Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовыя чыноўнікі 36 краін выказаліся катэгарычна супраць выступаў атлетаў зь Беларусі і Расеі


Акцыя з патрабаваньнем не дапусьціць спартоўцаў з Расеі і Беларусі да Алімпіяды-2024. Лазана, Швайцарыя, 25 сакавіка 2023
Акцыя з патрабаваньнем не дапусьціць спартоўцаў з Расеі і Беларусі да Алімпіяды-2024. Лазана, Швайцарыя, 25 сакавіка 2023

Расея не павінна выкарыстоўваць спорт для легітымацыі свайго «барбарскага і несправакаванага» ўварваньня ва Ўкраіну, а Беларусь — для таго, каб узаконіць свой удзел у гэтай агрэсіўнай вайне, гаворыцца ў сумеснай заяве высокапастаўленых прадстаўнікоў спорту 36 краін.

Падпісанты дакумэнту «прынялі да ўвагі» рэкамэндаваныя Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) умовы ўдзелу асобных нэўтральных спартоўцаў і пэрсаналу зь Беларусі і Расеі.

Яны адзначылі, што МАК разгледзеў некаторыя асьцярогі, якія выклікаюць пытаньні, выкладзеныя ў аналягічнай калектыўнай заяве 21 лютага. Разам з тым, канстатавалі аўтары дакумэнта, «застаюцца істотныя праблемы», у тым ліку тыя, якія датычацца «вайсковых сувязяў спартоўцаў, дзяржаўнага фінансаваньня» і інш.

Спартовыя чыноўнікі падкрэсьлілі, што не заклікаюць дыскрымінаваць асобных асоб паводле пашпарта:

«Мы паважаем правы ўсіх спартоўцаў на ўдзел [у спаборніцтвах] безь якой-небудзь дыскрымінацыі ў адпаведнасьці з Алімпійскай хартыяй».

Яны растлумачылі, што іх мэтай зьяўляецца «сумленнае спартовае спаборніцтва», а таксама каб расейскія і беларускія спартоўцы «ні ў якім разе не выступалі ў якасьці прадстаўнікоў сваіх дзяржаў».

«Цалкам паважаючы аўтаномію спартовых арганізацый, мы будзем уважліва сачыць за выкананьнем рэкамэндацый МАК і міжнародных спартовых фэдэрацый у наступныя тыдні. Калі гэтыя пытаньні ня будуць вырашаныя, мы чакаем, што МАК перагледзіць свой падыход», — гаворыцца ў заяве.

Дакумэнт падпісалі прадстаўнікі Альбаніі, Аўстраліі, Аўстрыі, Бэльгіі, Баўгарыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Грэцыі, Даніі, Ісьляндыі, Ірляндыі, Італіі, Гішпаніі, Канады, Кіпра, Латвіі, Літвы, Ліхтэнштэйна, Люксэмбурга, Нідэрляндаў, Новай Зэляндыі, Нарвэгіі, Польшчы Партугаліі, Славакіі, Славеніі, ЗША, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швэцыі, Эстоніі, Паўднёвай Карэі і Японіі.


Сёлета 28 сакавіка па выніках пасяджэньня выканкама МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

«Апошнія заявы Міжнароднага алімпійскага камітэта» аб крытэрыях допуску беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду-2024 у Парыжы «накіраваны на станоўчае вырашэньне пытаньня», заявіў старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Беларусі Віктар Лукашэнка 26 красавіка на адкрыцьці III форуму атлетаў у Менску.

«Пацяпленьне ёсьць, але да гэтага „лета“ яшчэ трэба працаваць. Паважаныя атлеты, удзел у гульнях у Парыжы застаецца нашай галоўнай мэтай», — сказаў ён.

28 лютага 2022 года, праз 4 дні пасьля поўнамаштабнага ўварваньня расейскай арміі на тэрыторыю Ўкраіны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартыўныя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынята да выкананьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG