Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мроі пра «альтэрнатыўную Алімпіяду». Беларускі спорт задыхаецца ад санкцыяў


Прэзыдэнт МАК Томас Бах рэкамэндуе нацыянальным алімпійскім камітэтам не спаборнічаць зь беларусамі
Прэзыдэнт МАК Томас Бах рэкамэндуе нацыянальным алімпійскім камітэтам не спаборнічаць зь беларусамі

Беларускі спорт трапляе ўва ўсё большую ізаляцыю. Спартовыя функцыянэры яшчэ спрабуюць рабіць выгляд, што іх гэта ня тычыцца. Маўляў, ня вельмі й хацелі; сусьветны спорт страціць больш ад няўдзелу беларусаў; у сумесных спаборніцтвах з Расеяй магчымае рэальнае разьвіцьцё.

Але насамрэч усе разумеюць, што гэта крывадушнасьць: крызіс робіцца відавочным для ўсіх.

Прыпыненьне сяброўства Беларусі ў Міжнародным паралімпійскім камітэце (МПК) — чарговы балючы ўдар па беларускім спорце, які расплочваецца за памылкі палітычнага кіраўніцтва Беларусі.

У дзяцінстве сярод іншых кніг на маёй паліцы стаяў даведнік у зялёнай вокладцы, выпушчаны ў Маскве пад назвай «Все матчи сборной СССР по футболу». Выдалі яго ў канцы 80-х, таму друкаваць новы «са зьменамі і дапаўненьнямі» ўжо амаль не было патрэбы. Гартаючы і чытаючы кнігу, па звычцы, ад пачатку да канца, я ня мог даўмецца: чаму ўсе 20-30-я гг. ХХ ст. савецкая зборная гуляла амаль выключна супраць Турэччыны?

Савецкія футбалісты сустракаліся з турэцкай нацыянальнай зборнай і зборнай «народных дамоў», пэўнага аналягу галоўнай пралетарскай каманды. Толькі празь некалькі гадоў мне стала зразумелай прычына: савецкі спорт проста не прызнавалі на палітычным узроўні — як і бальшавіцкі рэжым у СССР.

Дайшла чарга і да паралімпійцаў

Хто мог падумаць, што мы дажывем да моманту, калі ў сытуацыі «частковага прызнаньня» апынецца спорт незалежнай Беларусі? Яшчэ месяц таму ніякай сур’ёзнай рэакцыі не сустрэла навіна пра нядопуск беларускіх валейбольных зборных да кваліфікацыйных турніраў Алімпіяды-2024 у Парыжы. 16 лістапада прыйшла чарговая «чорная метка» — прыпыненьне сяброўства Беларусі ў Міжнародным паралімпійскім камітэце (МПК). Праўда, 45 краін выказаліся супраць такіх захадаў для Беларусі, але 54 — «за».

Прэс-служба МПК паведаміла, што многія нацыянальныя камітэты, каманды і спартоўцы адмаўляліся спаборнічаць з расейцамі і беларусамі. Відавочна, з прычыны вайны, пачатай пуцінскім рэжымам і падтрыманай лукашэнкаўскім. Спаборніцтвы пад пагрозу вырашылі ня ставіць і правялі галасаваньне, вынікам якога стала прыпыненьне сяброўства дзьвюх краін у арганізацыі.

Цалкам магчымым наступным крокам стануць больш строгія меры ад Міжнароднага алімпійскага камітэту, хоць ужо і раней прэзыдэнт МАК Томас Бах казаў, што абмежаваньні мусяць застацца, бо вайна працягваецца. Не забудзем, што 28 лютага МАК рэкамэндаваў спартовым фэдэрацыям не дапускаць расейскіх і беларускіх атлетаў і функцыянэраў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах, а таксама не праводзіць свае спаборніцтвы на тэрыторыях гэтых дзьвюх краін.

Спартоўцы на службе рэжыму

Адзін з самых вядомых паралімпійцаў Беларусі — Аляксей Талай, постаць у апошнія гады больш палітычная, чым спартовая. Гэта ён езьдзіць на акупаваныя расейцамі тэрыторыі Ўкраіны, сустракаецца зь мясцовымі калябарантамі, а затым расказвае беларускім школьнікам на сустрэчах пра вайну і гераізм.

