Эўрапейскі парлямэнт на пасяджэньні 19 красавіка ўхваліў рэзалюцыю, у якой рэкамэндаваў да канца 2023 году пачаць з Малдовай перамовы аб яе далучэньні да Эўразьвязу.
«Уступленьне Рэспублікі Малдова ў Эўразьвяз было б геастратэгічнай інвэстыцыяй у адзіную і моцную Эўропу», — адзначаецца ў рэзалюцыі.
Адначасова ў рэзалюцыі адзначаецца, што для ўступленьня ў Эўразьвяз Малдова мусіць выканаць дзевяць умоў, сфармуляваных Эўрапейскай камісіяй.
Летась у чэрвені краіны Эўразьвязу ўхвалілі рашэньне аб наданьні Малдове і Ўкраіне статус кандыдатаў на ўступленьне ў арганізацыю. Гэтыя дзьве краіны падалі адначасова заяўкі па атрыманьне такога статусу, аднак Малдова апярэдзіла Ўкраіну з рэкамэндацыяй пачатку перамоў.
З таго моманту кіраўніцтва Ўкраіны настойвала, каб перамовы аб уступленьні ў Эўразьвяз пачаліся да канца 2023 году. Аднак пакуль такога рашэньня няма.
Ад Украіны Эўразьвяз патрабуе сем найважнейшых рэформаў: правесьці зьмены ў Канстытуцыйным судзе, давесьці да канца судовую рэформу, узмацніць барацьбу з карупцыяй, забясьпечыць барацьбу з адмываньнем грошай, прыняць антыалігархічны закон, прыняць закон аб мэдыя і зьмяніць заканадаўства аб нацыянальных меншасьцях. Калі гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя, то Ўкраіна можа страціць статус кандыдата.