Асобны пункт у сумеснай заяве прадстаўнікоў 26 краінаў – чальцоў Эўразьвязу з 27, якія ўхвалілі рэзалюцыю (Вугоршчына — адзіная краіна – сябра Эўразьвязу, якая не далучылася да рэзалюцыі), прысьвечаны сьмерці ў віцебскай калёніі палітвязьня Мікалая Клімовіча і стану здароўя Віктара Бабарыкі.
У рэзалюцыі, сярод іншага, адзначаецца наяўнасьць катаваньняў і бесчалавечнага або зьневажальнага для чалавечай годнасьці стаўленьня да палітычных зьняволеных у беларускіх турмах.
«У сувязі з гэтым, а таксама ў сувязі зь нядаўнім паведамленьнем пра сьмерць Мікалая Клімовіча ў беларускай турме, дазвольце яшчэ раз паўтарыць нашу занепакоенасьць сытуацыяй са здароўем палітвязьняў, у тым ліку былога патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, які быў шпіталізаваны, як паведамляецца, са сьлядамі пабояў.
Мы заклікаем улады гарантаваць яго бясьпеку і забясьпечыць яму неадкладнае і належнае мэдычнае абсьледаваньне і дапамогу. Мы зноў патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Віктара Бабарыкі і ўсіх іншых палітвязьняў», — гаворыцца ў заяве сталай рады АБСЭ.
У дакумэнце пад назвай «Справаздача для АБСЭ аб сур’ёзнай пагрозе чалавечаму вымярэньню ў Беларусі з 5 лістапада 2020 году» яе аўтар, прафэсар Сарбонскага ўнівэрсытэту ў Парыжы Эрвэ Асэнсьё падрабязна расказвае пра рэпрэсіўныя зьмены ў заканадаўстве Беларусі і практыку іх прымяненьня, пра стан беларускай грамадзянскай супольнасьці і асноўных свабод унутры краіны.
Што такое «Маскоўскі мэханізм»
- Маскоўскі мэханізм — мэтад працы АБСЭ ў галіне чалавечага вымярэньня, зацьверджаны ў 1991 годзе 38 дзяржавамі – сябрамі арганізацыі на нарадзе ў Маскве. Ён прадугледжвае магчымасьць накіраваньня экспэртных камісій для аказаньня дзяржавам-удзельніцам дапамогі ў вырашэньні канкрэтных пытаньняў або праблем, зьвязаных з чалавечым вымярэньнем.
- Папярэдні раз мэханізм у дачыненьні да Беларусі запускалі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Тады ў выніковым дакладзе місіі зьмяшчаўся шэраг рэкамэндацый Беларусі: прызначыць новыя прэзыдэнцкія выбары на аснове міжнародных стандартаў, спыніць гвалту у дачыненьні да пратэстоўцаў, прыцягнуць да адказнасьці вінаватых, вызваліць несправядліва затрыманых, пачаць дыялёг з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, стварыць назіральную місію БДІПЧ/ АБСЭ. Рэжым Лукашэнкі цалкам праігнараваў гэтыя рэкамэндацыі.
- У лютым 2023 году Сьвятлана Ціханоўская заклікала перазапусьціць Маскоўскі мэханізм адносна Беларусі.