Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы з Kalush Orchestra перамаглі ў «Эўравізіі». Яны заклікалі выратаваць Марыюпаль і «Азовсталь»

абноўлена

Kalush Orchestra пасьля перамогі ў «Эўравізіі»
Kalush Orchestra пасьля перамогі ў «Эўравізіі»

Украінскі гурт Kalush Orchestra зь песьняй «Стэфанія» перамог у песенным конкурсе «Эўравізія», які сёлета праходзіў у італьянскім Турыне.

Украінцы набралі 631 бал — 192 ад журы і 439 ад тэлегледачоў. Другое месца заняў сьпявак зь Вялікабрытаніі, трэцяе — прадстаўніца Гішпаніі.

Падчас фінальнага выступу Kalush Orchestra заклікаў сьвет падтрымаць Марыюпаль і «Азовсталь».

«Выратуйце Марыюпаль, выратуйце „Азовсталь“ цяпер», — сказаў са сцэны заснавальнік і фронтмэн гурта Алег Псюк.

У падтрымку Ўкраіны са сцэны таксама выказаліся канкурсанты зь Ісьляндыі і Нямеччыны.

Арганізатары «Эўравізіі» назвалі заклікі са сцэны дапамагчы Марыюпалю і заявы ў падтрымку Ўкраіны «гуманітарнымі, а не палітычнымі».

Палітычныя выказваньні на сцэне конкурсу забароненыя, за іх дыскваліфікуюць.

Раней Украіна ўжо двойчы перамагала на «Эўравізіі». Руслана (Руслана Лыжычка) зь песьняй «Дзікія танцы» атрымала перамогу ў 2004 годзе. У 2016 годзе ўкраінская сьпявачка Джамала перамагла з песьняй «1944».

Расею сёлета выключылі з «Эўравізіі» з прычыны агрэсіі супраць Украіны. Беларусь не ўдзельнічала ў конкурсе апошнія два гады.

Што адбываецца ў Марыюпалі

Цяпер, па словах міністра па рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Ірыны Верашчук, вядуцца «вельмі складаныя перамовы» аб эвакуацыі вайскоўцаў з марыюпальскага завода «Азовсталь».

7 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў аб падрыхтоўцы другога этапу эвакуацыйнай місіі — эвакуацыі параненых і мэдыкаў.

Пазьней Зяленскі заявіў, што Ўкраіна цяпер ня можа разблякаваць Марыюпаль вайскова. Ён дадаў, што Кіеў спрабуе дамагчыся эвакуацыі з дапамогай дыпляматыі, і менавіта яна дазволіў эвакуаваць мірных жыхароў з завода. Затое Масква адмаўляецца абмяркоўваць ваенны калідор. У той жа час Украіна ўцягнула ў перамовы прадстаўнікоў Турцыі, Ізраіля, Швайцарыі, Францыі, ААН і Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.

Марыюпаль быў аточаны расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага расейскага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні аказваюць супраціў у горадзе ўжо трэці месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG