Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнія СМІ паведамілі, што Зяленскі асабіста наведае саміт G7 у Японіі


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прыедзе ў Японію на саміт «Вялікай сямёркі» (G7).

Як паведамляе Bloomberg, Зяленскі нібыта будзе ляцець на вайсковым самалёце ЗША.

The New York Times называе гэта «дзёрзкім падарожжам вакол паўсьвету». Паводле выданьня, яго мэта — гарантаваць, што найбагацейшыя дэмакратыі сьвету будуць працягваць дапамагаць зброяй і іншым. Выданьне таксама мяркуе, што Зяленскі можа сустрэцца сам-насам з Байдэнам.

Саміт G7 у Хірасіме ўжо пачаўся. Пакуль яго ўдзельнікі ўшаноўвалі памяць ахвяр атамнага бамбаваньня, ва Ўкраіне прагучалі сырэны авіяцыйнай трывогі, з некалькіх гарадоў даносіліся выбухі.

Паездку Зяленскага ў Хірасіму першапачаткова пацьвердзіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА )Ўкраіны Аляксей Данілаў.

«Там будуць прымаць вельмі важныя рэчы, і таму прысутнасьць нашага прэзыдэнта абсалютна важная для захаваньня нашых інтарэсаў»,— дадаў ён.

Пазьней у апараце РНБА удакладнілі, што Зяленскі выступіць перад самітам онлайн.

Вайна ва Ўкраіне — галоўная тэма трохдзённага саміту G7, які пачынаецца 19 траўня. Чакаецца, што лідэры зробяць сумесную заяву аб падтрымцы Ўкраіны і абнародуюць новыя меры для абмежаваньня магчымасьцяў Расеі фінансаваць і забясьпечваць вайну.

Чаканы візыт Зяленскага стане яго першай паездкай у Азію з таго часу, як Масква пачала поўнамаштабны напад на Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Краіны-сябры G7 — Канада, Францыя, Нямеччына, Італія, Японія, Вялікая Брытанія і Злучаныя Штаты — сярод тых дзяржаў, якія найбольш падтрымліваюць Украіну ва ўмовах расейскай агрэсіі.

Чаканая паездка Зяленскага ў Азію адбудзецца пасьля яго эўрапейскага турнэ па чатырох краінах, дзе ўкраінскі лідар атрымаў дадатковыя абяцаньні ваеннай падтрымкі.

Міністэрства замежных спраў Японіі 18 траўня паведамляла, што Зяленскі прыме віртуальны ўдзел у нядзельнай сесіі G7 па запрашэньні, атрыманым сёлета ад прэм’ер-міністра Японіі Фуміё Кісіды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG