Новым кіраўніком Асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу» стаў Мікалай Шарсьнёў. 62-гадовы чыноўнік узначальваў Віцебскі аблвыканкам, а раней быў дарадцам Лукашэнкі па Віцебскай вобласьці. Цяпер ён намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня інвэстыцыйна-вытворчай дзейнасьці і адміністрацыйна-гаспадарчых пытаньняў Акадэміі навук.
Па першай адукацыі Шарсьнёў — заатэхнік, ён двойчы са сваім калгасам перамагаў на «Дажынках» у 90-х. Да спорту дачыненьне мае, але не да футболу, а да гіравога спорту, ён аўтар некалькіх рэкордаў Беларусі ў сваёй узроставай катэгорыі ў практыкаваньнях са штангай лежачы і практыкаваньнях зь гірай.
Што тычыцца ініцыятывы вылучэньня кандыдатуры, то, як прызнаўся сам Шарсьнёў дзяржаўнай прэсе, гэта была не ягоная ідэя, а Віцебскай абласной фэдэрацыі футболу. Яго ж толькі паставілі перад фактам, але ён, ацаніўшы сытуацыю, прыняў выклік.
Шарсьнёў таксама адзначыў, што яго нельга адносіць да футбольных спэцыялістаў, але ён разумее некаторыя праблемы гэтага віду спорту ў Беларусі. Адной зь іх ён лічыць адсутнасьць патрыятызму ў гульцоў.
Папярэдні кіраўнік АБФФ — Уладзімер Базанаў — таксама ня меў ніякага дачыненьня да футболу перад сваім прыходам, ён вайсковец-артылерыст. Толькі за некалькі гадзін перад выбарамі 22 сакавіка Базанаў афіцыйна заявіў, што балятавацца на пасаду ня будзе. Такім чынам, выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове і завяршыліся перамогай Мікалая Шарсьнёва.
Пры Ўладзімеру Базанаву на чале АБФФ беларуская нацыянальная зборная істотна апусьцілася ў міжнародным рэйтынгу зборных. Камандзе не ўдалося выйсьці на ніводзін буйны турнір. Беларускія клюбы таксама істотна пагоршылі свае паказчыкі на міжнароднай арэне, пераважна пакідаючы эўрапейскія кубкі пасьля паразаў на першых стадыях.
Сярод сваіх дасягненьняў Базанаў называў пабудову малых футбольных палёў са штучным пакрыцьцём. Гэта праект УЭФА па дапамозе членам арганізацыі, фінансуецца ён таксама з-за мяжы.
Беларускі фонд спартовай салідарнасьці склаў справаздачу пра шматлікія парушэньні ў АБФФ, у тым ліку хабарніцтва і палітычны ціск у арганізацыі. Аднак УЭФА не прыняла ніякіх рашэньняў у гэтай справе. Базанава як удзельніка санкцыйных сьпісаў затрымлівалі ў Чэхіі і анулявалі яму шэнгенскую візу. Але неўзабаве Базанава зноў бачылі ў Эўропе.