Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігавыдавец Зьміцер Вішнёў: «Выдаваньне беларускай літаратуры за мяжой будзе пашырацца»


Зьміцер Вішнёў
Зьміцер Вішнёў

У Беларусі цалкам паралізаваны незалежны кнігавыдавецкі працэс, але беларускія кнігі выходзяць. За мяжой. І іх выдаваньне па-за межамі краіны будзе пашырацца, упэўнены наш сёньняшні госьць, літаратар, мастак і кнігавыдавец Зьміцер Вішнёў.

— Дазвольце пачаць нашу гутарку з асабістага пытаньня: калі, чаму і як вы пакінулі Беларусь?

— Яшчэ летась я падаўся на літаратурную рэзыдэнцыю ў Швэцыю, каб неяк ажывіць працу над уласнай кнігай. Некалькі гадоў я ня мог пісаць вершы. Пасьля 2020 году я ня мог працаваць ужо і над прозай. Быў нейкі псыхалягічны ступар. Працаваў урыўкамі і несыстэмна. І вось у красавіку на запрашэньне Літаратурнага дому Паўночных краін я выправіўся ў цудоўны горад Омаль. І менавіта там мяне засьпела навіна аб прыпыненьні Міністэрствам інфармацыі дзейнасьці выдавецтва «Галіяфы», а таксама нашай кнігарні. Ад адной чыноўніцы я літаральна пачуў, што ажно з 2016 году я займаюся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Калі ў краіне за камэнтары ў інтэрнэце садзяць за краты на некалькі гадоў, дык пасьля такіх словаў хочаш ня хочаш — задумаесься.

Яшчэ да нядаўняга часу я спадзяваўся, што працу выдавецтва можна будзе аднавіць. Думалася, што гэта нейкая тэхнічная недарэчнасьць. Больш за ўсё ў гэтай сытуацыі мне няёмка перад аўтарамі, кнігі якіх мы так і не пасьпелі выдаць, а «завісла» ў нас каля 30 праектаў.

— Скажыце колькі слоў пра вашы шляхі-дарогі перад тым, як вы спыніліся ў Нямеччыне. І, дарэчы, чаму менавіта там?

— Пасьля Швэцыі я выехаў у Нямеччыну, дзе ў мяне была другая літаратурная рэзыдэнцыя — у Віпэрсдорфе. Нічога дзіўнага ў тым, што я апынуўся ў Нямеччыне, няма. Шмат гадоў я працую зь перакладчыцай Марцінай Якабсан, якая перакладае мае творы на нямецкую мову. У нямецкім выдавецтве Luxbooks у 2014 годзе выйшаў мой раман Das Brennesselhaus.

Калі я прыехаў у Нямеччыну, падзеі ў Беларусі нечакана працягнулі разгортвацца: прыпынілі дзейнасьць яшчэ двух незалежных выдавецтваў — «Кнігазбору» і «Лімарыусу», не далі працаваць новай краме «Кнігаўка». Кінулі на месяц за краты Андрэя Янушкевіча, выдаўца майго антыраману «Калі прыгледзецца — Марс сіні».

XXVIII Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, 18 лютага 2021
XXVIII Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, 18 лютага 2021

— Ці шмат беларускіх творцаў цяпер асела ў Нямеччыне? Ці ўтварыліся між імі творчыя і сяброўскія суполкі?

— Я тут не настолькі доўга, каб добра адказаць на гэтае пытаньне. Пакуль я наведаў толькі некалькі імпрэзаў, у тым ліку выступ паэта Дзьмітрыя Строцава, арганізаваны суполкай беларусаў Нямеччыны «Разам», а таксама прэзэнтацыю кнігі «Анталёгія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт». На абедзьве падзеі прыйшло шмат людзей, сярод якіх былі і знаёмыя.

Я рады пабачыць Бэрлін — горад, блізкі мне па духу. Раней некалькі гадоў запар я прыяжджаў у мастацкі дом «Tacheles» займацца жывапісам і пэрформансам. Ад пачатку існаваньня мастацкага дому ў ім была заснаваная беларуская галерэя «Daсh». Я працаваў у ёй па некалькі месяцаў, але гэта было больш за 10 гадоў таму. Прыяжджаў у Бэрлін і як літаратар па розных запрашэньнях. Выступаў зь вершамі каля Брандэнбурскай брамы, жыў месяц на Ванзэе. Мой асабісты Бэрлін заўсёды асацыяваўся з такімі імёнамі, як Алесь Родзін, Ігар Кашкурэвіч, Алесь Тарановіч, Ігар Ермакоў. З тых даўніх часоў у мяне ёсьць тут і блізкія сябры — як беларусы, так і немцы.

