Радыё Свабода ў YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікуе цыкль ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.
У дванаццатай частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае пра найвялікшую загадку менскай фотагісторыі — поўную адсутнасьць у архівах даваенных здымкаў Замчышча і пра прыгожую спробу беларускіх інтэлектуалаў абараніць рэшткі Старога гораду ў 1956 годзе, а таксама пра тых, хто гэтай спробе перашкодзіў.
0:49 — ці не было разбурэньне Старога гораду наўмысным
2:14 — што падобнага ў лёсе старых цэнтраў Кіева і Менску
4:34 — якой можа быць прычына нямецкіх зносаў паміж восеньню 1943 году і вясной 1944 году
6:54 — што зьяўляецца найвялікшай загадкай менскай фотагісторыі
9:09 — як даваенны здымак вуліцы Казьмадзям’янаўскай трапіў у Беларусь у выніку спробы Берыі захапіць уладу ў СССР
16:12 — як пачынаўся знос Замчышча ў 1956 годзе
20:10 — нечаканая спроба беларусаў уратаваць Замчышча ў 1956 годзе
21:25 — геройскі чын прафэсара Міхаіла Кацара
23:25 — якой была рэакцыя ўладаў БССР на спробу ўратаваць Замчышча
27:50 — выхад на гістарычную арэну адыёзнага гісторыка Адама Залескага
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:
— У 1951 годзе генэральны плян Менску быў прыняты да выкананьня, і мы ўжо ведаем, што рэшткі Старога гораду абараніць не ўдалося. Але мы ведаем, што пасьля сьмерці Сталіна ў 1953 годзе адбылося пэўнае ідэалягічнае разьняволеньне. Ці былі нейкія спробы ўратаваць хоць нешта?
— Так, такая спроба адбылася ў 1956 годзе. Той год таксама быў незвычайны. На яго пачатку адбыўся ХХ зьезд ВКП(б)- КПСС, які разьвянчаў культ асобы Сталіна, і пачалося тое ідэалягічнае разьняволеньне.
І беларусы таксама пастараліся яго выкарыстаць. Вось як гэта было.
У БССР на пачатку таго году, калі старшынём Савету міністраў стаў Кірыла Мазураў, былі прынятыя дзьве пастановы, якія тычыліся Нізкага рынку і Старога гораду. Адна зь іх тычылася добраўпарадкаваньня Нізкага рынку, павелічэньня сквэру, пашырэньня вуліцы Калініна і ўмацаваньня берагу Сьвіслачы. А другая прадугледжвала пабудову на Замчышчы Дому спорту «Працоўныя рэзэрвы» і аднайменнага стадыёну.
У сакавіку 1956 году на Замчышчы пачалі капаць катлаван. Ён быў вельмі глыбокі, бо ў падвале Дому спорту быў заплянаваны вялікі басэйн, а гэта азначае, што адпаведныя камунікацыі і абсталяваньне павінны былі быць зьмешчаныя пад ім.
І вось якраз тады і пачалася тая прыгожая спроба ўратаваць Замчышча і рэшткі Старога гораду, якую арганізаваў і ўзначаліў доктар мастацтвазнаўства, прафэсар Міхаіл Кацар. Ён быў вялікім патрыётам Беларусі, у 1925 годзе ў сялянскай хаце Кацараў на Магілёўшчыне праводзіў лета клясык беларускай літаратуры Максім Гарэцкі. Так што яшчэ ў дзяцінстве Міхаіла Кацара даткнулася веліч нашага клясыка.
У кнізе я пішу, што ў сакавіку 1945 году Міхаіл Кацар, працуючы ў Міністэрстве культуры БССР начальнікам Інспэкцыі па ахове помнікаў архітэктуры, бачыў, якая сьцяна стаіць перад тымі, хто помнікі спрабуе абараняць. Кацар склаў пратаколы аб пашкоджаньнях менскіх помнікаў даўніны. Сярод тых пратаколаў былі і акты аб пашкоджаньнях менскага палаца Сапегаў, Дамініканскага кляштара і гарадзкой вежы былога кляштара езуітаў.
