Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека (БААПЧ) заклікала службовых асоб Беларусі, адказных за ўмовы ўтрыманьня, забясьпечыць рэалізацыю правоў зьняволеных, спыніць абуральную і супрацьпраўную практыку нядопуску адвакатаў да іх.
БААПЧ нагадала, што стварэньне ўмоў «інкамунікада» для зьняволеных асоб можа расцэньвацца як катаваньні.
«Міжнароднае права зьмяшчае абсалютную забарону на ўтрыманьне асоб, пазбаўленых волі, у стане „інкамунікада“ — бяз сувязі са зьнешнім сьветам. Працяглае зьняволеньне бяз права зносін можа ствараць умовы для прымяненьня катаваньняў і само па сабе зьяўляецца формай жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага для годнасьці абыходжаньня, яно забаронена рэзалюцыяй 43/173 Генэральнай Асамблеі ААН ад 9 сьнежня 1988 году, Артыкулам 62 Канстытуцыі Беларусі».
Цяпер ёсьць паведамленьні пра нядопуск адвакатаў да грамадзян, якія адбываюць пакараньні па палітычна матываваных катэгорыях спраў. Так, у стане «інкамунікада» больш за 90 дзён знаходзіцца Мікола Статкевіч. Ня менш трывожная інфармацыя паступае пра Віктара Бабарыку, які, паводле апошніх зьвестак, знаходзіўся ў лякарні. Цяпер пра ягоны лёс нічога не вядома.
Таксама ў СМІ гучыць інфармацыя пра адсутнасьць сувязі зь Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Марыяй Калесьнікавай, Максімам Знакам, нагадала БААПЧ.