— Чым заняты цяпер ваш час? Што ўжо, магчыма, удалося зрабіць за гэтыя месяцы?

— Застаецца шмат пытаньняў, зьвязаных з выдавецтвам, і я неяк, наколькі гэта магчыма, спрабую іх вырашаць. Часам здаецца, што мазгі закіпаюць ад усяго, што адбываецца.

Я быў і застаюся літаратарам. Пасьля таго, як я выехаў з Беларусі, да мяне нечакана сталі прыходзіць вершы — адзін, другі, трэці. Фактычна ў мяне ўжо падрыхтаваная новая кніга вершаў, эсэ і нататак — нават ёсьць з адным выдавецтвам папярэдняя дамоўленасьць наконт выданьня. У плянах таксама праца над дакумэнтальна-мастацкай кнігай — хочацца зрабіць такі своеасаблівы мікс. Пакуль яшчэ хаджу вакол гэтай ідэі, прадумваю дэталі.

Рэзыдэнцыя ў швэдзкім Омалі скончылася маім літаратурным выступам, на які са Стакгольму прыехаў сябра — паэт Зьміцер Плакс. Ён пераклаў на швэдзкую некалькі маіх новых вершаў, за што я яму вельмі ўдзячны. На сустрэчу прыйшло шмат людзей, была дыскусія пра культуру адмены.

У Віпэрсдорфе, акрамя літаратурнай дзейнасьці, у мяне была магчымасьць займацца і жывапісам. У верасьні тут на фэстывалі будуць выстаўленыя некалькі маіх прац.

Для мяне было адкрыцьцём, што ў Віпэрсдорфе цэлы год пражыў Васіль Быкаў. У мясцовай бібліятэцы я нават адшукаў некалькі ягоных нямецкамоўных выданьняў з аўтографамі. Калісьці падчас знаходжаньня ў Фінляндыі мы зь Сержуком Мінскевічам тэлефанавалі спадару Васілю і пыталіся пра ягоныя справы. Тады была вельмі прыемная гутарка…

Зьміцер Вішнёў, «Калі прыгледзецца – Марс сіні»
Зьміцер Вішнёў, «Калі прыгледзецца – Марс сіні»

— А што цяпер у Менску з вашым выдавецтвам «Галіяфы»? Як думаеце, ці назаўсёды вы з ім разьвіталіся? І як наогул вы ацэньваеце пэрспэктывы незалежнай кнігавыдавецкай справы ў Беларусі?

— Праца выдавецтва паралізаваная. «Галіяфы» не прайшлі пераатэстацыю. Нам забаронена ня толькі выдаваць, але і рэалізоўваць выдадзенае. Іспыт у Беларусі для выдавецтваў — гэта легальны рычаг цэнзуры.

За два гады ў Беларусі адбылася амаль татальная зачыстка грамадзкай супольнасьці. І вось сярод гэтага ўсяго неяк дзіўным выглядала адладжаная праца незалежных выдавецтваў. Як той казаў, «трэба было чакаць шчасьця воз».

Шкада «Галіяфаў», але я думаю, што тут ад мяне ўжо нічога не залежыць. Я аддаў гэтаму выдавецтву ладны кавалак жыцьця, пятнаццаць гадоў, намагаўся выдаваць вартыя творы. Выдадзены сотні назваў кніг, за большасьць зь іх мне ня сорамна. Многія выданьні сталі ляўрэатамі незалежных прэмій. Нашыя аўтары раскіданыя сёньня па ўсім сьвеце — ад Нью-Ёрку, Мюнхэну, Бэрліну да Лынтупаў і Менску.

— Ці магчыма, гледзячы на сытуацыю са шматгадовым выдавецкім досьведам, наладзіць выпуск беларускіх кніг за мяжой? У той жа Нямеччыне, да прыкладу, ці ў іншых краінах, дзе апынуліся не па сваёй волі многія беларускія літаратары і выдаўцы? А мо ўжо нешта ў гэтай справе робіцца беларусамі ў выгнаньні?

— Выдаваньне за мяжой беларускамоўнай літаратуры ўжо адбываецца. Ёсьць выдавецтва «Логвінаў» у Вільні, выдавецтва «Вясна» ў Празе. Цяпер ствараецца ў Нямеччыне адна выдавецкая ініцыятыва, але пра яе пакуль рана гаварыць, бо яна толькі арганізуецца. У кожным разе, мне хацелася б давесьці распачатыя ў «Галіяфах» праекты да лягічнага завяршэньня. Хочацца, каб выйшлі кнігі, якія ўжо рыхтаваліся. Буду старацца гэта зрабіць празь іншыя выдавецтвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG