Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шахтар» пазбавілі званьня чэмпіёнаў Беларусі ў футболе за дамоўныя гульні


Эмблема «Шахтара»
Эмблема «Шахтара»

Каманду пазбавілі чэмпіёнскага тытулу, здабытага летась, аштрафавалі на 370 000 рублёў і пазбавілі 30 пунктаў у цяперашнім сэзоне і 20 пунктаў — у наступным.

Такія наступствы рашэньня Асацыяцыі Беларуская фэдэрацыя футболу (АБФФ) ў справе аб дамоўных матчах. Разбор найперш тычыцца гульні «Шахтара» з бабруйскай «Белшынай» 12 лістапада 2022 году. Сьледзтва заяўляе, што салігорцы заплацілі бабруйчанам, каб тыя паспрабавалі «забясьпечыць» патрэбны «Шахтару» вынік матчу. Абедзьвюм камандам прысудзілі тэхнічную паразу, вынікае з афіцыйнага камюніке АБФФ.

Акрамя таго, менскі «Энэргетык-БДУ» пазбавілі сярэбраных мэдалёў леташняга сэзону, прысудзілі штраф у 74 тысячы беларускіх рублёў. У гэтым сэзоне «Энэргетык-БДУ» пазбавілі 20 пунктаў, у наступным каманда пачне зь мінус 10 пунктамі.

Акрамя таго, «Шахтар» і «Энэргетык-БДУ» не атрымалі ліцэнзій на выступы ў эўракубкавых турнірах.

У клюбаў яшчэ ёсьць шанец падаць апэляцыю цягам трох працоўных дзён.

Як піша football.by, чэмпіёнскі тытул за 2022 год не прысудзяць нікому. Барысаўскі БАТЭ, які стаў бронзавым прызэрам, хутчэй за ўсё, выступіць у эўракубках.

Дысцыплінарны камітэт фэдэрацыі вынес рашэньне на падставе зьвестак, што падчас Найвышэйшай лігі – 2022 кіраўніцтва «Шахтара» «арганізавала дамоўныя матчы, а таксама ажыцьцявіла неправамернае фінансавае стымуляваньне камандаў Найвышэйшай лігі».

Дырэктар салігорскага клюбу Аляксандар Марчанка з канца студзеня знаходзіцца пад сьледзтвам у справе паводле ч. 3 арт. 424 КК («Злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі»), яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня. 11 траўня АБФФ аштрафаваў функцыянэра, які знаходзіцца за кратамі, на 18 500 рублёў і адхіліў ад любой футбольнай дзейнасьці на 4 гады.

На тле скандалу з дамоўнымі матчамі зьявілася інфармацыя, што «Беларуськалій» можа істотна скараціць фінансаваньне футбольнай каманды. Сьледзтва мяркуе, што летась было 5 дамоўных матчаў.

Папярэднія справы

Гэта ўжо трэцяя крымінальная справа апошніх гадоў, зьвязаная з подкупам гульцоў і іншых удзельнікаў матчаў у беларускім футболе. Папярэднія справы завяршаліся судамі, штрафамі, адхіленьнямі ад футболу і нават турэмнымі тэрмінамі.

Напрыклад, колішні гулец нацыянальнай зборнай Беларусі Віталь Ланько, які фігураваў у абедзьвюх справах, такім чынам зрабіўшы рэцыдыў, атрымаў прысуд у 3 гады калёніі агульнага рэжыму.

У 2020-м адбыўся суд над 20 удзельнікамі схемы арганізацыі дамоўных матчаў. Тады сьледзтва выявіла 15 выпадкаў подкупу ўдзельнікаў прафэсійных спаборніцтваў, а таксама 12 фактаў, зьвязаных з ашуканскім завалоданьнем грашыма букмэкерскіх кантораў.

Дамоўныя матчы існуюць як у футболе, так і ў іншых відах спорту, камандных і індывідуальных. Гэта форма махлярства, якое мае некалькі відаў:

  • інсцэнаваньне барацьбы на полі замест рэальнага змаганьня;
  • забесьпячэньне асобнымі футбалістамі або цэлай камандай «патрэбнага» выніку ці падзеі на полі, якія дыктуе замоўца;
  • узаемная дамоўленасьць дзьвюх дружынаў згуляць зь лікам, які задавальняе абодва бакі, або наўмысная параза аднаго з бакоў за матэрыяльнае заахвочваньне;
  • стаўкі на спартовыя падзеі, часта з уласным удзелам у іх; стымуляваньне адной з камандаў на больш упартую барацьбу, каб забясьпечыць вынік, патрэбны іншаму клюбу;
  • іншае.

Як адзначаюць футбольныя экспэрты, удзел у арганізацыі дамоўных матчаў няпроста даказаць у судзе. У схеме зазвычай удзельнічаюць лічаныя людзі, а трэнэры і партнэры футбалістаў, якія гуляюць на канкрэтную задачу, часта ня ведаюць іхных плянаў. Многія факты высьвятляюцца толькі праз шмат гадоў пасьля таго, як адбыліся матчы, а большасьць так і застаецца здагадкамі і падазрэньнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG