Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Эўракамісіі паведаміла, калі Ўкраіна можа пачаць перамовы пра ўступленьне ў Эўразьвяз


Кіраўніца Эўрапейскай камісіі Ўрзуля фон дэр Ляен і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве, 9 траўня 2023
Кіраўніца Эўрапейскай камісіі Ўрзуля фон дэр Ляен і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве, 9 траўня 2023

У чэрвені і кастрычніку чакаюцца дзьве справаздачы аб прагрэсе Ўкраіны на шляху эўрапейскай інтэграцыі.

Кіраўніца Эўрапейскай камісіі Ўрзуля фон дэр Ляен заявіла, што папярэднія высновы аб выкананьні Ўкраінай «дарожнай мапы» для пачатку перамоў аб уступленьні ў Эўразьвяз будуць падрыхтаваныя ў чэрвені.

«Украіна няспынна і нястомна працуе над гэтымі сямю крокамі, нягледзячы на цяжкасьці ў ажыцьцяўленьні рэформаў у самы разгар вайны, і я хачу выказаць глыбокую падзяку за гэтую працу», — сказала Ўрзуля фон дэр Ляен.

Паводле яе, у чэрвені будзе зробленая вусная справаздача аб прагрэсе Ўкраіны на шляху эўрапейскай інтэграцыі, а ў кастрычніку — пісьмовая, на падставе якой і будзе ўхвальвацца рашэньне аб пачатку перамоў аб уступе ў Эўрапейскі зьвяз.

У сваю чаргу прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскі бок разьлічвае на станоўчую папярэднюю ацэнку ўжо ў чэрвені.

«Мы сапраўды вельмі на гэта разьлічваем. Прыйшоў час для станоўчага рашэньня аб пачатку перамоў пра сяброўства Ўкраіны ў Эўразьвязе», — сказаў ён.

Паводле Ўладзіміра Зяленскага, «каштоўнасьці, дабрабыт і мір на кантынэнце могуць рэалізавацца на 100 адсоткаў для Эўропы толькі разам з Украінай».

Што будзе ў 11-м пакеце санкцый супраць Расеі

Прэзыдэнтка Эўракамісіі дадала, што ў 11-м пакеце санкцый супраць Расеі плянуецца ўвесьці забарону на імпарт новых тэхналёгій і запчастак для самалётаў, а таксама ўзмацніць адказнасьць за абыход санкцый.

«Мы працягваем рабіць усё залежнае ад нас, каб спыніць ваенную машыну Пуціна. Нашы санкцыі працуюць. Напрыклад, мы зьменшылі наш імпарт з Расеі прыблізна на дзьве траціны. Гэта вялізны ўдар па даходах Расеі. Мы ўжо прымусілі Крэмль заплаціць высокую цану дзякуючы 10 пакетам санкцый. Эўракамісія зацьвердзіла прапановы для 11-га пакета, які будзе сканцэнтраваны на недапушчэньні абыходу абмежаваньняў. Мы працуем у гэтым пытаньні з партнэрамі, у тым ліку краінамі G7», — паведаміла Ўрзуля фон дэр Ляен.

Эўрапейскі парлямэнт на пасяджэньні 19 красавіка ўхваліў рэзалюцыю, у якой рэкамэндаваў да канца 2023 году пачаць з Малдовай перамовы аб яе далучэньні да Эўразьвязу.

Летась у чэрвені краіны Эўразьвязу ўхвалілі рашэньне аб наданьні Малдове і Ўкраіне статус кандыдатаў на ўступленьне ў арганізацыю. Гэтыя дзьве краіны падалі адначасова заяўкі па атрыманьне такога статусу, аднак Малдова апярэдзіла Ўкраіну з рэкамэндацыяй пачатку перамоў.

З таго моманту кіраўніцтва Ўкраіны настойвала, каб перамовы аб уступленьні ў Эўразьвяз пачаліся да канца 2023 году. Аднак пакуль такога рашэньня няма.

Ад Украіны Эўразьвяз патрабуе сем найважнейшых рэформаў: правесьці зьмены ў Канстытуцыйным судзе, давесьці да канца судовую рэформу, узмацніць барацьбу з карупцыяй, забясьпечыць барацьбу з адмываньнем грошай, прыняць антыалігархічны закон, прыняць закон аб мэдыя і зьмяніць заканадаўства аб нацыянальных меншасьцях. Калі гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя, то Ўкраіна можа страціць статус кандыдата.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG