«Хутчэй за ўсё, яны мяне самі і падпісалі на „забаронены рэсурс“»
Па Сяргея (імёны герояў зьмененыя. — РС) супрацоўнікі КДБ прыйшлі дадому. Іх адразу зацікавіў ягоны тэлефон, асабліва Telegram.
«Яны былі зь нейкім экспэртам. Супрацоўнік КДБ пытаўся ў яго, ці можна аднавіць мае выдаленыя паведамленьні? Той сказаў, што не», — узгадвае суразмоўца.
У тэлефоне ў яго не знайшлі нічога «забароненага». Таму пачалі капацца ў кампутары.
«Шнырылі па ўсіх сацыяльных сетках, але і там нічога такога не было. Што яны рабілі, я ня бачыў, бо яны сьпінай сядзелі. У выніку заявілі, што знайшлі падпіску на „экстрэмісцкі рэсурс“. Я быў акуратны з такімі рэчамі. Таму не выключаю, што яны самі і падпісалі мяне. Нядоўга ж націснуць на падпіску», — лічыць Сяргей.
Пасьля супрацоўнікі КДБ перадалі яго «на разборку» міліцыі. Тыя пыталіся, чаму мужчына «ненавідзіць расейцаў», ці ня хоча паехаць ваяваць ва Ўкраіну. Пасьля быў суд. Сяргей атрымаў 15 дзён арышту за «экстрэмізм» (артыкул 19.11 КаАП).
«Штодня пераводзілі з камэры ў камэру»
У камэры Сяргей пазнаёміўся зь іншымі «экстрэмістамі».
«Адзін быў уладальнік буйнога бізнэсу. Яго „прымалі“ вельмі жорстка, разам з жонкай. На іх напаў КДБ і АМАП. Абаіх прызналі „экстрэмістамі“ за падпіскі ў сацыяльных сетках», — кажа суразмоўца.
Ён расказаў, што ў камэры ўвесь час гарыць яркае сьвятло, на дзень у «палітычных» забіралі курткі і шапкі, на ноч іх выдавалі.
«Яшчэ такая адметнасьць, што цяпер „палітычных“ штодня пераводзяць з камэры ў камэру. Уночы два разы падымаюць, каб спытацца прозьвішча. Натуральна, матрацаў ці пасьцельнай бялізны „экстрэмістам“ не даюць. Тым часам крымінальнікі чытаюць кнігі, кураць, маюць перадачы і адчуваюць сябе там даволі камфортна», — успамінае Сяргей.
Ён дадае, што зь імі ў камэры сядзеў малады мужчына, які трапіў у ізалятар за тое, што напіўся і пабіў жонку.
«Яму далі 5 сутак за гэта. Але потым глянулі ягоны тэлефон і дадалі яшчэ 15 — за „экстрэмізм“. Пяць дзён ён сядзеў добра, як „бытавы“ — зь перадачамі, пасьцельнай бялізнай і ўсімі выгодамі. 15 дзён — як „палітычны“, без анічога», — расказвае суразмоўца.
Яшчэ адно з катаваньняў для «палітычных» у ізалятары, па яго словах, кайданкі. У іх людзей водзяць паўсюль, з заламанымі ззаду рукамі.
«Калі вы глядзелі кіно пра „сьмяротнікаў“, то ўспомніце гэтую позу. Рукі ў кайданках ззаду, сам ты стаіш ракам, канвойны цябе трымае ззаду за тыя кайданкі і вось так, не па-людзку, ты перамяшчаесься па ізалятары. Нас лічылі горшымі за маньякаў», — дадаў Сяргей.
Ён кажа, што ежа была жахлівая.
«Там нават ня мылі рондляў. Бо ў так званым абедзе, падобным на суп, плавала макарона са сьняданку ці морква зь вячэры. Нас проста кармілі памыямі», — узгадвае былы арыштант.
Калі затрыманых везьлі на суд, то спачатку завезьлі ў аддзел міліцыі, дадае ён. Там іх, па словах мужчыны, трымалі з кайданкамі на руках, зашчэпленымі ззаду, шэсьць гадзін.
«Суставы проста выломваліся. Прасілі міліцыянтаў хоць трохі паслабіць кайданкі ці зашчапіць сьпераду, але яны не рэагавалі», — кажа суразмоўца.
«Сваячка плача, а супрацоўніца міліцыі яшчэ і пагражае ёй»
Сваякі Сяргея прыносілі яму перадачы. Часам перадачы прымалі, але да вязьняў яны не даходзілі. Дзяжурны ІЧУ заявіў, што можна перадаць 200 грамаў пячэньня і 200 грамаў каўбасы. Сваякі перадалі, затрыманыя расьпісаліся, што атрымалі. Але ім нічога не аддалі, расказвае суразмоўца.