Сярод галасоў НАК, калі не лічыць прызначанага яго кіраўніком старэйшага сына Лукашэнкі Віктара, таксама ёсьць асобы, актыўна ўключаныя ў палітычнае паляваньне на вядзьмарак. Скакуха ў даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова, напрыклад, нядаўна спрагназавала сваю, альтэрнатыўную Алімпіяду, заявіўшы, што трэба «аб’ядноўвацца краінамі і даць сваю альтэрнатыву міжнароднай лёгкай атлетыцы. Аб’яднаць краіны СНД, Кітай, Арабскія Эміраты». Толькі Мірончык-Іванова, відаць, забыла, што ААЭ і Кітай ад міжнародных стартаў не адхіляў ніхто, а вось Беларусь у «прычэпе» да Расеі рэальным чынам рызыкуе не паехаць на Алімпіяду-2024. Гэта — прапушчаны 4-гадовы цыкль, для кароткага веку спартоўца — трагедыя.

Скакун у вышыню Максім Недасекаў меў бы ў Парыжы шанцы на высокае месца — ён раней дэманстраваў свой талент высокімі паказьнікамі. Але рызыка ня трапіць у Францыю яго, відаць, ня надта турбуе, і нядаўна атлет зноў яскрава выступіў за ўладу, сказаўшы, што спартоўцы разам зь ім «пойдуць з вайскоўцамі, нават калі нешта будзе адбывацца». Што канкрэтна меў на ўвазе Недасекаў, так і засталося загадкай, але чырвона-зялёнаму курсу ён застаўся верным.

Мо спартовец лічыць мабілізацыю ў войска і расейскую вайну супраць Украіны выбарам, цікавейшым за Парыж, дзе ён мог бы выступаць на запоўненым стадыёне? Ягоныя словы можна патлумачыць і так.

Максім Недасекаў з бронзавым мэдалём Алімпіяды-2020 у Токіо
Максім Недасекаў з бронзавым мэдалём Алімпіяды-2020 у Токіо

Футбольных клюбаў Беларусі пакуль ня выключылі зь міжнародных турніраў, затое сёлета яны хутка выбылі адтуль самі. Зборная краіны калекцыянуе паразы, а ў міжнароднай паўзе сустракацца зь ёю захацелі толькі Сырыя і Аман. Што яны для беларусаў, што беларусы для іх — малацікавыя.

Хакейная зборная не згуляе ў чэмпіянаце сьвету ў траўні 2023-га, калі толькі раптам рэзка ня зьменіцца палітычнае становішча. Тэнісістка Арына Сабаленка за сваю пралукашэнкаўскую пазыцыю і ігнараваньне вайны ўжо ня раз атрымлівала адмовы суперніц паціснуць ёй руку.

Слаўная баскетбалістка Алена Леўчанка пры цяперашнім стане рэчаў мае радавацца, што за мяжой і на волі: цяперашняе кіраўніцтва фэдэрацыі баскетболу магло б зарганізаваць ёй разьвітальны матч хіба ў прагулачным дворыку на Акрэсьціна, дзе зорка айчыннага баскетболу ўжо бывала.

Паводле прынцыпу пятлі

Пакуль туманнымі застаюцца пэрспэктывы міжнародных стартаў для тых беларусаў, якія асудзілі вайну і выступілі за Ўкраіну. Паездка дэлегацыі «свабодных спартоўцаў» у ЗША дагэтуль ня мае відавочнага для грамадзтва плёну і не дае адказу на пастаўленае пытаньне. Варыянт, называны раней, — выступленьне пад нэўтральным сьцягам — ніхто на афіцыйным узроўні яшчэ не агучыў, канкрэтыкі няма. Грамадзянства іншых краін атрымаць ня так лёгка, а шмат хто з спартоўцаў ня будзе і спрабаваць.

Ізаляцыя беларускага спорту адбываецца паводле прынцыпу пятлі, якая надалей зацягваецца на шыі. Толькі крыкаў знутры не чуваць — нехта з спартоўцаў, ня выключана, рыхтуе дакумэнты для выезду за мяжу, а нехта, як Мірончык-Іванова, адважна кажучы пра яднаньне адрынутых, насамрэч рыхтуецца прымірыцца з новымі рэаліямі.

Матчы зборнай СССР зь іншымі камандамі, як сьведчыў мой зялёны даведнік, пачаліся толькі ў сярэдзіне 50-х. Тады Савецкі Саюз быў ужо пераможцам у 2-й Сусьветнай вайне і паціху выбіраўся зь міжнароднай ізаляцыі. І ўжо ў 1956-м на Алімпіядзе ў Мэльбурне савецкія спартоўцы добра паказалі сябе ў некалькіх відах. Для беларускага спорту, аслабленага палітычнымі падзеламі і незайздросным станам эканомікі, будучы выхад зь міжнароднай ізаляцыі можа расьцягнуцца на гады і дзесяцігодзьдзі. Нават фрыстайлу, які здабываў мэдалі на кожнай Алімпіядзе, а потым стаўся разрабаваным уладаю, давядзецца пачынаць фактычна з нуля.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG