Імаверна, гэты візыт адбываецца на шляху Ўладзіміра Зяленскага на саміт G7, які праходзіць у Японіі. Але Офіс прэзыдэнта пакуль не пацьвердзіў ягонага асабістага ўдзелу ў гэтай сустрэчы G7, але пра гэта напісалі заходнія СМІ.
«Нашы прыярытэты — вяртаньне ўсіх палітычных вязьняў Крыму і часова акупаваных тэрыторый, вяртаньне ўсіх палонных і незаконна дэпартаваных, прадстаўленьне нашай формулы міру, да рэалізацыі якой неабходна залучыць як мага больш дзяржаў, гарантаваньне бясьпекі наступнай зімы», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Украінскі прэзыдэнт таксама анансаваў сустрэчу з прынцам Саудаўскай Арабіі Мухамедам бін Салманам, пры дапамозе і садзейнічаньні якога ў верасьні 2022 году адбыўся найбольшы абмен палоннымі між Расеяй і Ўкраінай.
«Яшчэ адзін прыярытэт — абарона мусульманскай супольнасьці Ўкраіны. Разам з намі — Мустафа Джамілеў, лідэр крымскататарскага народу. Крым першым пацярпеў ад расейскай акупацыі, і большасьць з тых, хто трапіў пад рэпрэсіі ў акупаваным Крыме, — мусульмане», — дадаў Уладзімір Зяленскі.
Ліга арабскіх дзяржаў створаная ў 1945 годзе. У яе уваходзяць 22 краіны рэгіёну, а таксама Палестынская аўтаномія.