Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Washington Post: «Увесь сьвет павінен запатрабаваць ад дыктатара адказу: дзе Віктар Бабарыка?»


Віктар Бабарыка. Архіўнае фота
Віктар Бабарыка. Архіўнае фота

Буйное амэрыканскае выданьне The Washington Post выпусьціла рэдакцыйную калёнку аб зьнікненьні палітвязьняў у Беларусі. Аўтары артыкула адзначылі, што сёньня беларускі рэжым «падобна, выкарыстоўвае яшчэ больш рэпрэсіўную тактыку, як у Паўночнай Карэі».

Выданьне адзначае, што ўжо 22 дні невядомыя стан і месцазнаходжаньня палітвязьняволенага кандыдата ў прэзыдэнты, які быў лідэрам незалежных апытаньняў 2020 году, Віктара Бабарыкі.

Таксама, падкрэсьлівае WP, няма зьвестак пра Марыю Калесьнікаву, Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і іншых палітвязьняў. У артыкуле згадваецца і перасьлед адвакатаў палітзьняволеных.

«Раней адвакаты і праваабаронцы ў Беларусі, прынамсі, маглі адсочваць іх [палітвязьняў] месцазнаходжаньне. Цяпер рэжым, здаецца, выкарыстоўвае яшчэ больш рэпрэсіўную тактыку, як у Паўночнай Карэі, дзе зьняволеныя гвалтоўна зьнікаюць на месяцы ці гады», — піша The Washington Post.

«Увесь сьвет мусіць запатрабаваць ад дыктатара адказу: дзе Віктар Бабарыка? Пакажы нам, што ён жывы. Што сталася з астатнімі? Нельга дапусьціць, каб беларускія палітвязьні зьніклі», — заклікаюць аўтары Washington Post.

Некалькі тыдняў таму стала вядома, што Віктара Бабарыку шпіталізавалі ў лякарню ў ноч з 24 на 25 красавіка, далейшае месцазнаходжаньне палітвязьня невядомае.

11 траўня ў Эўрапарлямэнце прынялі рэзалюцыю аб Беларусі: «Бесчалавечнае абыходжаньне і шпіталізацыя вядомага апазыцыянэра Віктара Бабарыкі».

«Парлямэнт заклікае ўлады Беларусі спыніць жорсткае абыходжаньне з былым кандыдатам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам і іншымі палітычнымі зьняволенымі і неадкладна і безумоўна вызваліць іх», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

16 траўня каманда Віктара Бабарыкі паведаміла, што ніводная ўстанова сыстэмы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, у тым ліку падведамасныя лякарні, не ўзяла на сябе адказнасьць пацьвердзіць, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў іх.

Сваякі працягваюць дабівацца асабістага прыёму ў начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Раней яны былі ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе ім сказалі, што Віктара ў іх няма.

Таксама аднаму з валянтэраў, які зьвярнуўся ў СІЗА на Валадарскага, тады «паведамілі, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў шпіталі «ў Калядзічах».

У Калядзічах пад Менскам ужо 10 гадоў будуюць СІЗА са шпіталём на замену «Валадарцы», так што можа ісьціся пра турэмны шпіталь.

Тэлеграм-канал @MAYDAYMog з спасылкай на інфармацыю ад былога вязьня, які адбываў тэрмін у ПК-1 у Наваполацку, празь некаторы час пасьля зьнікненьня Бабарыкі паведамляў, што той больш не прыпісаны да атраду, у якім знаходзіўся да шпіталізацыі.

Мужчына пацьвердзіў валянтэрам, што Бабарыка ў апошні час знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу. Таксама экс-прэтэндэнт у прэзыдэнты сутыкаўся зь «вялікім прэсінгам» з боку супрацоўнікаў калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG