«Мы будзем намагацца арганізоўваць падтрымку максымальна бясьпечным і адэкватным чынам»
Кансорцыюм «ЭўраБеларусь», Офіс Сьвятланы Ціханоўскай і Беларуская Рада Культуры пры фінансавай падтрымцы Эўракамісіі запусьцілі маштабны праект для беларускіх школьнікаў і настаўнікаў як унутры краіны, так і за мяжой.
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях адукацыі і навукі Тацяна Шчытцова ў інтэрвію Свабодзе адзначыла, што «Васьміног» важны, бо вырашае некалькі выклікаў і праблемаў, абумоўленых цяперашняй сытуацыяй у школьнай адукацыі.
«Першы блёк праблемаў зьвязаны з вымушанай эміграцыяй. Шмат сем’яў эмігравалі зь дзеткамі школьнага ўзросту, і важна, каб яны ня страчвалі магчымасьці атрымліваць адукацыю ў галіне беларускай культуры, гісторыі, мовы, атрымлівалі сучасныя, аб’ектыўныя веды пра Беларусь як эўрапейскую краіну. Мы ня можам замяніць цалкам адукацыю для такіх дзетак, бо яны павінны адаптавацца да ўмоваў і грамадзтва тых краін, дзе яны апынуліся. Але мы таксама павінны паклапаціцца пра тое, каб дзеткі ў нашай вялікай і разнастайнай беларускай дыяспары ня страчвалі сувязі са сваёй культурнай прасторай», — тлумачыць Тацяна.
Праект таксама дапаможа беларускім настаўнікам, якія страцілі працу з палітычных прычын.
«У межах гэтага праекту можна прапанаваць новыя адукацыйныя праекты і атрымліваць грошы для падтрымкі на конкурсных умовах, удзельнічаць у розных мэтадалягічных, навуковых распрацоўках. Мы зможам уцягнуць у гэты праект беларускіх незалежных экспэртаў у галіне адукацыі і нашых добрых сумленных настаўнікаў, якія засталіся бяз працы. Нават калі яны знаходзяцца ўнутры Беларусі, яны змогуць пэўным чынам далучыцца да гэтага праекту. То бок яшчэ адна мэта — падтрымаць нашыя экспэртныя кадры ў галіне школьнай адукацыі», — расказвае Тацяна Шчытцова.
На праект, які будзе рэалізоўвацца цягам 26 месяцаў, са сродкаў Эўразьвязу выдзяляецца 1 мільён эўра. Грантавая праграма накіраваная на тое, каб распрацаваць, укараніць і вывучыць элемэнты «новай адукацыі» і падтрымаць беларускія нефармальныя адукацыйныя арганізацыі і ініцыятывы.
Паколькі ў праекце прадугледжана стварэньне онлайн-плятформы, да яго змогуць далучыцца дзеці і экспэрты ўнутры Беларусі і па-за яе межамі.
«Праект стане такім віртуальным мосьцікам, які зможа аб’яднаць і настаўнікаў, і беларускіх дзетак, і бацькоў, незалежна ад таго, дзе нашы грамадзяне цяпер знаходзяцца. У межах праекту „Васьміног“ таксама будзе весьціся мэтадалягічная распрацоўка, будуць адмысловыя мэтадалягічныя лябараторыі, арганізаваныя сустрэчы экспэртаў і патэнцыйных выканаўцаў», — кажа Шчытцова.
Кіраўнік праекту «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёньня і заўтра» Аляксей Канстанцінаў падкрэсьлівае, што кірункі дзейнасьці ўлічваюць настаўнікаў і дзяцей унутры Беларусі і за мяжой.
«Мы будзем намагацца арганізоўваць падтрымку максымальна бясьпечным і адэкватным чынам. Па-першае, будзе створаная лічбавая плятформа і сэрыя онлайн-курсаў, арыентаваных на беларускую аўдыторыю. Курсы беларускай мовы, гісторыі і культуры Беларусі будуць дасяжныя на плятформе для ўсіх вучняў і настаўнікаў, незалежна ад геаграфіі знаходжаньня. Па-другое, наш грантавы конкурс падтрымкі адукацыйных ініцыятыў і праектаў прадугледжвае ўдзельнікаў, якія пражываюць у Беларусі», — кажа Аляксей Канстанцінаў.
«Афіцыйная беларуская школа рыхтуе ідэалягічна паслухмяных выканаўцаў»
На прэзэнтацыі з прамовай выступіла дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская. Яна падкрэсьліла важнасьць падтрымкі адукацыйных і культурніцкіх праектаў менавіта цяпер, калі рэжым ваюе з усім беларускім.
«Для маленькіх беларусаў досьвед 2020 году і пасьля стаў, можа, больш траўматычным, чым для дарослых, бо многія апынуліся ў чужой краіне сярод незнаёмых людзей. Дзеці, якія засталіся ў Беларусі, кінутыя ва ўмовы, калі ў школах дзейнічаюць вайсковыя правілы, праходзяць палітгадзіны, усё больш сяброў зьяжджаюць за мяжу. Сёньня афіцыйная беларуская школа ня здольная ні даць дзецям новыя веды, ні раскрыць асобу, яна рыхтуе ідэалягічна паслухмяных выканаўцаў, а не адказных грамадзян», — кажа Сьвятлана Ціханоўская.
Дэмакратычная лідэрка адзначае, што цяпер важна клапаціцца і пра дзетак за мяжой, і пра тых, хто застаўся.
«Я рада, што цяпер дзякуючы праекту „Васьміног“ мы зможам сабраць усе ініцыятывы, адукацыйныя магчымасьці ў адным месцы і забясьпечыць годнай адукацыяй як беларускіх школьнікаў у Беларусі, так і тых, хто вымушана апынуўся за мяжой. Гэтая плятформа таксама дасьць сумленным, звольненым беларускім настаўнікам магчымасьць займацца любімай працай, вучыць і выхоўваць дзяцей, не ідучы на ўгоду з сумленьнем, і замест паслухмянасьці вырошчваць у дзецях самастойнасьць і ўменьне думаць крытычна, вучыць любові да нашай культуры і павазе да нашай гісторыі і нацыянальных герояў».
Гендырэктар Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Андрэй Ягораў кажа, што праект «Васьміног» стварае падмурак для будучай рэформы школьнай адукацыі ў Беларусі.
«Мы імкнёмся да стварэньня свабоднай адукацыйнай прасторы, дзе б захоўваўся і разьвіваўся сучасны зьмест адукацыі, напрацоўваліся новыя мадэлі адукацыі, ішла падрыхтоўка школьных рэформаў, дзе незалежныя беларускія адукацыйныя ініцыятывы маглі б атрымаць падтрымку і наладзіць узаемную камунікацыю, а дзеці — атрымаць зручны доступ да сучасных і свабодных ад ідэалёгіі школьных ведаў».
Падрабязная інфармацыя аб праекце «Васьміног» у хуткім часе зьявіцца на адмысловым сайце https://vasminoh. school