Нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя Libereco падвяла статыстыку рэпрэсій у Беларусі за 1000 дзён пасьля выбараў. Паводле інфармацыі Libereco:
- з пачатку агульнанацыянальных дэманстрацый за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі арыштавалі больш за 38 тысяч чалавек,
- агулам з 2020 па 2023 год у Беларусі статус палітвязьня атрымалі больш за 2240 чалавек, у беларускіх турмах да гэтага часу застаюцца 1500 палітвязьняў,
- турэмныя тэрміны ўсіх палітвязьняў, якія знаходзяцца цяпер у зьняволеньні, складаюць у суме 5300 гадоў
- сама меней 100 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь і шукаць абароны за мяжой.
«Ужо 1000 дзён мы зьяўляемся сьведкамі злачынства супраць чалавечнасьці, захопу закладнікаў і катаваньняў тысяч нявінных людзей рэжымам Лукашэнкі, здольным утрымацца ва ўладзе толькі з ласкі Пуціна.
Эўрапейскія дэмакратыі больш не павінны гэтага трываць і павінны, нарэшце, прыняць рашучыя захады супраць Лукашэнкі і ягонай банды. З гэтай мэтай міжнародная супольнасьць павінна стварыць спэцыяльны трыбунал для прыцягненьня Лукашэнкі і ўсіх ягоных памочнікаў і памагатых да адказнасьці за іх злачынствы», — заклікаў Ларс Бюнгер, прэзыдэнт Libereco Switzerland.