Лукашэнка ўпершыню за шмат гадоў на 9 траўня быў на парадзе ў Маскве. Запрошаныя Пуціным кіраўнікі дзяржаваў ішлі пешкі, але Лукашэнку спатрэбілася машына. Пра назіраньні з параду і пра новыя заявы Пуціна гутараць каардынатар экспэртнай сеткі «Наша меркаваньне», палітычны аналітык Вадзім Мажэйка і кандыдат палітычных навук, камэнтатар Deutsche Welle Іван Праабражэнскі.
Выбраныя тэзісы з гутаркі
Мажэйка:
- Відавочна, што Лукашэнка быў ня ў тым фізычным стане, каб яму было зручна ў такім удзельнічаць. Але выглядае, што ад Пуціна была прапанова, якая фактычна прымушае ехаць.
- Яшчэ пры канцы красавіка прэсавы сакратар Пуціна Пяскоў казаў, што на парадзе ня будзе замежных лідэраў.
- Звычайна Лукашэнка імкнецца прадэманстраваць, што ён нароўні зь лідэрамі іншых дзяржаваў. Тое, што ён ня браў удзелу ў сьняданку і не ішоў тыя 850 мэтраў пешкі зь іншымі, паказвае ягоны фізычны стан.
- Звычайна Лукашэнку паказваюць ня толькі ў зручных для яго ракурсах, але і ў зручны для яго час. А тут немагчыма было перанесьці дату, і давялося ляцець. Магчыма, што гэта ягоны тыповы стан апошняга часу, але мы проста гэтага ня бачылі раней.
- Калі глядзець на практычныя дзеяньні Лукашэнкі, дык ён увесь час гаворыць пра ўкраінскі досьвед — пра тыя ж мабільныя брыгады. Пераймаць расейскі досьвед Лукашэнка не сьпяшаецца, бо Расея прайграе. Але на стратэгічным узроўні я пакуль ня бачу ў яго разуменьня, што Расея прайграла і што гэта пытаньне часу і ахвяраў з абодвух бакоў, і што яму трэба думаць, як жыць у пасьляваеннай будучыні.
- Калі ён гэта ўсьвядоміць, яму неяк трэба будзе дамаўляцца і з Кіевам, і з Захадам. Нейкія сыгналы да Захаду ўвесь час робяцца — праз той жа Ватыкан — але пакуль іх няшмат. Калі гэтых крокаў стане болей, гэта пакажа, што Лукашэнка ўсьвядоміў: яму давядзецца жыць у сьвеце бяз Пуціна за сьпінай.
Прэабражэнскі:
- Вялікая імавернасьць, што на Пуціна паўплывалі дроны, якія прыляцелі ў Крэмль. Нават калі гэта правакацыя, дык гэта правакацыя не асабіста Пуціна, а тых, хто імкнуўся яго дадаткова запалохаць. Прысутнасьць замежных лідэраў — своеасаблівы «жывы шчыт».
- Для Пуціна таксама было важна паказаць, што ён — прадстаўнік вялікай кааліцыі. Хай прадстаўнікі гэтай кааліцыі і не пайшлі ваяваць супраць Украіны, але яму, маўляў, гэта і не было патрэбна, бо хапае ўласных сілаў. Але затое яны гатовыя зьляцецца ў апошні момант на ягоны загад.
- У мінулыя гады штогод вайсковай тэхнікі на парадзе было ўсё больш. Летась гэты стыль па інэрцыі яшчэ вытрымліваўся. Але сёлета парад рэзка спрасьціўся, і гэта было непазьбежна. Тэхнікі практычна няма, сучасная тэхніка на фронце.
- Сёньняшні фармат нагадваў стары савецкі анэкдот пра Кітай, што спачатку пройдзе мільён чалавек, а потым танкі. «— Што, усе адразу? — Не, спачатку адзін, а потым другі». Гэты гумар пра кітайскую армію 1950-х і 60-х цяпер тычыцца расейскай арміі — пагатоў яна вымушаная выкарыстоўваць тэхніку таго часу.
- Пуцін пакуль што не гатовы да кампрамісаў і не гатовы ісьці на паўнавартасныя перамовы. Максымум, чаго ён хоча, — перадыху для сябе. Але ён разумее, што цяпер яму перадыху не дадуць і будзе ўкраінскі контранаступ. Таму ён пачынае рыторыку ў стылі, што гэта «айчынная вайна» і што «вы ўсе, дарагія расейцы, павінны загінуць, каб я застаўся кіраўніком дзяржавы».