Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ правяло грамадзкія слуханьні пра ўдзел спартоўцаў зь Беларусі і Расеі на Алімпіядзе ў Парыжы


Плякат на сакавіцкай акцыі ў Грузіі за адхіленьне расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад Алімпіяды
Плякат на сакавіцкай акцыі ў Грузіі за адхіленьне расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад Алімпіяды

Слуханьні адбыліся ў францускім Страсбургу.

У Францыі адбыліся грамадзкія слуханьні ў пытаньні адхіленьня спартоўцаў з Расеі і Беларусі ад удзелу ў Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях 2024 году, што адбудуцца ў Парыжы. Слуханьні арганізавала ПАРЭ.

Сярод удзельнікаў былі: Тыні Кокс (прэзыдэнт ПАРЭ), Амэлі Удэа-Кастэра (міністарка спорту Францыі), Лакі Фрэйзэр (статс-сакратар у пытаньнях культуры, СМІ і спорту, Вялікая Брытанія), Андрэй Часнакоў (намесьнік міністра моладзі і спорту Ўкраіны) і іншыя.

У слуханьнях узяла ўдзел жонка вядомага праваабаронцы, палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.

«Тыя спартоўцы, якія ў Беларусі выступілі за дэмакратычны выбар, сёньня не дапускаюцца да спаборніцтваў. Асноўная задача, каб не дапускаць далейшых парушэньняў правоў чалавека ў турме, каб выпусьціць усіх зьняволеных. Павінна быць прынцыповая пазыцыя, зьвязаная з тым, каб не дапускаць беларускіх спартоўцаў, якія падтрымліваюць тэрор у краіне, да Алімпійскіх гульняў», — падкрэсьліла Пінчук.

Яна пракамэнтавала выказваньне прэзыдэнта ПАРЭ Ціні Кокса аб тым, што адна зь місій спорту — ахоўваць і абараняць правы чалавека.

«Што тычыцца Беларусі, то на сёньня мы бачым, што там адбываюцца масавыя рэпрэсіі супраць людзей. Тысячы людзей сядзяць у турмах, іх катуюць, утрымліваюць у невымоўна цяжкіх умовах».

Пінчук нагадала пра чэмпіёна па тайскім боксе Аляксея Кудзіна, які нядаўна вызваліўся з турмы, і былую штурхальніцу ядра Надзею Астапчук, якая выступіла за дэмакратычныя зьмены ў краіне, прайшла праз турму, а цяпер пад хатнім арыштам.

Натальля Пінчук лічыць, што спорт ня можа быць па-за палітыкай, ён адназначна ў ёй.

Паслабленьні ў спартовых санкцыях, уведзеных у сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну

28 сакавіка па выніках пасяджэньня выканкаму ў Лязане (Швайцарыя) МАК выдаў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Аднак агаварыўся, што канчатковае рашэньне застаецца за самімі фэдэрацыямі.

Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты змогуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.

30 сакавіка Міжнародная фэдэрацыя настольнага тэнісу (ІТТФ) абвясьціла пра згоду дапусьціць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай беларускіх і расейскіх удзельнікаў пры захаваньні імі строгага нэўтралітэту.

Раней стала вядома, што ў тым самым нэўтральным статусе расейцаў і беларусаў дапусьцяць да Ўімблданскага турніру, аднаго з найбольш прэстыжных тэнісных спаборніцтваў у сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG