«Бакі абмеркавалі складаныя пытаньні і дасягнулі адчувальнага прагрэсу. Яны, як і я, лічаць, што дасягненьне дамоўленасьці не за гарамі», — заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на брыфінгу пасьля заключнага пасяджэньня двухбаковых мірных перамоваў зь міністрамі замежных спраў Армэніі Араратам Мірзаянам і Азэрбайджану Джэйхунам Байрамавым.
На яго думку, дыялёг зьяўляецца адзіным шляхам для дасягненьня міру паміж Армэніяй і Азэрбайджанам. Паводле Блінкена, дасягненьне гэтага пагадненьня было «гістарычным» і «мела б вельмі пазытыўныя наступствы нават за межамі гэтых дзьвюх краінаў», таму ЗША будуць працягваць дапамагаць Баку і Ерэвану «перасячы фінішную рысу» ў пытаньні мірнага пагадненьня.
«Канчатковае пагадненьне знаходзіцца ў межах дасяжнасьці, і мы поўныя рашучасьці працягваць дапамагаць нашым сябрам у яго дасягненьні», — сказаў у завяршэньне дзяржсакратар ЗША.
- Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам наконт Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная ў асноўным этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі».
- За пэрыяд узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль Узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, у асноўным этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
- Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна значны горад Шуша (на армянскай мове Шушы). На наступны дзень пасьля ўзяцьця Шушы прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
- Па ўмовах дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі судакрананьня разьмешчана міратворчая місія Расеі.
- Пасьля фактычнага распаду Менскай групы АБСЭ па карабаскім урэгуляваньні тры яе былыя сустаршыні — ЗША, Расея і Францыя — вядуць барацьбу за званьне галоўнага пасярэдніка ва ўрэгуляваньні канфлікту. 2 траўня ў Крамлі катэгарычна заявілі, што адзінай «дарожнай мапай» да міру застаюцца трохбаковыя дамоўленасьці Расеі, Азэрбайджану і Армэніі.