«Ня ведаю, куды гэта ўсё дзелася. Сваякі перадалі цыгарэты, ваду, ніжнюю бялізну. Але мне нічога не аддалі (супрацоўнікі ІЧУ. — РС). Калі пры выхадзе я спытаўся, дзе мая ніжняя бялізна, яны сказалі: „Ат, потым некалі прыйдзі“. Нейкае проста рабаўніцтва», — успамінае Сяргей.
Па яго словах, арыштаваныя паводле непалітычных артыкулаў за кратамі чыталі кнігі, перадавалі іх з камэры ў камэру.
«Але калі мае сваякі прынесьлі мне кнігі, то дзяжурны крычаў на іх: «Вы што, зусім? Якія кнігі? Яны ж БЧБ!». Ад сваячкі не ўзялі перадачы. Супрацоўніца міліцыі давяла яе да сьлёз, бо казала: «Будзеце прасіць аб перадачы, я зраблю так, каб яму было яшчэ горш», — кажа суразмоўца.
Па ягоных словах, за краты «палітычным» не перадаюць нават туалетнай паперы, якую прыносяць родныя. Кожны паход у прыбіральню суправаджаецца выпрошваньнем невялікага яе шматка ў ахоўнікаў.
«Канвойныя казалі: «За ўсё дзякуйце бэчэбэшніку, які ў вашай камэры»
Міхаіл трапіў на «суткі» ў адным з райцэнтраў. У яго знайшлі падпіску на «экстрэмісцкі» рэсурс. Кажа, што калі ў 2020 годзе ў райцэнтрах сядзець на «сутках» было прасьцей і канвойныя ставіліся па-людзку, то цяпер сытуацыя нашмат горшая.
«Не давалі спаць ноччу, будзілі, сварыліся, увесь час абражалі („Ды ты бэчэбэшнік!“), казалі затрыманым паводле непалітычных артыкулаў: „За ўсе нязручнасьці дзякуйце бэчэбэшніку, які ў вашай камэры“», — успамінае Міхаіл.
Ён таксама расказвае, што моцна мёрз у камэры, а куртку і шапку ў яго забралі. Зь Міхаілам сядзелі вяскоўцы, якіх арыштавалі «за п’янку».
«Недзе ішлі па вёсцы выпіўшы. Участковаму трэба рабіць плян. Схапіў іх — і на ІЧУ. Яны мелі і коўдры, і падушкі, а я — не. Падзяліцца са мной яны не маглі, бо канвойныя крычалі, каб нічога не давалі „бэчэбэшніку“, а то ўсё наагул забяруць», — дадаў суразмоўца.
У яго канфіскавалі тэлефон, які Міхаіл толькі нядаўна купіў. «Кармілі нейкімі памыямі. Есьці гэта проста было немагчыма», — дадаў ён.
Па словах былога арыштанта, падчас адбываньня «сутак» ён меў размову з прадстаўніцай «органаў».
«Яна ў мяне спыталася: „За што нас так людзі ненавідзяць?“. Я адказаў, што ненавідзець можна толькі моцнага, вамі людзі проста пагарджаюць», — дадаў Міхаіл.
«Пераўтварылі Беларусь у вялікую клетку, абнесеную калючым дротам»
Праваабаронца «Вясны» Алена Масьлюкова лічыць, што яркае сьвятло, якое не выключаюць на ноч, кайданкі на руках у адміністрацыйна затрыманых, адмовы ў туалетнай паперы — гэта ўсё можна трактаваць як катаваньні.
«Нам паступае інфармацыя пра тое, што робіцца ў ізалятарах, як там зьдзекуюцца з людзей. Гэта адназначна грубае парушэньне правоў чалавека і беларускага заканадаўства. Кайданкі — гэта мера стрыманьня для людзей, якія злачынцы, а не людзей, якія чыталі „забароненыя“ навіны. Міліцыя дзейнічае па-за межамі закону, яны ператварыліся ў такую „паліцыю нораваў“, калі лезуць да людзей у тэлефоны, прыватнае жыцьцё, кідаюць на „суткі“ за свабоду выказваньня ці нават думак», — лічыць праваабаронца.
На яе думку, улада загнаная ў кут і яе прадстаўнікі разумеюць, што пункт невяртаньня пройдзены, Беларусь ператвораная ў адну вялікую клетку, абнесеную калючым дротам.
«Такія зьдзекі зь людзей, якія не рабілі злачынства, прыніжэньне іх чалавечага гонару і годнасьці сьведчаць, што свабода думкі і слова больш страшная сіла, чым крадзеж ці што іншае», — лічыць Алена Масьлюкова.
Паводле праваабаронцы, мэта такіх дзеяньняў — прынізіць чалавека, паставіць яго ў залежны стан. Алена Масьлюкова просіць, каб людзі не маўчалі, каб зьвязваліся з праваабаронцамі і фіксавалі факты парушэньня правоў чалавека.
«Каб у нас была доказная база. Каб, калі прыйдзе час, тыя, хто рабіў злачынствы, адказалі за гэта паводле закону», — дадала правабааронца.