Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бразыльскія актывісты правялі акцыю салідарнасьці са зьняволенымі лідэрамі беларускіх прафсаюзаў


Флэшмоб салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Бразыліі
Флэшмоб салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Бразыліі

Раней акцыю салідарнасьці зь беларуcкімі прафсаюзамі ля амбасады Беларусі правялі аргентынскія актывісты.

Актывісты з Бразыліі правялі акцыю салідарнасьці са зьняволенымі беларускімі актывістамі прафсаюзаў у рамках міжнароднай кампаніі, паведамляе сайт «Салідарнасьць».

Сябры бразыльскіх прафсаюзаў і партый далучыліся да патрабаваньня «Свабоды для лідараў і членаў незалежных прафсаюзаў Беларусі!».

13 красавіка аргентынскія актывісты запатрабавалі ад уладаў Беларусі вызваліць прафсаюзных лідэраў, асуджаных за выказваньне сваёй грамадзянскай і прафсаюзнай пазыцыі.

Як паведамляе сайт «Салідарнасьць», напярэдадні гадавіны масавых затрыманьняў і арыштаў лідэраў незалежных і свабодных прафсаюзаў Беларусі ў Аргентыне прайшла акцыя пратэсту, арганізаваная Сацыялістычным рухам працоўных (MST), Рабочым левым фронтам — Адзінства і Міжнароднай сацыялістычнай Лігай (LIS).

Дзясяткі ўдзельнікаў трымалі ў руках фатаздымкі, на якіх беларускія сілавікі б'юць мірных дэманстрантаў у жніўні 2020 году.

Прысуд лідэрам БКДП

26 сьнежня таксама ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, яго намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі ў «дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч.3 арт. 361).

Судзьдзя Валянціна Зянкевіч агучыла прысуды:

  • Аляксандар Ярашук — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
  • Сяргей Антусевіч — 2 гады;
  • Ірына Бут-Гусаім — 1,5 года.

Ліквідацыя незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі

Рашэньнем Вярхоўнага суду ў Беларусі 12 ліпеня былі зьліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».

14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб Свабодным прафсаюзе Беларускім (СПБ) і Свабодным прафсаюзе мэталістаў (СПМ). 18 ліпеня — аб Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.

10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненьні дзейнасьці некалькіх незалежных прафэсійных аб’яднаньняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.

Рэпрэсіі супраць лідэраў незалежных прафсаюзаў

13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 году.

Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.

«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаварылася ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG