Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўпершыню за ўсе гады ва ўладзе ня выступіў з прамовай на Дзень Перамогі ў Менску


Скрыншот з трансьляцыі дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1»
Скрыншот з трансьляцыі дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1»

Падчас ускладаньня вянкоў да манумэнта на плошчы Перамогі 9 траўня замест Аляксандра Лукашэнкі з прамовай выступіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Аляксандар Лукашэнка наведаў урачыстую цырымонію ўскладаньня кветак і вянкоў да манумэнта Перамогі ў Менску 9 траўня, аднак ня выступіў на ёй, як ва ўсе папярэднія гады.

Замест Аляксандра Лукашэнкі «на яго даручэньне» на цырымоніі выступіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, які «выказаў пазыцыю людзей у пагонах аб значэньні Вялікай Перамогі і ахарактарызаваў ваенна-палітычную абстаноўку вакол Беларусі», паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Падчас прамовы Хрэнін, сярод іншага, заявіў, што сёньня «разьвязанае глябальнае ваеннае супрацьстаяньне паміж заходняй і ўсходнеславянскай цывілізацыямі», і Захад «рукамі ўкраінцаў ваюе за свае інтарэсы». Таксама міністар падкрэсьліў, што беларускае войска «гатовае даць адпор любому, хто паспрабуе парушыць сьвятыя межы беларускай дзяржавы».

На цырымонію Лукашэнка прыбыў разам з трыма сынамі. У жывой трансьляцыі па беларускіх тэлеканалах амаль не паказалі, як Лукашэнка ідзе да абэліску, агулам яго не паказвалі буйным плянам.

Сёньня раніцай Аляксандар Лукашэнка пабываў на парадзе ў гонар 9 траўня ў Маскве. Ягоны выгляд, як адзначылі палітычныя аналітыкі, быў надзвычай сумны. У кулюарах пачалі гаварыць, што Лукашэнка прыляцеў у Маскву хворым: пра хваробу сьведчыў ягоны сіплы голас у час апошніх публічных выступаў.

Пасьля завяршэньня скарочанай часткі вайсковага параду на Краснай плошчы кіраўнікі краін пешкі адправіліся ў Аляксандраўскі сад, дзе знаходзіцца магіла Невядомага салдата. Да саду адтуль 850 мэтраў, але Лукашэнка адправіўся туды на машыне.

Таксама СМІ заўважылі, што ў Лукашэнкі была перабінтаваная правая рука. Прычына невядомая, як і падрабязнасьці пра стан ягонага здароўя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG