Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не бярэ ўдзелу ў «Эўравізіі» трэці раз запар, але беларусы могуць прагаласаваць


Пераможцы «Эўравізіі-2022» — украінскі гурт «Kalush Orchestra». Турын, 2022
Пераможцы «Эўравізіі-2022» — украінскі гурт «Kalush Orchestra». Турын, 2022

Сёньня ў Лівэрпулі пройдзе першы паўфінал «Эўравізіі». Хоць беларускага выканаўцы на конкурсе ня будзе, беларусы могуць галасаваць.

Трэці раз за апошнія гады беларусы не выступаюць на папулярным сьпеўным конкурсе «Эўравізіі». Але цікавасьць да конкурсу ў Беларусі захоўваецца. «Белсат» расказаў, хто сьпявае, дзе глядзець і як галасаваць.

Летась на «Эўравізіі» перамог украінскі гурт «Kalush Orchestra» зь песьняй «Стэфанія». Паводле правілаў конкурсу, наступны раз «Эўравізія» мела прайсьці ў краіне пераможцаў. Але з прычыны расейскай вайны ва Ўкраіне конкурс перанесьлі ў Вялікую Брытанію, прадстаўнік якой заняў другое месца на «Эўравізіі-2022». Конкурс праходзіць у Лівэрпулі на «M&S Arena».

Цырымонія адкрыцьця прайшла 7 траўня. Першы паўфінал — 9 траўня, другі паўфінал — 11 траўня, фінал — 13 траўня. Паўфіналы і фінал пачынаюцца ў 22.00 паводле беларускага часу.

Хто бярэ ўдзел

У «Эўравізіі-2023» бяруць удзел прадстаўнікі 37 краінаў Эўропы і Азіі, а таксама Аўстралія.

Беларусь ізноў ніхто не рэпрэзэнтуе: удзел Белтэлерадыёкампаніі ў Эўрапейскім вяшчальным зьвязе замарозілі пасьля скандалу з «Галасамі ЗМеста» і скаргаў беларусаў. Расея таксама ня возьме ўдзелу — яе дыскваліфікавалі за напад на Ўкраіну.

У 2021 годзе арганізатары конкурсу адхілілі прадстаўніка Беларусі, групу «Галасы ЗМеста», зь песьняй «Я навучу цябе» за празьмерную палітызаванасьць.

Група «Галасы ЗМеста» падрыхтавала тады для «Эўравізіі» дзьве новыя песьні. Аднак пазьней арганізатары конкурсу заявілі, што, старанна вывучыўшы новы матэрыял, прыйшлі да высновы, што ён таксама парушае правілы.

У адказ на гэта Белтэлерадыёкампанія адмовілася трансьляваць конкурс. Яны аргумэнтавалі гэтае рашэньне тым, што прадстаўнікоў Беларусі — гурт «Галасы ЗМеста» — не дапусьцілі на конкурс.

Ад удзелу ў конкурсе зь фінансавых прычын адмовіліся Баўгарыя, Босьнія і Герцагавіна, Люксэмбург, Паўночная Македонія, Славаччына і Чарнагорыя, зь іншых прычын — Андора, Манака, Казахстан, Косава, Ліхтэнштэйн. Турэччына не бярэ ўдзелу ў конкурсе з 2013 году, Вугоршчына — з 2019-га.

Хто ўдзельнічае ад краін-суседак Беларусі

Ад Латвіі выступіць рок-гурт «Sudden Lights» зь песьняй «Aijā» — гэтае слова па-латыску значыць «цішэй». Латышы выступаюць у першым паўфінале.

Літву рэпрэзэнтуе Моніка Лінкіце, яна ўжо выступала на «Эўравізіі-2015» разам з Вайдасам Баўмілам, дуэт тады заняў 18-е месца. У другім паўфінале яна прасьпявае «Stay» (анг. «Застанься»).

Ад Польшчы на конкурс едзе сьпявачка і мадэль Блянка з англамоўнаю песьняю «Solo».

Украіна прайшла ў фінал аўтаматычна, як і Аб’яднанае Каралеўства, Італія, Гішпанія, Нямеччына і Францыя. Ад Украіны на конкурс едзе дуэт «Tvorchi» зь песьняй «Heart Of Steel» (анг. «Сэрца са сталі»). Песьня на ангельскай мове, але ў ёй гучаць і словы па-ўкраінску: «Незважаючи на біль, я продовжую свій бій. Світ палає, а ти дій».

Хто сярод фаварытаў

У конкурсе ёсьць выразныя фаварыты. Найчасьцей ставяць на швэдзкую сьпявачку Лёрээн. Яна перамагала на «Эўравізіі» ў 2012 годзе зь песьняй «Euphoria» (анг. «Эўфарыя»), сёлета ў першым паўфінале засьпявае «Tattoo» (анг. «Тату»).

У фаварытах таксама прадстаўнік Фінляндыі Кяэрыя. У першым паўфінале ён засьпявае «Cha Cha Cha». Хоць песьня завецца як кубінскі танец, яна на фінскай мове і месцамі нагадвае то «Rammstein», то «The Prodigy».

На іншых выканаўцаў ставяць вельмі мала, але пераможцы конкурсу далёка не заўсёды такія ж, як фаварыты паводле букмэкераў.

Дзе глядзець і як галасаваць беларусам

Хоць БТ адхіленае ад «Эўравізіі», беларусы могуць і паглядзець конкурс, і прагаласаваць на ім з тэрыторыі Беларусі.

Глядзець «Эўравізію» можна на YouTube-канале конкурсу, а таксама на шэрагу тэлеканалаў. Трансьляваць конкурс у Латвіі будзе LTV, у Літве — LTR, у Польшчы — TVP, ва Ўкраіне — «Суспільне», у Грузіі — 1TV.

У паўфіналах галасуюць толькі гледачы (праз тэлефон ці SMS або мабільныя праграмы на Android і iOS, да 20 галасоў за адну ці некалькі песень), у фінале — гледачы і журы. У абодвух выпадках упершыню галасаваць могуць і людзі з краінаў, якія не бяруць удзелу ў конкурсе: галасы можна пакідаць праз сайт ці мабільныя аплікацыі, усе такія галасы сумарна залічацца як галасы «рэшты сьвету» і важыць будуць як галасы ад адной «звычайнай» краіны-ўдзельніцы.

У першым паўфінале галасуюць 15 краін-удзельніц паўфіналу плюс Італія, Нямеччына, Францыя і «рэшта сьвету», у другім — 16 удзельніц плюс Аб’яднанае Каралеўства, Гішпанія, Украіна і «рэшта сьвету». У фінале галасуюць гледачы з краін-удзельніц і журы краін-удзельніц (журы галасуюць фармальна і ў паўфіналах, але іхныя галасы ня ўлічваюцца). Прытым ад гледачоў у фінале будзе крыху больш балаў, чым ад журы, за кошт «рэшты сьвету».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG