Апэляцыйны трыбунал Міжнароднага паралімпійскага камітэту (МПК) «з тэхнічных прычынаў» адмяніў рашэньне аб прыпыненьні сяброўства Паралімпійскіх камітэтаў Расеі і Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце камітэта.
Рашэньне аб прыпыненьні сяброўства Расеі і Беларусі было прынята 16 лістапада мінулага года на пазачарговым пасяджэньні генасамблеі МПК і тлумачылася няздольнасьцю Расеі выконваць абавязкі ў адпаведнасьці са статутам камітэту. Прадстаўнікі Расеі і Беларусі назвалі гэтае рашэньне незаконным.
У МПК заявілі, што «паважаюць» рашэньне Апэляцыйнага трыбуналу, але «ня згодныя зь ім», таму дадуць «дадатковыя доказы» на пасяджэньні генэральнай асамблеі, якое адбудзецца ў чацьвёртым квартале 2023 году.
Пры гэтым трыбунал пакінуў у сіле рашэньне МПК аб тым, каб не прымаць заяўкі спартоўцаў з Паралімпійскага камітэту Расеі і Паралімпійскага камітэту Беларусі.
У пачатку сакавіка 2022 году Міжнародны паралімпійскі камітэт не дапусьціў расейскіх і беларускіх спартоўцаў да гульняў у Пэкіне. Прэс-служба МПК паведаміла, што многія нацыянальныя камітэты, каманды і спартоўцы адмаўляліся спаборнічаць з расейцамі і беларусамі.
Міжнародны алімпійскі камітэт раней дапусьціў выступленьне расейскіх і беларускіх спартоўцаў на Алімпійскіх гульнях, але толькі ў нэўтральным статусе і толькі ў тым выпадку, калі яны выступаюць у індывідуальных відах спорту, не выступалі з падтрымкай уварваньня ва Ўкраіну і ня маюць сувязяў з расейскім або беларускім войскам, а таксама зь сілавымі структурамі і органамі бясьпекі.
Міжнародныя фэдэрацыі за поўнамаштабнае ўварваньня Расеі ва Ўкраіну забаранілі расейскім спартоўцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у біятлоне, валейболе, плаваньні, фігурным катаньні і канькабежным спорце. У красавіку 2023 году Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны забараніла ўкраінскім нацыянальным зборным камандам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, калі ў іх бяруць удзел атлеты зь Беларусі ці Расеі.