Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не падтрымала рэзалюцыю Ўсясьветнай арганізацыі здароўя з асуджэньнем нападу Расеі на Ўкраіну і яе мэдычныя ўстановы


Штаб-кватэра Ўсясьветнай арганізацыі здароўя ў Жэнэве (Швайцарыя). Архіўнае фота
Штаб-кватэра Ўсясьветнай арганізацыі здароўя ў Жэнэве (Швайцарыя). Архіўнае фота

Супраць гэтага рашэньня разам зь Беларусьсю выступілі Альжыр, Кітай, Куба, Лаос, Нікарагуа, Расея, Паўночная Карэя і Сырыя.

Асамблея Ўсясьветнай арганізацыі здароўя (WHO) ухваліла рэзалюцыю, у якой асуджаюцца агрэсія Расеі і яе атакі на мэдычныя ўстановы Ўкраіны.

Як паведаміла агенцтва AFP, рашэньне падтрымалі 80 краін, супраць выступілі 9, яшчэ 52 краіны ўстрымаліся і 36 ня ўдзельнічалі ў галасаваньні.

У рэзалюцыі таксама прапанавалі правесьці ацэнку ўплыву агрэсіі Расеі на сэктар аховы здароўя Ўкраіны.

Супраць гэтага рашэньня выступілі Альжыр, Беларусь, Кітай, Куба, Лаос, Нікарагуа, Расея, Паўночная Карэя і Сырыя.

Расея выступіла з прапановай абвясьціць надзвычайную сытуацыю ў галіне аховы здароўя Ўкраіны, але пры гэтым не згадала сваю ролю ў вайне з Украінай. Гэтая ініцыятыва не набрала неабходнай колькасьці галасоў.

Пасьля галасаваньня прадстаўнік Расеі заявіў, што выступае «супраць палітызацыі» Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, але ня супраць працы яе прадстаўніцтва ва Ўкраіне.

Прадстаўнік Украіны назваў вынікі галасаваньня «прыкметай надзеі» для грамадзян, якім патрэбная мэдычная дапамога.

Днямі Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны паведаміла, што Расея з пачатку свайго поўнамаштабнага ўварваньня абстраляла 600 мэдычных устаноў Украіны, 101 лякарня цалкам зьнішчаная без магчымасьці аднаўленьня. Апроч таго, у выніку расейскіх абстрэлаў зруйнаваныя 450 аптэк, амаль 200 аўтамабіляў экстранай мэдычнай дапамогі расстралялі або захапілі.

У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне праціўніка зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG