Хвароба дыктатара, якая аказалася не фатальнай (ці сымуляцыя хваробы — ня так гэта істотна) мусіла перакрыць у масавай сьвядомасьці навіну пра жорсткае пабіцьцё ў наваполацкай калёніі, шпіталізацыю і ўрэшце зьнікненьне Віктара Бабарыкі. Тры тыдні пра палітыка няма ніякіх зьвестак. Пабіць ці забіць яго мог загадаць толькі Лукашэнка.
Давялося чуць думку, што для прыкрыцьця гэтай невядомасьці зараз можа здарыцца які-небудзь тэракт (як гэта бывала) і да чаго пастаянна рыхтуе публіку тэлевізар. Узарваць нешта і сьпісаць, натуральна, можна на Ўкраіну. Але ў тэракт сёньня мала хто паверыць, бо палка, перагнутая да канца, можа папросту зламацца. Ну і на тле вайны «нейкі» ўзарваны дом ці станцыя мэтро — слабая заслона.
Патрэбна было нешта новае, незвычайнае і нечаканае. Напрыклад, хвароба Лукашэнкі, чаго так паказальна ніколі не здаралася і што пры тым многімі ўспрымалася не як трагедыя, а як чаканая палёгка.
Увогуле, гэта даўняя практыка, калі зьнікалі рэальныя канкурэнты Лукашэнкі, публіка гэта «зьядала» і забывала. Але адна рэч, калі чалавек зьнік па дарозе ў лазьню, а іншая — калі яго забілі ў турме. Вось паказалі, як Вітольд Ашурак у турме «забіўся сам». Хто ня ведае Ашурка, а такіх большасьць, можа і паверыць. З Бабарыкам, якога ведаюць усе, не паказалі і не сказалі нічога. І час, каб «замяць па-хуткаму» мінуў. Што застаецца дыктатару?
Калі б Лукашэнка дакладна ведаў, што Бабарыка жывы і яго заўтра можна будзе паказаць публіцы, не было б такога алярму, калі самому чуткамі пра «ўласную сьмерць» давядзецца «прыкрываць» сьмерць канкурэнта. Хоць бы на некалькі дзён, пакуль адсутнасьць інфармацыі пра Бабарыку ня стане будзённасьцю — як з тымі, хто «зьнік» на волі, пакуль ня зьявяцца чуткі, што Ганчара бачылі ў Бразыліі ў белых штанах. Пакуль, урэшце, апазыцыянэры самі сваімі заявамі не абясцэняць асобу «газпромаўскага агента» Бабарыкі, а значыць, і ягонае забойства.
Трэба ўяўляць сабе, наколькі гэта небясьпечная «гульня» ва ўмовах тыраніі — абясцэньваньне забойства за кратамі. Вярнуцца да нармальнай чалавечай маралі будзе зусім ня проста. Яшчэ цяжэй вярнуцца да выкананьня ўжо абясцэненых законаў. Бо проста ня будзе каму вяртацца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.