Між Украінай і Расеяй адбыўся найбольшы абмен палоннымі з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю. Расея вызваліла 215 украінцаў і 10 вайскоўцаў Інтэрнацыянальнага легіёну, а Ўкраіна — 55 расейцаў і калябарантаў, а таксама арыштаванага праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе Віктара Медзьведчука, лідэра ўжо забароненай ва Ўкраіне партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» і кума расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.
Свабода сабрала падрабязнасьці гэтага абмену.
Пра абмен дамаўляліся Эрдаган і насьледны прынц Саудаўскай Арабіі
Раней за ўсіх аб дасягненьні дамоўленасьці ў абмене палоннымі між Расеяй і Ўкраінай паведамілі сродкі масавай інфармацыі Турэччыны і Саудаўскай Арабіі. Першыя спасылаліся непасрэдна на прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, а другія — на інфармаваныя крыніцы.
З уладамі Расеі і Ўкраіны пра ўмовы абмену дамаўляліся Рэджэп Эрдаган і насьледны прынц Саудаўскай Арабіі Мухамэд бін Салман. У выніку з расейскага палону вызвалілі 215 украінцаў і 10 байцоў Інтэрнацыянальнага легіёну, у тым ліку тых, каго асудзілі ў так званых «народных рэспубліках» Данбасу на сьмяротнае пакараньне або вялікія тэрміны пазбаўленьня волі.
Украінцаў вывезьлі ў Турэччыну, а іншаземцаў — у Саудаўскую Арабію.
Папярэдне вядома, што адной з умоваў стала тое, што частка ўкраінскіх абаронцаў — камандзіры палку «Азоў» — застануцца ў Турэччыне да заканчэньня вайны, а іншаземцы змогуць вярнуцца ў свае краіны.
Сярод вызваленых іншаземцаў — грамадзяне ЗША, Вялікай Брытаніі, Марока, Швэцыі і Харватыі.
Медзьведчука абмянялі на 200 украінскіх абаронцаў
Формулу абмену ўдакладніў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Паводле яго, за Віктара Медзьведчука Расея перадала 200 абаронцаў Украіны.
«Мы абмянялі аднаго фаната Расеі на 200 ваяроў. Спачатку нам прапанавалі вярнуць 50 нашых людзей у абмен на аднаго з тых, хто знаходзіўся ў сьледчым ізалятары СБУ. Мы размаўлялі, настойвалі. Лік 50 павялічыўся да 200. Яны ўжо ва Ўкраіне», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго, Украіна перадала Расеі 55 яе вайскоўцаў за камандзіраў вайсковых падразьдзяленьняў, якія абаранялі Марыюпаль і «Азоўсталь», — Сяргея Валынскага, Сьвятаслава Паламара, Дзяніса Пракапенку, Алега Хаменку і Дзяніса Шлегу.
Сярод вызваленых украінскіх вайскоўцаў і цяжарныя жанчыны, а таксама некалькі параненых з калёніі ў Аленаўцы. За іх найбольш перажывалі ва Ўкраіне.
Расея пэўны час адмаўлялася ўключаць Медзьведчука ў сьпіс для абмену
Праваахоўныя органы Ўкраіны затрымалі Віктара Медзьведчука сёлета 12 красавіка. Медзьвядчук знаходзіўся ва Ўкраіне пад хатнім арыштам па факце дзяржаўнай здрады і садзейнічаньня тэрарыстычнай дзейнасьці, аднак пазьней яму зьмянілі меру стрыманьня.
Праз тыдзень пасьля арышту прарасейскі палітык у відэазвароце папрасіў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і Расеі Ўладзіміра Пуціна абмяняць яго на палонных украінскіх вайскоўцаў і цывільных жыхароў Марыюпалю. Аднак Крэмль ня выказаў гатоўнасьці да такога абмену.
«Медзьвядчук не зьяўляецца грамадзянінам Расеі. Ён ня мае ніякага дачыненьня да спэцыяльнай ваеннай апэрацыі. Ён зьяўляецца замежным палітычным дзеячом. Мы наагул ня ведаем, ці хоча ён сам нейкага ўдзелу Расеі ў вырашэньні гэтай пасквільнай у дачыненьні да яго сытуацыі», — заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў.
Першым з ініцыятывай абмену Медзьведчука на ўкраінскіх абаронцаў выступіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, адразу ж пасьля затрыманьня і арышту прарасейскага палітыка.
Лёс беларускіх палонных застаецца невядомым
Беларусаў, якія трапілі ў палон пад Лісічанскам у ліпені, Яна Дзюрбейкі і Сяргея Дзёгцева, у сьпісе вызваленых няма. Дагэтуль невядома, дзе іх утрымліваюць і што зь імі адбываецца.
Раней Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамляў, што іхных імёнаў пакуль няма ў рэестры абаронцаў Украіны, якія трапілі ў расейскі палон.
Вызваленыя з палону расейцы
Украінскі ўпаўнаважаны па правах чалавека Дзьмітрый Лубінец апублікаваў фотаздымкі перададзеных Расеі ваеннапалонных Узброеных сіл РФ. «Маладыя «дзеці» і пэнсіянэры другой арміі сьвету», – напісаў ён.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.