Наступны іх знос (пасьля атрыманьня ад Нямеччыны адпаведных рэпарацыяў) дапамог Кацару лепш зразумець і адчуць цынізм савецкай сыстэмы і каляніяльны статус Беларусі — у той час, напрыклад, у Пскове аднаўлялі разбураныя да падмуркаў храмы ХІІ стагодзьдзя.
Ён пачаў стукацца ва ўсе дзьверы ў СССР. Пісаў акадэмікам архітэктуры, археалёгіі і гісторыі, у дзяржаўныя ўстановы. На пачатку чэрвеня 1956 году Кацар зьвярнуўся з адчайным лістом да намесьніка міністра культуры СССР М. Міхайлава. Вось вытрымка з таго ліста:
«Уважаемый Николай Николаевич. Взываю к Вам о помощи. В БССР творится страшное варварство. На Минском замчище, в самом его центре вырыт котлован площадью около 100 на 50 метров, глубиной от 4 до 6 метров. Здесь решили строить спортздание для „Труд. резервов“. Несмотря на протесты стройку не прекращают. Одновременно с двух сторон Замковую гору разрывают экскаваторы и погружают на автомашины. Т. е. скоро гора будет совершенно уничтожена. Ведь это страшное варварство...»
Агулам летам і восеньню 1956 году Міхаіл Кацар даслаў дзясяткі лістоў з просьбай аб дапамозе аўтарытэтным савецкім навукоўцам пэрсанальна, а таксама ў розныя навуковыя ўстановы і органы ўлады Савецкага Саюзу.
І намесьнік міністра культуры СССР загадаў будаўніцтва на Замчышчы спыніць. Але беларуская намэнклятура адмовілася, і будаўніцтва працягвалася.
У мяне такое ўражаньне, што пасьля вайны ўлады БССР, з увагі на вялікія страты, якія панесла рэспубліка, і на шырокі партызанскі рух, сталі больш незалежнымі ад Масквы.
— Але, як мы ведаем, гару ўсё ж зрылі. Значыць спроба Кацара была няўдалаю. Якой была рэакцыя ўладаў БССР на гэтую барацьбу, на звароты?
— Была. Гэта вельмі цікавая старонка гісторыі Беларусі. 2 чэрвеня 1956 году «ЛіМ» апублікаваў артыкул Кацара «Патрэбны тэрміновыя меры». Там ён пісаў пра сытуацыю вакол Замчышча, але ня толькі. Пісаў, напрыклад, што ў Магілёве ўлады адмовіліся ўключыць у сьпіс помнікаў ратушу XVII стагодзьдзя, пабудаваную, як пісаў Кацар, «народнымі беларускімі майстрамі», і Ўсьпенскую царкву.
З гэтага ліста ў БССР пачалася кампанія абароны помнікаў культуры. У рэдакцыю «ЛіМу» пайшлі лісты ад музэйных супрацоўнікаў, ад навукоўцаў Акадэміі навук, ад правінцыйнай грамадзкасьці. У кнізе ёсьць цэлы агляд такіх зваротаў і публікацый. Там пісалі і пра Віцебск, і пра Полацак, і пра іншыя мясьціны.
Да кампаніі далучыліся і прадстаўнікі іншых гуманітарных сфэраў БССР. Літаратуразнаўцы Міхась Ларчанка, Юльян Пшыркоў, Рыгор Шкраба пачалі сваю барацьбу. Яны пачалі пісаць пра патрэбу рэабілітацыі членаў літаратурных аб’яднаньняў 1920–1930-х гадоў — «Маладняка», «Узвышша». Пасьля прапанавалі рэабілітаваць дзеячоў нашаніўскай пары. Пачалі пісаць пра Скарыну, які ўжо быў так парадкам забаронены пасьля вайны, пісалі, што ягоная Біблія зьявілася раней за першую расейскую кнігу. Міхась Ларчанка дапісаўся да таго, што пачаў адмаўляць агульнапрыняты ў той час тэзіс пра ўплыў расейскай культуры на разьвіцьцё культуры беларускай.
І, нарэшце, у кастрычніку 1956 году быў апублікаваны зварот, які я называю «Ліст сямі». Арганізаваў гэты зварот Міхаіл Кацар.
