Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Бэрліна прайшла акцыя ў падтрымку зьняволеных беларускіх прафсаюзных актывістаў. ФОТА


Пікет у цэнтры Бэрліна ў падтрымку беларускіх прафсаюзаў, 18 красавіка 2023
Пікет у цэнтры Бэрліна ў падтрымку беларускіх прафсаюзаў, 18 красавіка 2023

Раней падобныя акцыі з удзелам мясцовых актывістаў адбыліся ў Бразыліі і Аргентыне.

19 красавіка ў цэнтры Бэрліна, каля Брандэнбургскай брамы, прайшоў пікет, арганізаваны Асацыяцыяй «Салідарнасьць» з патрабаваньнем вызваленьня беларускіх прафсаюзных лідэраў з турмаў.

Акцыю прымеркавалі да гадавіны масавых арыштаў 19 красавіка 2022 года, калі КДБ правёў ператрусы ва ўсіх офісах дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі.

У той дзень затрымалі каля 20 актывістаў, лідараў і супрацоўнікаў чатырох прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). Арышты прайшлі і ў самім прафцэнтры. Тады затрымалі старшыню БКДП Аляксандра Ярашука, яго намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтарку Ірыну Бут-Гусаім.

У выніку арыштаў, якія ішлі яшчэ цэлы месяц, затрымалі больш за тры дзясяткі прафсаюзных дзеячоў. Практычна ўсіх іх асудзілі на розныя тэрміны, ад 1,5 да 9 гадоў калёніі. Пра гэта расказаў на акцыі сябра выканкаму БКДП Павал Сакалоўскі.

Удзельнікі акцыі выставілі на Парыскай плошчы Бэрліна банэры з фатаздымкамі арыштаваных прафсаюзных лідараў і плякаты з патрабаваньнем іх вызваленьня.

У пікеце прынялі ўдзел і прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК) Эдуард Баланчук, які ў сваім выступе адзначыў пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі ня толькі з правамі прафсаюзаў, але і з фундамэнтальнымі правамі чалавека.

Рубэн Цаноф, які прадстаўляе Міжнародную сацыялістычную лігу, адзначыў і тое, што дыктатарскі рэжым стаў пляцдармам для нападу на Ўкраіну, тым самым распаўсюдзіўшы бяспраўе і аўтакратыю на суседнія краіны.

Падтрымаць патрабаваньні вызваленьня палітзьняволеных прыйшлі і дэпутаты Бундэстагу ад «Альянс 90/Зялёныя» Гэльгэ Лімбург і Бэатэ Мюлер-Гэмэкэ.

Прысуд лідэрам БКДП

26 сьнежня таксама ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, ягонага намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі ў «дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361).

Судзьдзя Валянціна Зянкевіч агучыла прысуды:

  • Аляксандру Ярашуку — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
  • Сяргею Антусевічу — 2 гады;
  • Ірыне Бут-Гусаім — 1,5 года.

Ліквідацыя незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі

Рашэньнем Вярхоўнага суду ў Беларусі 12 ліпеня былі зьліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».

14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб Свабодным прафсаюзе Беларускім (СПБ) і Свабодным прафсаюзе мэталістаў (СПМ). 18 ліпеня — аб Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.

10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненьні дзейнасьці некалькіх незалежных прафэсійных аб’яднаньняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.

Рэпрэсіі супраць лідэраў незалежных прафсаюзаў

13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 году.

Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.

«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаварылася ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG