, аштрафавалі на 2 960 рублёў
У Полацку і Наваполацку днямі прайшлі затрыманьні супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Па інфармацыі «Віцебскай Вясны», былі затрымалі ня менш за 15 чалавек.
Раней паведамлялася, што сама меней чатырох навукоўцаў адправілі за краты, а яшчэ траім прызначылі штрафы.
Праваабаронцам стала вядома, што ўчора, 25 траўня, асудзілі кандыдатку архітэктуры і былую загадчыцу катэдры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Галіну Захаркіну. Яе аштрафавалі на 2 960 рублёў (80 базавых велічыняў).
Таксама за краты на 15 дзён адправілі выкладчыка катэдры гісторыі і турызму Сяргея Глазырына і дацэнта катэдры гісторыі і турызму, кандыдата гістарычных навук Віктара Чараўко.
Старшыню Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалая Шараха арыштавалі на 15 дзён
Актывіста затрымалі дома ў Полацку каля 15:30 25 траўня.
Яго абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Сёньня ў судзе Полацкага раёну і гораду Полацку разглядзелі справу Шараха. Судзьдзя Андрэй Дзергачоў прызначыў яму 15 дзён арышту.