Апрача іх, прыехалі яшчэ 15 камісараў Эўракамісіі. Украіна імкнецца, каб сёлета пачаліся перамовы аб яе ўступленьні ў Эўразьвяз.
«Сёньня адбудзецца супольнае пасяджэньне з урадам Украіны, а таксама двухбаковыя сустрэчы са сваімі візаві ва ўкраінскім урадзе», — паведаміў Ігар Жоўква, намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону @UAРазом.
Паводле яго, кіраўніцтва Эўракамісіі правядзе сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім і прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем, а трэцяга лютага адбудзецца саміт Украіна — ЭЗ.
«Гэта вельмі важна ў кантэксьце пачатку перамоў аб уступленьні (у Эўразьвяз), якія мы вельмі хочам пачаць сёлета, а каб іх пачаць, трэба атрымаць ацэнку нашага прагрэсу, ацэнку сямі рэкамэндацый, а такую ацэнку будзе фармаваць менавіта Эўрапейская камісія, тыя эўракамісары, якія сёньня прыбываюць у сталіцу», — патлумачыў ён.
Ігар Жоўква паведаміў, што саміт мусіў адбыцца ў Брусэлі, але кіраўніцтва Эўракамісіі вырашыла зьмяніць чарговасьць і правесьці яго ў Кіеве.
«На саміце будзе абмяркоўвацца ня толькі эканоміка, а таксама і нашыя палітычныя пытаньні і міжнародная супраца, будзе некалькі блёкаў: спачатку выкананьне сямі рэкамэндацый, а далей будзе і пра формулу міру (якім чынам Эўразьвяз будзе браць удзел у формуле міру); будзе, безумоўна, пра барацьбу з расейскай агрэсіяй і, у прыватнасьці, на міжнародным узроўні, а таксама пра санкцыі», — удакладніў намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.
Паводле яго, Украіна мае намер дабіцца ад міжнароднай супольнасьці ўвядзеньня да гадавіны пачатку вайны санкцый супраць Расеі ў сфэры ядзернай прамысловасьці, а таксама ВПК.
Ігар Жоўква дадаў, што па выніках саміту Украіна — ЭЗ будзе ўхваленая супольная заява, у якой будуць зьмяшчацца ўсе пытаньні — аб пачатку перамоў аб уступленьні, сэктаральнай супрацы і міжнароднай супрацы з Украінай.
«Візыт калегіі (Эўракамісіі) зьяўляецца моцным сымбалем падтрымкі Камісіяй Украіны перад абліччам несправакаванай і неапраўданай агрэсіі Расеі. Сустрэча Эўракамісіі і ўкраінскага ўраду стане магчымасьцю абмяняцца думкамі ў многіх сфэрах супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Ўкраінай, а таксама абмеркаваць будучае аднаўленьне, а таксама эўрапейскі шлях краіны. Гэта таксама магчымасьць для далейшага паглыбленьня супрацы з Украінай», — паведаміла прэс-служба Эўразьвязу.
Раней кіраўнік ураду Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль заяўляў, што на саміце 3 лютага плянуецца распрацаваць дарожную мапу эўраінтэграцыі краіны.
«Тое, што гэты саміт пройдзе ў Кіеве, — магутны сыгнал як партнэрам, так і ворагам. Перш за ўсё, мы чакаем ад саміту прамежкавай станоўчай ацэнкі нашых эўраінтэграцыйных намаганьняў. Мы хочам сфармаваць падрабязную дарожную мапу, як максымальна хутка і пасьпяхова прайсьці шлях эўраінтэграцыі — ад ацэнкі той працы, якую мы правялі пасьля атрыманьня статусу кандыдата, да пачатку прадметных перамоваў аб уступе Ўкраіны ў ЭЗ», — сказаў ён.
Праз чатыры дні пасьля пачатку вайны, у канцы лютага 2022 году, найвышэйшае кіраўніцтва Ўкраіны — прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, сьпікер парлямэнту Руслан Стэфанчук і прэм’ер Дзяніс Шмыгаль — падпісалі заяўку Ўкраіны на ўступленьне ў Эўразьвяз. У чэрвені лідэры краін ЭЗ яе разгледзелі і ўхвалілі рашэньне аб наданьні Ўкраіне статусу кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.