Далёка ня ўсе, да каго ён зьвяртаўся, той ліст падпісалі, але тыя, хто падпісаў, пакінулі прыгожае гістарычнае сьведчаньне чалавечай прыстойнасьці і адданасьці сваёй зямлі. Новы пратэст прафэсара Кацара разам зь ім падпісалі (парадак паводле апублікаванага тэксту) член-карэспандэнт АН СССР і акадэмік АН БССР гісторык Мікалай Нікольскі, член-карэспандэнт АН БССР паэт Пятро Глебка, пісьменьнік Піліп Пестрак, народны артыст СССР кампазытар Яўген Цікоцкі, народны артыст СССР Уладзімер Уладамірскі і доктар філялёгіі, дэкан філфаку БДУ Міхась Ларчанка.
Вось вытрымкі зь яго (правапісам арыгіналу):
«Беларускі народ за сваю шматгадовую гісторыю стварыў багатыя скарбы ў галіне архітэктуры, жывапісу, скульптуры і ў іншых відах мастацтва...
На вялікі жаль, пераважная большасць помнікаў беларускай культуры загінула ў час многіх войнаў, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі...
Не захавалася ў Беларусі ніводнага жылога будынка, а таксама ніводнага драўлянага збудавання, узведзенага раней XVI стагоддзя. Знішчана пераважная большасць твораў народнай разьбы па дрэву, багата аформленых кніг, выдадзеных у беларускіх друкарнях у XVI–XVIIІ стагоддзях, твораў жывапісу, скульптуры і народнай творчасці.
Нашы музеі бедныя экспанатамі беларускай культуры дасовецкага перыяду. Мы вельмі слаба ведаем сваё мінулае, сваю старажытную і сярэдневяковую культуру. Усё гэта абавязвае нас старанна збіраць, беражліва захоўваць і ўважліва вывучаць помнікі беларускай культуры.
Між тым, работа па ахове помнікаў старажытнасці пастаўлена ў нас вельмі дрэнна. Асобы, якія адказваюць за гэтую работу ў Міністэрстве культуры БССР і Дзяржаўным Камітэце Совета Міністраў БССР па справах будаўніцтва і архітэктуры, па сутнасці бяздзейнічаюць. Да гэтага часу не складзена поўнага спіса помнікаў, якія падлягаюць ахове дзяржавы, не наладжаны кантроль за тымі помнікамі, якія знаходзяцца пад аховай, не праводзіцца работа па іх аднаўленню і рэстаўрацыі...
У выніку такога безадказнага стаўлення на нашых вачах гінуць многія каштоўныя помнікі культуры... У Мінску на плошчы Свабоды знесена нядаўна ратушная вежа — выдатнае архітэктурнае збудаванне XVIІІ стагоддзя. Па-варварску знішчаюцца гарадзішчы (замчышчы) у Мінску і Віцебску...»
І вось тут у справу ўключыўся савецкі агітпроп і адпаведныя службы. З канца лета ў газэтах пачалі зьяўляцца лісты шараговых супрацоўнікаў правінцыйных музэяў, якія пісалі пра тое, што ў Беларусі разбураюцца месцы партызанскіх стаянак, зямлянкі, што трэба зьбіраць помнікі партызанскага побыту і г. д.
І тады ж упершыню на гістарычную арэну выходзіць нікому датуль не вядомы гісторык Адам Залескі, які праз больш як 40 гадоў са сваімі паплечнікамі, былымі кадравымі афіцэрамі НКВД прафэсарам А. Хахловым і дацэнтам К. Дамарадам, будуць ідэалягічна абслугоўваць камуністычны рэжым, змагацца зь нефармаламі ў 80-я гады і граміць «буржуазна-нацыяналістычную» плынь у беларускай гістарычнай навуцы ў 90-я гады ХХ стагодзьдзя.
І вось 15 верасьня 1956 году Залескі друкуе ў «ЛіМе» артыкул «Шанаваць культурныя скарбы народу», у якім заклікае шанаваць «сапраўдныя» культурныя скарбы — паясы, вышыванкі, лапці. І вось дзіва, акадэмікам не адказалі нічога, а Залескаму адказалі адразу і вельмі пазытыўна. Усе ягоныя заклікі задаволілі...
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:
- Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
- Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.