11 траўня ў Эўрапарлямэнце прынялі рэзалюцыю аб Беларусі: «Бесчалавечнае абыходжаньне і шпіталізацыя вядомага апазыцыянэра Віктара Бабарыкі».
«Парлямэнт заклікае ўлады Беларусі спыніць жорсткае абыходжаньне з былым кандыдатам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам і іншымі палітычнымі зьняволенымі і неадкладна і безумоўна вызваліць іх. Дэпутаты Эўрапарлямэнту рашуча асуджаюць „бесчалавечнае абыходжаньне з палітвязьнямі і чальцамі іх сем’яў“ у краіне і заклікаюць Беларусь забясьпечыць затрыманым доступ да належнай мэдыцынскай дапамогі, доступ да адвакатаў, сем’яў, дыпляматаў і міжнародных арганізацый для ацэнкі іх стану і аказаньня дапамогі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Эўрапарлямэнту.
Свабода сабрала вытрымкі з дакумэнту.
У рэзалюцыі адзначаецца, што былы кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка, які быў асуджаны ў ліпені 2021 года да 14 гадоў пазбаўленьня волі па палітычна матываваных абвінавачваньнях, быў шпіталізавалі пасьля ШЫЗА:
«У той час як Бабарыка быў шпіталізаваны са сьлядамі зьбіцьця і неабходнай апэрацыяй, яго адвакатам і сям’і адмаўляюць у інфармацыі або ў кантакце зь ім», гаворыца ў справаздачы.
Узгадваюцца і іншыя беларускія палітвязьні:
«Вядомыя беларускія палітвязьні, у тым ліку лідэры апазыцыі Марыя Калеснікава, Максім Знак, Сяргей Ціханоўскі, Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч, таксама падвергнуліся поўнай ізаляцыі з адсутнасьцю якой-небудзь інфармацыі пра іх. Зьняволеньне Анджэя Пачобута, лідэра польскай меншасьці ў Беларусі, зьяўляецца прыкладам перасьледу нацыянальных меншасьцяў у Беларусі», адзначаецца ў дакумэнце.
Абыходжаньне ў турмах
Да ўвагі быў прыняты даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў сакавіку 2023 г, які сцьвярджае, што ўмовы ўтрыманьня ў турмах Беларусі адносяцца да жорсткага, бесчалавечнага і прыніжаючага годнасьць абыходжаньня і катаваньняў. Зьняволеным не аказваецца своечасовая мэдыцынская і юрыдычная дапамога. Палітычныя зьняволеныя Аляксандр Віхор, Дзяніс Кузняцоў, Вітольд Ашурак і Мікалай Клімовіч загінулі ў зьняволеньні.
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі па стане на 11 траўня 1488 палітвязьні. Іншыя правааабарончыя ініцыятывы лічаць, што палітычных зьняволеных значна больш.
Якія высновы?
- Эўрапарлямэнт заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць жорсткае абыходжаньне з Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі і забясьпечыць належную мэдыцынскую дапамогу, доступ да адвакатаў і сямʼі, а таксама дыпляматаў і міжнародных арганізацый для ацэнкі іх стану і аказаньня дапамогі;
- Заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Віктара Бабарыкі, яго сына Эдуарда, Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Сяргея Ціханоўскага, Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Рамана Пратасевіча, Анджэя Пачобута і Алеся Бяляцкага, а таксама ўсіх іншых палітычных зьняволеных у Беларусі.
- Рашуча асуджае бесчалавечнае абыходжаньне з палітычнымі зьняволенымі, членамі іх семʼяў, а таксама працяг рэпрэсій супраць палітычнай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, прафсаюзаў, праваабаронцаў, незалежных СМІ і нацыянальных меншасцяў у Беларусі;
- Зноў заяўляе пра сваю салідарнасьць з народам Беларусі ў яго барацьбе за свабодную, сувэрэнную і дэмакратычную Беларусь і супраць уцягваньня Беларусі ў агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны;
- Заклікае Эўразьвяз і дзяржавы-члены да мэтанакіраванай праграмы дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, уключаючы паляпшэньне працэсаў прадастаўлення прытулку і прадастаўленне часовага прытулку ў Эўразьвязе для тых, хто шукае палітычнага прытулку;
- Зноў заклікае краіны-сябры Эўразьвязу пашырыць санкцыі ў дачыненьні да фізычных і юрыдычных асоб, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі, у тым ліку суддзяў, пракурораў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, турмаў і папраўчых калёній і асоб, якія забясьпечваюць рэжым, і забясьпечыць належнае выкананьне санкцый; заклікае да санкцый вінаватых у незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь;
- Паўтарае сваё патрабаваньне прыцягнуць да адказнасьці ўсіх вінаватых у сыстэматычных парушэньнях правоў чалавека пры рэжыме Лукашэнкі;
- Даручае свайму прэзыдэнту накіраваць гэтую рэзалюцыю ў Савет, Камісію, ВП/Віцэ-прэмʼера, дзяржавы-члены, прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў і фактычных уладаў Рэспублікі Беларусь.