Кіраўніцтва Ўкраіны ня раз казала, што для ўкраінскага кантранаступу крытычна важныя пастаўкі сучаснай баявой авіяцыі. Перадусім размова ідзе аб сыстэмах СПА, снарадах і ўдарных дронах. Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, які толькі напярэдадні быў у Кіеве, у эксклюзіўным інтэрвію «Настоящему времени» распавёў аб выніках «Рамштайн-11», кантранаступе ВСУ і аб членстве Ўкраіны ў NATO.
— Сёньня гадавіна «Рамштайна». Я хацела б пачаць з важных рашэньняў, прынятых членамі кантактнай групы. Што тычыцца просьбы Ўкраіны аб амуніцыі і СПА, ці была яна задаволеная?
— Галоўнае, што можна вынесьці з сустрэчы і сказанага саюзьнікамі NATO і партнэрамі, а таксама кантактнай групы па Украіне пад кіраўніцтвам ЗША, – гэта тое, што нам неабходна прадстаўляць Украіне яшчэ больш падтрымкі, звыш той беспрэцэдэнтнай падтрымкі, якую мы ўжо далі. Прыярытэт – гэта СПА. І толькі напярэдадні ЗША заявілі аб пастаўцы дадатковых ракет для перадавой абарончай сыстэмы Patriot. Нарвэгія і іншыя краіны пастаўляюць NASAMS. Францыя і Італія пастаўляюць SAMP-T, так што саюзьнікі надаюць усё больш падтрымкі. Але, зразумела, чым больш, тым лепей. Таму такія сустрэчы вельмі важныя. Гэта спосаб зразумець, што менавіта трэба, і атрымаць падтрымку ад саюзьнікаў NATO і партнэраў па кантактнай групе.
— Ці абмяркоўваўся сёньня плян Украіны па пачатку кантранаступу? На вашу думку, ці дастаткова УСУ ўкамплектаваныя для пачатку гэтай апэрацыі і што можа стаць адпраўной кропкай?
— Я пакіну апэрацыйныя пытаньні ўкраінцам, таму што гэта рашэньні Украіны. Мы як саюзьнікі NATO і партнэры нясем адказнасьць за тое, каб паставіць Украіне як мага больш абсталяваньня. Гэтая падтрымка мяняе сытуацыю на полі бою. Мы павінны памятаць, што Украіна змагла выцесьніць расейскія войскі на поўнач ад Кіева. Я сам быў у Бучы і бачыў зьверствы, якія тварылі расейскія салдаты. Тое ж на ўсходзе, у Харкаве, на поўдні і вакол Херсона. УСУ, іх сьмеласьць і адвага ў сукупнасьці з пастаўкамі ад саюзьнікаў і партнэраў NATO прадэманстравалі, што яны могуць вызваляць землі. Акрамя таго, з таго часу, як яны вызвалілі Херсон, мы паставілі яшчэ больш тэхнікі. Гаворка ідзе пра БТРы, БМП, пра большую колькасьць артылерыі, СПА і танкаў. Я ўпэўнены, што, калі Ўкраіна вырашыць пачаць кантранаступ, каб вызваліць тэрыторыі, яна даб'ецца посьпеху.
— Ці можа Украіна атрымаць калясальны посьпех на поле бою, улічваючы, што пастаўкі зьнішчальнікаў і дальнабойнай зброі па-ранейшаму блякуюцца партнэрамі? Як вы ведаеце, у Расеі ёсьць перавага ў паветры, а яе войска вывучыла магчымасьці HIMARS і перанесла свае лягістычныя ланцужкі за межы іх дасяжнасьці.
— Па-першае, СПА вельмі важна, і абараняцца можна і з выкарыстаньнем наземных сыстэм, і самалётаў. Цяпер мы засяродзіліся на наземных сыстэмах. Украіна атрымала зьнішчальнікі ад Польшчы і Славаччыны. Я думаю, неабходна пастаянна ацэньваць і абмяркоўваць пытаньні з новымі сыстэмамі, у тым ліку размова ідзе і аб самалётах. Думаю, самае важнае – пераканацца, што ўсе сыстэмы, якія ўжо на месцы, спраўна працуюць. А значыць, нам патрабуецца вялікая колькасьць амуніцыі, запчастак, магчымасьцей для рамонту. Мы павінны быць упэўненыя, што гэтыя тысячы сыстэм, у тым ліку СПА, працуюць так, як яны павінны. Думаю, падтрыманьне наяўных сыстэм гэтак жа важна, як абмеркаваньне новых.
— Як доўга Расея будзе захоўваць магчымасьць весьці вайну супраць Украіны?
— Я б ня стаў спэкуляваць з гэтай нагоды, таму што войны па сваёй прыродзе непрадказальныя. Мы ніколі не павінны недаацэньваць Расею. Яны даказалі, што гатовы дзейнічаць агрэсіўна ў дачыненьні да Ўкраіны. Вайна пачалася не ў мінулым годзе, яна пачалася ў 2014-м. Гэта сьведчыць толькі аб тым, што саюзьнікам NATO і партнэрам па кантактнай групе трэба быць гатовымі да таго, каб стаяць з Украінай столькі, колькі спатрэбіцца. І я сказаў напярэдадні ў Кіеве прэзыдэнту Зяленскаму, што мы падтрымлівалі Ўкраіну шмат гадоў і падтрымліваем зараз, калі яна працягвае адбівацца ад нападак Пуціна. Мы будзем з Украінай столькі, колькі трэба.
Перамога Пуціна стане ня толькі трагедыяй для Ўкраіны, але і небясьпекай для саюзьнікаў. Гэта дасьць зразумець аўтарытарным лідэрам па ўсім сьвеце, што яны могуць скарыстацца вайсковай сілай, каб атрымаць жаданае. Такім чынам сьвет стане больш небясьпечным, а саюзьнікі NATO – менш абароненымі. Я хачу сказаць саюзьнікам па NATO, што ў нашых інтарэсах, каб Украіна перамагла і засталася сувэрэннай дзяржавай.
— СМІ, у прыватнасьці Bloomberg, распаўсюджваюць са спасылкай на крыніцы інфармацыю аб тым, што францускі прэзыдэнт Эманюэль Макрон плянуе падключыць Кітай, каб пасадзіць Расею і Ўкраіну за стол перамоваў. Ці ведаеце вы пра гэтую ініцыятыву і як вы яе ацэньваеце?
— Па-першае, я лічу, што гэта павінна вырашаць Украіна, калі надыдзе зручны момант і калі ўмовы будуць прымальнымі для любых перамоваў аб будучыні Ўкраіны. Па-другое, няма прыкметаў таго, што прэзыдэнт Пуцін рыхтуецца да міру. Ён рыхтуецца да вайны. І па-трэцяе, тое, што мы ведаем, гэта тое, што, нават калі вельмі цяжка прадказаць зыход гэтай вайны, яна ўсё роўна скончыцца. Мы ведаем, што, калі яна скончыцца за сталом перамоваў, тое, што адбываецца за гэтым сталом, непадзельна зьвязана з сытуацыяй на полі бою. Так што адзіны спосаб забясьпечыць, каб прэзыдэнт Пуцін гатовы быў прыняць Украіну як сувэрэнную, незалежную дзяржаву і мець прымальнае рашэньне, гэта даць ваенную падтрымку Украіне, каб узмацніць яе пазыцыю ў любых патэнцыйных перамовах у будучыні. Гэта вырашае Ўкраіна, якія ўмовы прымальныя, а наша справа – забясьпечыць, каб Украіна мела сілу на поле бою, якая дазволіць нам атрымаць прымальнае завяршэньне і гэтай вайны.
— Сёньня раніцай вы згадалі, што ўсе саюзьнікі NATO згодныя з тым, што Украіна нарэшце павінна стаць часткай NATO. Таму я хацела б спытаць у вас: ці магчыма гэта для Ўкраіны, якія шанцы атрымаць на будучым саміце NATO ў Вільні свайго роду палітычнае запрашэньне стаць часткай NATO?
— Важна тое, што NATO вырашыла: Украіна стане членам альянсу. Я заявіў, што законнае месца Ўкраіны – у эўраатлянтычнай супольнасьці як члена альянсу. Наша падтрымка дапаможа Ўкраіне перайсьці на стандарты і дактрыны NATO, а таксама наблізіць Украіну да сяброўства ў NATO. Але асноўная ўвага зараз, вядома ж, павінна быць нададзена таму, каб Украіна пераважала і прэзыдэнт Пуцін не перамог. Нам патрэбная Ўкраіна як сувэрэнная, незалежная дзяржава ў Эўропе.
— На шляху да NATO Украіна патрабуе свайго роду гарантый бясьпекі, каб перадухіліць будучыя атакі на яе сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць. На якой стадыі знаходзіцца абмеркаваньне гэтага пытаньня цяпер, на што гатовыя саюзьнікі? Якія віды гарантый і якія краіны?
— Яшчэ рана дакладна гаварыць. Мы ня ведаем, як гэтая вайна скончыцца і калі. Калі яна скончыцца, нам трэба гарантаваць, каб гісторыя не паўтарылася, каб прэзыдэнт Пуцін ня здолеў працягваць разбураць эўрапейскую бясьпеку, пачынаючы новую вайну, працягваючы весьці вайну супраць Украіны. І таму нам трэба сесьці за стол і пачаць абмяркоўваць надзейныя структуры, дамоўленасьці па бясьпецы, якія забясьпечаць тое, што прэзыдэнт Пуцін ня зможа працягваць нападаць на сувэрэнную, незалежную дзяржаву. Я не магу дакладна сказаць, як гэта будзе выглядаць. Гэта адказнасьць для ўсіх нас – забясьпечыць, каб патэрн агрэсіўных паводзінаў з боку прэзыдэнта Пуціна спыніўся. І таму нам таксама трэба абмеркаваць, як перадухіліць гэта ў будучыні.